Выбрать главу

— А пра што, выбачай, думаеш ты, стаўшы старшынёй тутэйшага сялянскага камітэта? — рэзка перабіў Лашковіч.— Ты што — селянін? Разумееш іхнія клопаты — клопаты нашых вяскоўцаў у тым ліку? Калі не ведаеш, дык скажу: недзе пад восемдзесят пяць працэнтаў люду нашага краю — сяляне. Дык найперш сяляне — касцяк нашага народа. Намагаючыся ўзначаліць сялянскі рух нашага краю, ты хоць добра ўяўляеш, чаго хоча наш селянін альбо чаго хочам мы, сялянскія дзеці? Ці табе гэта ўсё роўна? Ці табе самае важнае — адлучыць сялян ад эсэраў, ад нас, завабіць на свой бок i павесці ix за сабою?

— Селяніну, Максім, найперш трэба мір, лад, добры кавалак зямлі, павага, помач горада,— непарушна адказаў Фрунзе.

— Ты дасі мір i зямлю? — ухмыльнуўся Лашковіч.

— Гэтага трэба дабівацца ўсім разам.

— Як?

— Народ павінен сам узяць сабе тое, што яму належыць! Зямлю, заводы i фабрыкі.

— Дык гэта ж падман! Нават — правакацыя!

— Чаму? — раптоўна жорстка прыплюшчыў вочы Фрунзе.

— Па-першае, вы дазваляеце, «даеце» тое, што ўзяць самім няможна. Па-другое, калі люд пачне браць сабе сваё гвалтам, дык яго паб'юць, задушаць вялікаю сілаю! Арміяй!

— А можа, урад пачне хутчэй i справядлівей вырашаць аграрнае пытанне, калі люд сам, як вы кажаце, гвалтам, будзе браць сваё? — зноў умяшаўся ў спрэчку Мяснікоў.— А ахвяры... Што ж, можа, не абысціся без ix...

Лашковіч, здаецца, быў збіты з панталыку па гэтым сваім каронным — сялянскім — клопаце.

— Калі вы, Максім, будзеце дабівацца ўлады для сваіх паноў, мы аб'явім вам вайну...— перасцярог Фрунзе.

— Калі мы разам хісталі царызм, дык нам было па дарозе...— ухмыльнуўся Лашковіч.— А цяпер, калі царызм зрынулі, мы вам ужо лішнія, замінаем?!

— Я асабіста не хацеў бы не толькі ваяваць, але i варагаваць з табой, Максім,— з павагаю адказаў Фрунзе.— Я ведаю: ты — светлая галава, шчыры, гаротны. Але... Падумай добра, калі ласка, не спяшайся кідаць усім, у тым ліку i нам, пальчатку...

— Пагаварылі i дамовіліся!—падняўся i горка, цяжка ўсміхнуўся Лашковіч. Пакрыўдзіўся, думаючы, што былы таварыш па бядзе забыў, не цэніць усё тое добрае, што было некалі ў ix.

...Калі Лашковіч, Шуляк, Нядоля, Васілевіч i Нямкевіч вярнуліся да Траецкай гары, дык з задавальненнем убачылі: там свята гукання вясны аж гуло. Вялікія, нават агромністыя людскія гурты вадзілі карагоды, спявалі вясновыя песні, а моладзь гарэзна скакала праз вогнішча, паліла злую зіму-вядзьмарку — носьбіта ўсяго халоднага i злога на свеце...

3.

I вось наступіла для Васілевіча доўгачаканая хвіліна.

Ён адхіліў важкую аксамітную занавеску, выйшаў на прасторную сцэну i быццам не сваімі нагамі накіраваўся да некалькіх пастаўленых упрытык сталоў, накрытых зялёным сукном. Позірк яго раздвойваўся: вочы пазіралі то на блізкую апушчаную белую, а па краях чырвоную занавеску за сярэдзінаю сцэны — пасярод на шырокім белым палатне чырванелася вялікае поле, а на яго фоне, здавалася, неслася ўдалечыню постаць воіна ў шлеме на серабрыстым кані ў імклівай пагоні з узнятым над галавой мячом i шчытом з залацістым шасціканцовым крыжом,— то тут жа вочы прыварожваліся да залы, дзе, як сказала яму адна з сакратарак, Белякова, сабралася 150 землякоў не толькі з усіх неакупаваных беларускіх паветаў, але i з многіх расійскіх гарадоў. Як заўважыў, людзі на выгляд былі розныя: хто — у звычайных еўрапейскіх касцюмах, хто — у службовай форме, i нямала было тых, хто прыйшоў сюды ў вышываных кашулях i паясах. Была розная публіка i па думках i поглядах: кіраўнікі беларускіх камітэтаў помачы ахвярам вайны, беларускіх бежанскіх камітэтаў, былыя i цяперашнія грамадоўцы, а таксама члены іншых партый, беспартыйныя, «беларусы — прыхільнікі русіфікатара Саланевіча», а заадно сядзелі i «таямнічыя незнаёмыя», хто прыехаў сюды па сваёй i не сваёй ахвоце.

Васілевіч запыніўся пасярод доўгага стала, абвёў позіркам досыць запоўненую залу, намагаючыся ўтаймаваць хваляванне. Вялікім цяжарам на ім ляжала яго місія: які тон задасць ён з'езду, як будуць слухаць яго як старшыню Мінскага камітэта БСГ i тое, што яны будуць раіць. Тут няможна спатыкнуцца. Зрэшты, можа, ён i перабольшваў сваю місію, ролю гэтага з'езда, але, як i заўсёды, гаварыў i паводзіўся шчыра, з поўнай адданасцю i верыў: толькі так i трэба рабіць. Тым больш справу святую. А што сёння перад імі святая справа, ён ні кроплі не сумняваўся. Хоць i ведаў, што некаторыя мелі зусім іншы погляд.