Выбрать главу

— Дык пакідаеш эсэраў? — запытаў уголас.

— Бадай. Як казаў, у свой час яны зачаравалі мяне. Ідэямі экспрапрыяцыі капіталістычнай уласнасці, дэмакратычнай рэспублікі, васьмігадзіннага рабочага дня, сацыялізацыі зямлі, павышанай стаўкі на сялян. Толькі не падабалася мне іхняя грэблівасць да нацыянальнага. А вось цяпер, калі яны разам з меншавікамі ўзялі ў свае рукі Петраградскі Савет, паставілі на ногі i падперлі Часовы ўрад, я зусім страціў веру ў ix. Яны не робяць, a толькі гавораць пра тое, што дакляроўвалі. Ды i дазваляюць Часоваму ўраду, я табе скажу, не вельмі рэвалюцыйнае... Чытаў апошнія яго пастановы — пра палякаў, пра аграрнае пытанне, пра асобныя адмены вераспавядальных i нацыянальных абмежаванняў?

— Не. Дома я нават не бачыў новых газет.

— Слова пра польскі лёс, я табе скажу, вельмі паказальнае,— сказаў Лашковіч.— Няма куды дзецца, дык Часовы ўрад, а адпаведна i «рэвалюцыянеры» з Петраградскага Савета, у тым ліку i мае «любімцы», адзінадушныя: палякі маюць права мець незалежную дзяржаву. Але даваць незалежнасць не спяшаюцца. Маўляў, няхай на гэта згодзіцца будучы Устаноўчы сход,— і, маючы добрую памяць, зацытаваў: — «Пусть союз наших чувств и сердец предварит будущий союз наших государств». Чуеш: «союз наших чувств и сердец»? Які саюз? У ваўка i ў казы? У таго, хто душыць, i ў таго, каго душаць? Вы, дабрадзеі, спачатку вызваліце ахвяру з драпежніцкіх кіпцюроў, а тады ўжо гаварыце пра саюз! I гэта, брат, сказана пра вялікі, мужны, культурны польскі народ, які стагоддзямі меў сваю дзяржаўнасць. А што тады думаюць пра нас, пра «ветвь»? Ды нічога! Лепш сказаць, на нас па-ранейшаму глядзяць як на сваё ўраджайнае поле, на багаты дзічынаю лес, а на нас, людзей, як на паслухмяных, працавітых парабкаў-карміцеляў...

Лашковіч гаварыў ціха, але гнеўна.

— Ці вось пра зямлю, пра тое, што павінна быць адно з самых важных у гэтай рэвалюцыі,— прадоўжыў.— Нідзе не дзенешся, Часовы ўрад прызнае, што ўжо многія пакаленні вясковых людзей чакаюць зямельнай рэформы, што гэты клопат — клопат усіх дэмакратычных партый. Ён, маўляў, будзе на парадку дня будучага Устаноўчага сходу. Чуеш, зноў чорт ведае што: чакайце, цярпіце — некалі нешта будзе... Нават больш — асцярожна, але пагрозліва перасцераглі: зямельная справа не можа вырашыцца нейкім захопам альбо насіллем, бо гэта ўсё кепскае i небяспечнае ў галіне эканамічных адносін...

— А што можа рашыць той Устаноўчы сход?

— А хто ведае?! Але хітрунам з Часовага ўрада i іхнім апекунам з Савета трэба манеўр, дык вось яны дружна асуджаюць царызм, дакляроўваюць рай, але ствараць яго не спяшаюцца... А пазней, як утаймуюць люд, набяруць сілу, невядома, ці пойдуць на рэформы!.. Мы ж ведаем, як пачыналіся i чым канчаліся многія рэвалюцыі ў Еўропе, у тым ліку Парыжская камуна i наш 1905-ты... Што выйграў просты народ? Ды нічога! Наадварот, набыў яшчэ большае ярмо, яшчэ большыя пакуты...

Як здалося Алесю, Лашковіч меў логіку.

— Праўда, тут, у Мінску, да вёскі пагарнуліся сацыял-дэмакраты,— сказаў Лашковіч.— Учора яны выбралі пад сваёю эгідаю Губеранскі Сялянскі Камітэт, які рашыў 20 красавіка правесці з'езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай i Віленскай губерній. Старшынёй камітэта выбралі начальніка мінскай міліцыі, нейкага Міхайлава. Я табе скажу, што гэта будзе нам косткаю ў горле, бо мы можам аддаць чужому свой сялянскі люд...

— Можа, пра вайну ўжо што-небудзь сказалі? — запытаў Алесь.

— Не. Пра яе маўчаць. Значыць, нейкага павароту не чакай. Як i ў пастанове пра адмену вераспавядальных i нацыянальных абмежаванняў. Часовы ўрад скасаваў толькі забарону на месца жыхарства i перамяшчэння, на заняты рамёсламі, на паступленні на дзяржаўную службу, на вераспавяданне ды дазволіў «употребление иных, кроме русского, языков и наречий в делопроизводстве частных обществ, при преподавании в частных учебных заведениях и при ведении торговых книг». А што гэта значыць? Драбяза! Уяўныя аблёгкі прыватнага характеру! Так што i цяпер трэба патрабаваць ды патрабаваць сваіх правоў! А то i біцца за ix! Насмерць! Таму я, відаць, перайду да вас, грамадоўцаў...

— Але i ў нас не шмат сілы, не такое ўжо моцнае апірышча...

— На жаль, твая праўда,—уздыхнуў Лашковіч.— Зрэшты, многае ўжо ўбачым заўтра. Колькі мінчукоў прыйдзе да Траецкай гары на наша свята гукання вясны, а таксама колькі збярэцца нашых сяброў i прыхільнікаў на з'езд...

2.

Пад поўдзень Муха, Лашковіч i Нямкевіч падышлі да Траецкай гары, дзе мелася адбыцца свята гукання вясны. Як моладзь i дзетвара развітваюцца з зімою ў вёсках, Алесь бачыў, а вось як гэта робяць у горадзе, не ўяўляў — разважлівы, стрыманы горад, здаецца, не схільны да нязмушаных, шчырых народных гульняў.