Выбрать главу

— Чаго буяніш, хлопча? — паўжартам, але разам з тым i непрыхільна запытаў Фрунзе. Невысокі, але трымаўся годна, рашуча каля вышэйшага на галаву Лашковіча.

— Я не буяніў бы, пан начальнік міліцыі, каб ты добра працаваў...— з выклікам адказаў Лашковіч.

Фрунзе, пачуўшы гэтае «пан», аж ускінуў галаву. Можа, скаланула, бо ў Лашковічавых словах пачуліся непрыемныя ноткі, нібы да служкі ca старога апарата.

— Ну, i дзе я кепска працую?

— Чаму нейкая сволач топча рэвалюцыйныя заваёвы, не дае права на свабоду сходаў i слова? I зусім канкрэтна: чаму рэцыдывісты не даюць правесці наша старадаўняе свята гукання вясны, пагражаюць, глумяцца над дзецьмі? Чаму сюды прывялі не толькі ix, але i нас, тых, хто не дазволіў глумленне?

— Ды не гарачыся ты, Максім,— пачаў астуджваць Лашковіча Фрунзе.— Раскажы ўсё па парадку.

— Няхай гэтая сволач раскажа, хто нацкаваў яе разагнаць народнае свята! Ды пры гэтым абражаючы наш народ!

Фрунзе павярнуўся да Клёнава i сказаў:

— Вядзіце ўсіх у свой кабінет. I ўсіх добра дапытайце. А ты, пан Лашковіч,— наўмысна падкрэсліў гэтае «пан»,— застанься, калі ласка. Я сам адпушчу цябе.

— Ну што ж, дзякую...— як толькі ўсе, апрача прапаршчыка, выйшлі, па-блазенску схіліў галаву Лашковіч.

— Ну, не задзірайся, Максім,— папрасіў Фрунзе.— Хочаш ці не хочаш, а нам цяпер прыйдзецца i супрацоўнічаць. A калі так, то давай шукаць i ўзаемапаразуменне.

— Я не хачу варушыць нашыя старый тэарэтычныя спрэчкі, Арсен,—сказаў Лашковіч, прысаджваючыся каля стала, насупраць прапаршчыка, які з цікаўнасцю за ўсім назіраў.— Але хочаш ці не хочаш, ды наспявае новы канфлікт...

— Які? — запытаў Фрунзе, садзячыся не за стол, а каля яго.— Давай пагаворым шчыра, Максім.

— Вам, Арсен, абы рэвалюцыя! З-за яе вы гатовыя на ўсё... Вы зусім не зважаеце: тут амаль дзесяцімільённы самабытны народ...

— Мы не жадаем, Максім, i твайму, як ты кажаш, самабытнаму народу міру, волі, дабрабыту?

— Не закалыхвай мяне, Арсен, прыгожымі словамі,— абарваў яго Лашковіч.— Вы, а таксама i ў саюзе з іншымі партыямі, як я паспеў разабрацца, на многае тут, у краі, у Мінску, замахваецеся. Найперш праз Мінскі Савет, а таксама i праз міліцыю. Але наколькі я ведаю, у Выканкоме Мінскага Савета няма ніводнага чалавека ад нашых партый, а то i ўвогуле беларуса. Дык вось i скажы ты мне, дарагі, як вы думаеце справядліва дбаць пра нас? Без нас саміх?

— Сапраўды, у Выканкоме Савета няма пасланцоў ад беларускіх партый,— сказаў Фрунзе.— Але мы не супраць супрацоўнічаць, скажам, з вашай БСГ. На сходах, на мітынгах мы ахвотна даём вам слова.

Лашковіч з ухмылкаю скрывіўся:

— Ну-ну! Уважылі! Дазволілі разявіць рот!

— А вы чаго хочаце? — неспадзявана ўступіў у гаворку незнаемы вайсковец.

Лашковіч павярнуўся i пільней прыгледзеўся блізарукімі вачыма: вайсковец па-ранейшаму сядзеў паклаўшы нагу на нагу. Здаецца, невысокі, таўсматы. Чарнявы, высакалобы, з шырокім раздвоеным падбародкам. Як i ўсе маларослыя, мусіць, настойлівы, самалюбівы i агрэсіўны.

«Закаўказец»,— падумаў Лашковіч, a ўголас запытаў:

— Вы — хто, васпане? Бальшавік?

— Бальшавік,— рэзка адказаў вайсковец.— Ну й што?

— Дык вось мы хочам прыкладна таго, пра што вашы лідэры шмат гаварылі да вайны...

— Дык вы сёння будзеце крычаць i лямантаваць?

— Што — для нас няма свабоды сходаў, слова? — па-ледзяному прыплюшчыў вочы Лашковіч, але вайсковец вельмі не збянтэжыўся.— Што — нам няма пра што пагаварыць? Няма чаго дабівацца для свайго затаптанага народа?

— Дык чаго ўсё ж вы хочаце?

— Людзьмі звацца...— крыху дурасліва нахіліў галаву i прыклаў руку да грудзіны Лашковіч.

— Калі ласка, канкрэтней...

— А не скажу...— ужо захуліганіў Лашковіч.— Бо не бачу ні спачування, ні разумення...

— Мацёры таварыш! — заматляў галавою прапаршчык.— Не ў прыклад сваім памяркоўным землякам...

— Памяркоўнасць, дарагі т а в а р ы ш, нікому не зашкодзіць, а вось быць баязлівымі, угодлівымі, самазнішчацца — хопіць!

— Чаго вы, Максім, думаеце дабівацца? — спакойна запытаў Фрунзе.— Давай пагаворым шчыра. Сказаць па праўдзе, я не вельмі шмат ведаю пра вашыя турботы...

— Вось пра гэта, пра што ты пытаеш, i будзе гаворка на з'ездзе,— паспакайнеў i Лашковіч.— З улікам усёй сітуацыі ў Расіі i тут.

— Я хачу, Максім, сказаць табе пра дзве рэчы,— сказаў Фрунзе.— Першае: вы маеце поўнае права сабрацца i пагаварыць пра свой боль, пра свае клопаты. Другое: будзе, аднак, недарэчна, калі ў вас, як кажа Алёша, разаўецца нездаровы сепаратысцкі рух. Ваша буржуазія, той жа Скураны, можа штурхнуць вас на такі крок. Але не дзеля затаптанага народа, а дзеля сябе. Скураны ёсць Скураны. Ён, наколькі я ведаю, быў аўтанаміст, цяпер ён ваш народны сацыяліст, загульваў i з царскім урадам, i з вамі, a апошні час вядзе каншахцікі з вамі i Часовым урадам. Пасля перавароту стрымліваў вас, а цяпер ірвецца ўзначаліць ваш рух. Чаму? Ды ён не так i не пра тое думае, як i пра што думаеце вы: Васілевіч, ты i іншыя шчырыя хлопцы...