Выбрать главу

Пасля сказаў слова Бурбіс — таксама вельмі інтэлігентны чалавек. Ён пагадзіўся з Гартным, абурыўся паводзінамі Метліна.

«Я таксама насцярожаны тым, што над намі ўзнёсся Скураны,— дадаў пасля.— Ён калі не зганьбіць, то i высока не падыме нашу справу. Іншая рэч, каб БНК узначаліў, скажам, Каганец, ён прыдаў бы руху арэол пакутніцтва, павагі i далучэння, i мы толькі выйгралі б ад гэтага».

Муха: «Я амаль з усімі ва ўсім згодзен. Толькі не падтрымліваю калег у наступным. Першае: Метліна варта было асудзіць, але не трэба было праганяць. Другое: усё ж добра, што якраз Скураны будзе кіраваць намі. Ён, багаты I ўплывовы, павінен шмат чаго дабіцца».

Шуляк: «Я лічу, што нашым калегам, выбраным у БНК, не варта ўхіляцца ад працы пад эгідаю Скуранога. Іначай мы разбурым наш рух. Але разам з тым мы, грамадоўцы, павінны не толькі назіраць ды слухацца Скуранога, a мусім i далей рабіць сваё пад сцягам нашай партыі».

Я не выступаў, слухаў іншых. Пасля, калі прамовілі ўсе ахвотнікі, зноў падняўся Васілевіч. Ён не падагульняў, толькі спытаў, ці варта прымаць нейкую рэзалюцыю. Гартны, Бурбіс i Муха сказалі, што раз гэтая сходка лічыцца ўсяго толькі нарадаю, то рэзалюцыі прымаць не трэба.

З гэтым i разышліся».

У сталіцу дабраліся ранічкай; спачатку на вакзале, а пасля i на вуліцах, па якіх ішлі пехатою, уразіліся мноству чырвоных палотнішчаў, рэвалюцыйных транспарантаў, чырвоных павязак на рукавах вайсковых i цывільных людзей, ажыўленню, што панавала ў горадзе — адным словам, па ўсім адчувалася: усюды пульсуе рэвалюцыйная кроў, узбуджанасць i прага да абнаўлення. Здавалася, нават сёлетні вялікдзень, да якога засталося ўжо некалькі дзён, будзе таксама рэвалюцыйны — як «явление» Волі i Надзеі спакутаванаму народу.

З заміраннем у душы яны вось мінулі арку i адразу пасля яе апынуліся на вялікай выбрукаванай плошчы, на якой узвышаўся вядомы ўсёй Расіі помнік — сімвал яе самадзяржаўнай улады. Хоць i церусіў дождж, стаяла паўночная сцюдзёная стынь, яны прытрымаліся, задралі галовы ўверх.

Праўда, цяпер Васілевіч, Шуляк i Нямкевіч (а яны дагэтуль не былі ў Петраградзе) не адчулі ні рабалепнасці, ні ўтрапення перад гэтым «александрийским столпом», бо ён ужо не меў таго знаку, на які быў разлічаны. Без царскай улады ён станавіўся звычайным творам культуры i мастацтва i да ўсяго гэтага не сказаць, каб адмысловым, вартым захаплення. Затое блізкі, трохі велічны, трохі панылы ў петраградскай шэрані Зімні палац хваляваў, страшыў — не столькі ўладаю, як невядомасцю адказу на іхнюю просьбу.

Пагрукваючы па бруку, яны рушылі па плошчы да парадных дзвярэй.

Пры ўваходзе ix затрымала варта. З вайсковых i цывільных людзей з чырвонымі павязкамі. Але калі яны паказалі паперыну з пячаткай, ix прапусцілі. Пасля ix пачаў распытваць у гардэробе стары важны швейцар: куды ідуць, чаго? Па шчырасці яны прызналіся.

— Необыкновенное-с дело...— таямніча буркнуў той.

Як падказаў швейцар, па шырокай мармуровай лесвіцы падняліся наверх i, трошкі паблукаўшы, натрапілі на афіцэрскую варту —малады i выцыглясты штабс-капітан затрымаў ix, паглядзеў іхнія дакументы, а тады паказаў, куды ісці.

Прыёмная міністра юстыцыі была прасторная, з крэсламі абапал сцен i ca сталом паблізу каля ўваходных дзвярэй у кабінет. На крэслах сядзелі з дзесятак мужчын i жанчын, а за сталом, за пішучай машынкаю красавалася маладая бландзінка. Павітаўшыся з усімі, да яе i падышла дэлегацыя, патлумачыла, хто яны i адкуль.

Бландзінка нічога не прамовіла, ca здзіўленнем зірнула на ix, узяла іхнюю сінюю папачку з паперамі, разгарнула яе i пачала чытаць. Яны ж паселі на вольныя крэслы. Нямкевіч сеў паблізу пажылога, спрэс лысага, з вялікімі чорнымі вусамі мужчыны.

— Так вы из Минска? — цікаўна запытаў той у Нямкевіча.

— Из Минска,— адказаў ён.

— Ну и что у вас делается?

— Что и везде. Революционное обновление.

— Фронт стоит?

— Стоит.

— Новая гражданская власть создана?

— Создана.

— А вы, местные, чего? Как я понял из вашего разговора, вы что-то вроде сепаратистское затеяли?

— Почему — сепаратистское? Хотим своего, законного.