Выбрать главу

Ганна падганяе каня, а Адарка пачынае неспакойна соўгацца на месцы, потым яе правая рука міжвольна апускаецца на Дадовічышын вузельчык, пачынае абмацваць яго.

— Чаго гэта вы, мама? — пытаецца Ганна.

— А цікаўлюся, што б гэта Дадовічыха напакавала сыну?

— Ой, і не сорамна, мама!

— А чаго сароміцца, — кажа Адарка. — Я вунь якое жыццё пражыла і цябе ўзрасціла. Які ж тут сорам?

Адарка ставіць пад ногі свой вузельчык і ўзнімае вузельчык Дадовічыхі.

— Ой, мама, людзі ж бачаць!

— А адкуль яны ведаюць, дачушка, які вузельчык яе, а які мой? Што ж бы гэта? Няўжо таксама яйкі? А божа ж мой, ды гэта яблыкі! Чуеш, яблыкі! I во, ігруша адна. А там і паперчына.

Ганна маўчыць. Упершыню ўзнікае ў яе крыўда на маці.

— Няўжо, мама, як мяне вы гадавалі, то ў чужыя вузельчыкі заглядвалі?

Адарка ўздыхае і ставіць чужы вузельчык на ранейшае месца, а свой бярэ ў рукі.

Да горада дзесяць кіламетраў — вунь які шлях, і жанчыны шмат пра што паспяваюць перадумаць. Ганна думае не толькі пра пакупкі, але і пра сваё звяно, у Адаркі ж на душы тое, аб чым найбольш непакояцца маткі: як бы выгадна аддаць дачку замуж. I ўсё больш успамінаецца ёй той дзень, калі яна сядзела на лавачцы ля двара, а Ганна прывезла аванс ды зносіла мяхі, разам з самім «сакратаром камсамола». Усё больш успамінаецца, як перагукваліся яны тады ды рагаталі і як падумалася яшчэ ёй: а хто ж яго ведае, чым яно яшчэ ўсё скончыцца! Вось бы такога жаніха! Не п’е, важак у моладзі. Аднак жа і разумела яна, што Ганна Рыгору не пара, што яна ад Рыгора стаіць вунь як далёка. Успаміналіся чамусьці яе парэпаныя загарэлыя ногі, калі яна зносіла тыя мяхі. Але ж... чаму не памарыць? Марыла ж яна добра зажыць і во як быццам бы і зажыла. Добра было б, каб такі жаніх трапіўся. Рагіна Маеўская нядаўна выйшла замуж за настаўніка, дык то ж Рагіна! Яе вунь як песцілі, ды вунь як апраналі. Тая не скіне лодачкі, бо яны ёй замінаць не стануць. I не пойдзе з Міцькам на масток, няхай сабе і без лішніх думак. Там, на старане, хіба, а тут пад яе і камар носу не падточыць. Вунь колькі перабрала, пакуль выйшла. А як выйшла, дык, кажуць, ужо і сварыліся. Сам Маеўскі ездзіў уціхамірваць.

Гудуць паўз вушы правады, што нацягнуты збоч дарогі на слупах, аднамыслова цягнуцца палі са скірдамі, а на душы ў Адаркі накіпаюць ні то нейкая крыўда, ні то самотна-пяшчотныя слёзы.

У горадзе яна перш за ўсё загадае заехаць на рынак. На рынку — падвод не злічыш, плыве гоман.

— Ты тут пастой, — кажа Адарка, а я пайду, яйкі прадам.

— Толькі ж не баўся, мама, — просіць Ганна.

— Добра...

Але абяцанне дарэмнае. 3 дзесяткам яек Адарка прападае ў натоўпе гадзіны дзве. Нарэшце яна вылазіць з гурту людзей, спацелая, змучаная, але задаволеная.

— Праўда, — кажа яна. — Добра прадала — дзевяць рублёў далі. Заадно і ўсё агледзела. Тут, на рынку, вунь з таго боку і мэбля прадаецца. Давай скіруем туды.

3ноў жанчыны ўзбіраюцца на калёсы. Едуць марудна, кожную хвіліну даводзіцца крычаць. Нарэшце вось ён, магазін, з вялікімі вокнамі, за якімі выстаўлены розныя рэчы. Жанчыны доўга выбіраюць ложак, матрац, коўдру, доўга разглядаюць, радзяцца і нарэшце купляюць усё гэта. Але насіць пакупкі на калёсы яны не спяшаюцца.

— Пасля,— кажа Адарка і цяне дачку ў глыб магазіна. — Глядзі, што тут!

А за прылаўкам, на падплечніках, безліч плаццяў. I дарагіх, і недарагіх.

— Ведаеш, дачушка, давай купім табе плацце, — кажа Адарка. — I лодачкі новыя. Надзенеш вунь за тою шырмаю, там можна, ды так і паедзеш да Цупрона. Хай пабачыць, якія мы Пабірахі.

Ганна ўспыхвае: а чаму б і не купіць? Грошай жа яшчэ амаль палова засталася! Крэпжаржэтавае плацце ў кветку так і кідаецца ёй у вочы.

— Гэтае, ці што, мама?

— А хоць бы і гэтае, — гудзе Адарка. — Давай пакліч крамініцу.

За шырму яны заходзяць удваіх. Ганна ўздыхае, пазіраючы на плацце, якое трымае Адарка. Гэта ж першая сапраўдная абнова ў яе жыцці. Плацце, якое не так даўно было яе марай. Ганна надзяе яго і кажа:

— У самы раз, мама. Як на мяне пашытае.

