Выбрать главу

— Ну...— нібы збянтэжыўся, а на самай справе ўзрадаваўся амбітны Скураны.— Дзякую, але гэта мы павінны рашыць разам...— Аглядзеў усіх.— Хто яшчэ каго вылучае?

— Я — за Скуранога,— падняў руку зямляк з Кіева.

— Я — таксама,— дадаў чалавек з Магілёва.

Нізкі Скураны ад душэўпага задавальнення, здаецца, аж прыпадымаўся на кукішкі, заззяў, як сонца.

Калі ён папрасіў галасаваць, то больш рук паднялі за яго. Відаць, заваражыў усіх учора, падакляраваўшы аддаць люду сваю зямлю.

Як толькі закончыўся з'езд i ўсе пачалі разыходзіцца, Муха адарваўся ад сваіх (тыя, нібы ап'янелыя, не заўважылі, што ён адышоў) i пашыбаваў на Шпітальную вуліцу. Да Дзядзі.

Муха другі раз ішоў сюды. Раней яны сустракаліся толькі ўвечар ці ўночы ў «сваім месцы», а вось учора i сёння, каб адразу ж усё ўведаць пра з'езд, Дзядзя сказаў зайсці ў яго прыстанак. Ён, як цяпер ужо выявілася, быў насупраць гарадскога саду, на першым паверсе двухпавярховай камяніцы.

На дамоўлены стук i сёння адчыніў сам Дзядзя — у тапачках i ў паласатым сіне-белым халаце, лысы, з узлямчанымі касмылямі над вушамі i на патыліцы. Зусім нізкі, прыгорблены, змарнелы.

Муха зноў з вузкага цёмнага калідорчыка ўбачыў Дзядзеву аднапакаёўку з кухняй i ваннаю. Той моўчкі запрасіў яго ў пакой, дзе былі i гасцёўня, i спальня,— i цяпер на ненакрытым круглым стале з точанымі ножкамі скупа мігцеў парафінавы каганец, пры адной сцяне стаяла старая, нічым не засланая, з выпхнутымі спружынамі канапа, а насупраць грувасціўся даўні, абламаны шэры камод, над якім вісела карціна, зноў, як i ўчора, цёмная, невыразная.

Дзядзеў аскетызм уразіў Муху. Няўжо можна цвяроза, аддана асудзіць сябе гэтак дзеля ідэі?

— Сядайце,— суха прамовіў Дзядзя i паказаў на крэсла каля стала, сам сеў насупраць.— Расказвайце.

— Я — са з'езда,— як i патрабуе Дзядзя, коратка i ясна пачаў гаварыць Муха,—З'езд прыняў пастановы, выбраў БНК, прэзідыум i старшыню.

— Паразумеліся? — ухмыльнуўся той.— Не перагрызліся?

— Ветэраны i лідэры здолелі ўтрымаць усіх у адным сілавым полі...— адказаў Муха.— Вось спіс членаў БНК, а таксама копія пастановы з'езда.

Дзядзя падсунуў бліжэй да яго каганец i буркнуў:

— Чытайце.

Муха прачытаў.

— Хм! — хітнуў галавою Дзядзя.— У прынцыпе ваша сходка — усяго толькі прыватная нарада, а па яе замашках—сапраўды, установачны з'езд з прававою асноваю... Аўтаномія, рэарганізацыя мясцовага самакіравання, банк, універсітэт, друк, школы на роднай мове... Чорт пабяры, гэта гучыць!.. Ну, а каго выбралі старшынёю?

— Скуранога.

— Як? — падняў на лоб бровы Дзядзя,— Узнялі кансерватара?

— Спадзяюцца, што памогуць руху сувязі Скуранога ў Мінску, у Петраградзе i яго вялікія грошы...

— Ну, а сам ён што?

— Рады.

— Значыць, захацеў стаць беларускім удзельным князем...

Муха, бачачы, што Дзядзя думае, замаўчаў.

— Вулкан рэвалюцыі можа выплюхнуць што хочаш...— прамовіў той.— Але няхай вашы землякі трохі пацешацца, паўпіваюцца поспехам. Трэба яшчэ болей падсыпаць ім жару, каб яны зусім страцілі развагу, пачуцці рэальнасці. A ў рэшце рэшт рэальнасць будзе суровая: паколькі амаль усе вашы «ўрадоўцы» люд не грашавіты, паколькі маёмасныя не ўсе пойдуць за вамі, то рана-позна трэба будзе пачухаць патыліцу: а дзе ўзяць грошы на ўрад i на яго апарат, на банк, на кнігі i газеты, на універсітэт, тэатры i школы? А без грошай ніхто не зможа стаць гаспадаром! Дык прыйдзецца рана-позна самім жа заваліць сваю справу, не паразумецца i перасварыцца.

Муха маўчаў, слухаў.

— Але будзем пільна трымаць i ix пад каўпаком, назіраць, як яны мітусяцца...— зларадна прамовіў Дзядзя.— Тое, што трапілі ў кіруючае ядро i вы, выдатна. Kaгo з маладзейшых, з вашых сяброў можам мы «уловить», «вспоить и воспитать» для лідэраў вашага руху, але для нашых інтарэсаў?

— Нават не ведаю,— паціснуў плячыма Муха.— Усе шчырыя, апантаныя сваёю ідэяю.

— Тады каго i як можна спакусіць? Перасварыць?

— Лашковіч схільны да гарэлкі, Шуляк — да жанчын i самалюбства, Васілевіч — да спрэчак, гарачы Нямкевіч лёгкаранімы...

— Дык i націскайце на гэтыя слабасці,— ужо не толькі параіў, але i загадаў Дзядзя.— I заадно смялей, дзейсней спажывайце свой гумар, сатыру. Усё іхняе, вартае ўвагі, але небяспечнае для нас, высміхоўвайце, апашляйце i разбурайце анекдотамі, баечкамі. Як мне кажуць, вы гэта ўмееце рабіць няблага.

— Добра,— адказаў Муха.

— Не зусім разумееце мае новыя павяленні? — усміхнуўся Дзядзя.— Не задумлівайцеся лішне, Георгі. Выконвайце — i «воздастся вам»... Усяму свой час: радзіць i паміраць, сеяць i вырываць, плакаць i смяяцца, раскідаць каменні i збіраць ix, абдымаць i ўхіляцца ад абдымкаў, шукаць i траціць, маўчаць i гаварыць, любіць i ненавідзець, час вайне i міру... Ясна?