Выбрать главу

Неўзабаве ўехалі ў Пруды, што стаялі ўздоўж рэчкі, Шуры. Яна цякла сюды з Янкавін i Крычатоў. За рэчкаю (тут нашмат шырэйшаю i глыбейшаю, чым у ix) справа, а таксама i за полем злева гусцеўся сцяною лес — акраек Налібацкай пушчы.

Пруды былі нібы з трох астраўкоў — Першая, Другая i Трэцяя, як тут казалі, вёскі. Гэты Дошчачка, да якога яны ехалі, жыў пасярод, у Другой вёсцы.

Янка разы са тры быў у Прудах, але цяпер зірнуў на ix нібы новымі вачыма. Калі ехаў на фронт, а пасля ранення — у сібірскі шпіталь i ca шпіталя дадому, дык з акна цягніка наглядзеўся на сотні, тысячы вялікіх i малых вёсак. Розныя яны былі. I вельмі шмат сярод ix было ўбогіх. А Пруды, як i Дзераўная, Налібакі альбо іхнія Янкавіны, што ні кажы, усё ж не ўбогія. Вось амаль ва ўсіх гаспадароў дагледжаныя, дзе з яловага галля, а дзе i з частаколу платы, гародчыкі, сады, амаль усе моцныя, з камлюкоў, а то i абразанага бярвення хаты, накрытыя не толькі саломаю, але i сям-там дранкаю i нават чарапіцай, з узорнай шалёўкаю на вокнах, a ў таго-сяго i з прыгожымі верандамі. Яшчэ сырыя, але ўжо чыстыя, пасыпаныя жоўтым пяском двары. Уздоўж платоў — канаўкі. Для сцёку за вёску паводкавай i дажджавой вады з дарогі. Сама дарога падсыпаная, гладкая, без ямін альбо выбоін, вялізных брудных лужын, што бываюць, як бачыў, нават у некаторых гарадах, дык ужо i цяпер, ранняй вясной, ездкая.

Цяпер левы бок вёскі, ад лесу, быў ужо зацемнены, а правы — светлы, з ружовым водбліскам у вокнах, ад сонца, што павісла над самым лесам. Дружным брэхам сустрэлі ix сабакі, а з дарогі, падымаючы гвалт, уцякалі чароды белых гусей — вярталіся дадому.

За Першаю вёскаю, на поплаве, галёкалі дзеці — гулялі ў «чыжыка». Адна каманда стаяла ля дарогі, другая — «у полі». Пачуўшы рып калёс ды ўбачыўшы адмысловую кветку на дузе, тыя, хто быў пры дарозе, задражніліся:

— Кавалер, кавалер — свінні па каўнер!

— Сват, сват — сабачы брат!

— Ото я зараз вам, падшыванцы! — незалюбіў дзядзька Стась i заляскаў на бліжэйшых пугаю. А пасля таксама задражніўся: — Фэрдусь, рэзні польку на чатыры камізэлькі!

Гэтае «Фэрдусь, рэзні польку на чатыры камізэлькі!» чамусьці здаўна ўжо найвялікшая абраза для прудзян, а таксама для дзяцей з блізкага Церабейнага.

— Смагалі, смагалі! — не здаліся дзеці, зневажаючы непачцівай для янкавінцаў мянушкаю.

Янка ўгінаў галаву, маўчаў. Ён і сам некалі, у маленстве, дражніў тых, хто ехаў праз іхнюю вёску ў сваты, не ведаючы, што прыйдзецца самому вось цярпець такія здзекі.

9.

Ix сустрэў у двары сам Дошчачка. Борздка адчыніў браму, за вобраць увёў у двор каня, а пасля распяў i рассупоніў, вынес з гумна i падсунуў каню цэбар з сечкаю.

Дошчачка быў высокі, плячысты, асілак, дый годзе, гаспадыня была да пары яму — невысокая, але таўсматая, ружовашчокая. Абое ветліва сустрэлі ў хаце, пасадзілі — дзядзьку Стася на покуце пад абразікам, Янку — пры дзядзьку.

Ix, канечне ж, чакалі: гаспадар быў выгалены, з акуратнымі вусамі, у суконным фрэнчы i галіфэ, у хромавых ботах, а гаспадыня ўвабралася ў белую хустку, доўгую шэрую сукенку i ў белы вышываны фартух. Чысценька было i ў гэтай, чорнай, хаце — пабеленыя сцены i печ, надраны рыдлёўкаю руда-чырвоны гліняны дол.

— Дзякуй-дзякуй, добрыя людзі, прысядзем,— задаволена адказваў дзядзька.— Не сакрэт, многа дзе мы паездзілі, стаміліся, дык цяпер рады i прысесці. Ды i ўпэўніліся: нідзе нічога добрага няма. Калі i ест тое, што хочам, дык толькі ў вас.

Янка ведаў, што здаўна ёсць вось гэткія адмысловыя казані пры сватанні, нават яны мусовыя, хоць на ix ніхто надта не зважае, але бянтэжыўся i, мусіць, чырванеў.

— Пасядзіце, людцэ, адпачнеце,— сказала гаспадыня, прыспеўваючы i раз за разам зыркаючы на Янку.— Раскажэце, дзе што новае чулі альбо бачылі.

— Цяпер, пані Антося, навін многа. Але радасці ад ix мала,— прамовіў дзядзька. — Ды жывеш, верыш у перамены. Таму вот i тут,— усміхнуўся.— Шукаем купецкі тавар... Маладому князю трэба маладая князёўна. А князь наш толькі па гадах, на выгляд малады, а так — ужо мужалы чалавек. Змалку да работы прывучаны, да ўсяго спрыт мае. Усё ў яго руках аж гарыць. Пайшоў на вайну — героем стаў. Быў i на возе, i пад возам, i ўпапярок, i ўздоўж. Самі бачыце, рослы, файны. Цела ад зямлі здаровае, душа ад неба чыстая. Ад яго i дзеці здаровыя, рослыя ды файныя будуць. Так што калі маеце князёўну, дык паказвайце.

— Ды нямала добрага чулі мы i пра вас, пане Стась, i пра вашага хроснага сына, пра ваш увесь род,— прамовіла гаспадыня. — Так, мы маем тое, што вы шукаеце. I можам тэж пахваліцца: маладая князёўна, як вы кажаце, i паглядная, i працавітая, i не з галотнай сям'і альбо са зганьбаванага роду.