— А ты зірні на сябе ў люстэрка, — задаволена смяецца Адарка.

Ганна глядзіць у люстэрка і не верыць вачам. Стройная дзяўчына пазірае на яе. 3 задумлівымі, прыгожымі вачамі і прыгожай усмешкай.

«Пахарашэла»,— задаволена думае пра сябе Ганна.

Тут, за гэтай самай шырмай, яна прымярае панчохі і туфлі.

— А можа зняць усё гэта, мама, — шкадуючы адзенне, гаворыць яна.

Але Адарка злосна ўзмахвае рукамі.

— Што ты, дзеўка, — спалохана кажа яна. — Гэта ж горад.

— А хто ж ложак грузіць будзе?

— Не твая справа! Знойдзем. Ну, ідзі, ідзі да калёс!

I вось зноў, як і тады, калі яна ўпершыню ішла на вячорку, Ганне робіцца ніякавата. Кожны як бы пазірае ёй у вочы, кожны як бы ведае, што гэта толькі што купленае плацце, і таму прыглядаецца. Прыглядаецца і Адарка. Няўжо ж і цяпер яе дачка горшая за другіх?

Ля прыступак магазіна Адарка заўважае дзябёлага чырванатварага дзядзьку з рыжымі даўгімі вусамі і нясмела падступаецца да яго.

— А дзядзечка, а даражэнькі,—пачынае гаворку яна. — А гэта ж купілі з дачкою ложак ды матрац, а грузіць няма з кім... На дачцы, бач, абнова. Адной мне цяжікавата будзе, то можа дапаможаце знесці на калёсы.

Дзядзька крытычна аглядае Адарку, пасля Ганну і на дзіва танклявым голасам кажа:

— А сама чаго ж не купіла?

— Паркалю, паркалю дачка купіла, — кажа Адарка і паказвае скрутак.

— А дзе ж ён, той ложак, у магазіне?

— У магазіне, дзядзечка.

— Ну, то хадзем, — згаджаецца ён і крычыць некаму ў натоўп: — Андрэй! Пачакай там мяне! _

I зноў едуць жанчыны па горадзе, сядзяць плячо ў плячо, важныя і трохі ўсхваляваныя.

— Цётачка, дзе тут рэстаран? — часта пытаецца ў сустрэчных Адарка.

Рэстаран — блізка ля цэнтра. Гэтая белая цагляная будыніна ў адзін паверх. Трохі даўгаватая, трохі нізкаватая. На вокнах і нават на шкляных дзвярах фіранкі.

— Ідзі, мама, — кажа Ганна, спыняючы каня, — а я тут пагляджу.

— Не, дочачка, трэба ісці ўдваіх. Я ўжо і забылася, што там казала Дадовічыха. Трэба ўдваіх. Толькі вось як жа з пакупкамі?

Але іх ахвотна выручае міліцыянер. Ён абяцае пасачыць за канём, за ложкам і за матрацам.

Ганна прыкметна хвалюецца, калі пераступае парог рэстарана. Яна ўспамінае Цупрона, яго звычай круціцца ля выпівалаў, дагаджаць ім і забаўляць іх, яго насмешлівыя, як на выкаце, вочы, што заўсёды паглядалі на яе з пагардаю, і ёй усё больш робіцца зразумелым, чаму Дадовічыха адмовілася наведаць яго і з якіх прычын апынуўся Цупрон во за гэтымі шклянымі дзвярыма. Божачка, ужо ж яна маладая, а колькі бачыла вось такіх на сваім шляху! Як толькі такі трохі ўзрасце і ўбярэцца ў сілу, то так і вынюхвае, дзе б зручней ды выгадней прыстроіцца. А цяжкое пакідае вось такой, як яна, або такому, як Рыгор Драздоў. I куды толькі ні забярэцца такі прайдзісвет! I ў канцылярыю, і ў рэстаран, асабліва, калі з харчаваннем нястача, і на чыгунку і чорт ма куды — каб было тое на небе, то ён і на самое неба забраўся б. Гаяна нават пабялела, калі заходзіла ў рэстаран.

За чыстымі сталамі абедалі людзі. Ганна пацягнула Адарку за рукаў.

— Пачакай, мама, дай аглядзецца.

Недалёка, справа, буфет і за ім буфетчыца. Хіба запытацца ў яе? Ганна патапталася на месцы, паглядзела на Адарку, і ўдваіх яны рушылі да шкляной аграмадзіны.

— Дзеванька, — запыталася Адарка. — А як бы пабачыць нам Цупрона Дадовіча? Ён тут ахвіцыянтам працуе, дык маці прыслала яму гасцінца, — і яна ўзняла руку з вузельчыкам.

Буфетчыца агледзела іх, паказала рукою:

— Вунь за тымі столікамі.

Але і паказваць не трэба было. 3 падносам у руках, на якім звінелі чаркі, сам Цупрон раптам вынырнуў аднекуль збоку. У белым касцюме, старанна зачасаны, прылізаны, ён так спяшаўся, што нават і не прыкмеціў аднавяскоўцаў. Ён быў п’янаваты, і гэта відаць было па яго асалавелых вачах, па рухах, і пахла ад яго адэкалонам і гарэлкай. За гэты час Цупрон неяк абмяк, шчокі раздзьмуліся і блішчэлі, як мядзяныя.