— Можа, дазволіце, пані Антося i панна Ядвіся, закурыць,— нечакана запытаў дзядзька, дастаючы пачак цыгарэт (ён курыў самасад, а вось для сённяшняга вечара раздабыў «куплёнае»).
Дзядзькава просьба была нечаканай для Янкі: амаль усе мужчыны ў Янкавінах у белай хаце не курылі, самае вялікае смалілі на кухні, а то выходзілі (а каго i выганялі) на двор.
«Няўжо хоча фарсануць?»
— Проша, пан Стась,— адказала гаспадыня.
Дзядзька раскрыў пачак, падаў гаспадару (той адмовіўся, бо, як сказаў, не курыць), узяў цыгарэту i прыкурыў. Пусціў клуб дыму.
Першая не вытрымала тытунёвай гаркаты нявеста. Спачатку яна запырхала, а пасля зморшчылася, нібы ёй блажыла, а потым, затуліўшы рот рукою, імтанула з-за стала на двор.
— У нас у хаце ніхто не курыць, дык вот i...— здаецца, разгубіўшыся, пачала апраўдвацца гаспадыня.
— Выбачайце,— нібы засаромеўся дзядзька, наслініў палец i патушыў недакураную цыгарэту. Аднак яе не выкінуў, схаваў у разарваны пачак.— Маю дурную прывычку: абы з'еў чаго — адразу цыгарэту ў рот...
— ... не нюхала ніколі ў хаце дыму, дык вот i незалюбіла...— вяла сваё гаспадыня.
— Яно не сакрэт, усяк бывае...— ужо не пазіраючы нікому ў вочы, прамовіў дзядзька.— Адзін цыгарэтнага дыму не любіць, другі — духоў, трэці — паху газы...
— Дзе ж яна? — занепакоілася гаспадыня i неўзабаве, папрасіўшы выбачэння, таксама выйшла з хаты.
Гаспадар сядзеў моўчкі, як набраўшы ў рот вады. Пасля схамянуўся i неяк няшчыра запытаў:
— Дык, можа, пан Стась, яшчэ вып'ем?
— Не, дзякую, пан Зэнусь. Больш трох разоў не п'ю. Хваціць. I так галава закружылася,— няшчыра адказаў дзядзька.
— Можа, напаіць каня, пан Стась? — замітусіўся гаспадар.
— Зрабеце ласку, пан Зэнусь.
Гаспадар падхапіўся i патупаў з хаты. Услед за ім падскочыў, як апараны, i дзядзька, шчыльна зачыніў за гаспадаром дзверы і, нахіляючыся, зашантаў на вуха:
— Дрэнь дзялы, хлопец. Трэба даваць адгэтуль драла.
Янка здзівіўся i пазіраў на дзядзьку няўцямна.
— Нічога не зразумеў?
Янка паціснуў плячыма.
— Малады яшчэ, не хітры,— ціха прамовіў дзядзька.— Гэтая Ядвіга хацела даць табе хвігу... Яна акабечаная ўжо...
Янку раптоўна лінула кроў да галавы: ён добра ведаў, што значыць, калі гавораць, што «дзяўчына ўжо акабечаная».
— Старога вераб'я на мякіне не падманеш...— зашаптаў дзядзька.— Не першы раз у сваты маладых важу... Бачу: не выходзіць пры святле, толькі пры цемнаце паказалася... Мяса не есць... Хм, думаю, можа, i так сабе. Дай, думаю, праверу, як ужо не раз правяраў. Закуру, дым пад нос пушчу. Усё добра — дык i будзе добра. Калі грубая часамі — дык дыму не выцерпіць... A калі закурваў, дык бачу: у бацькі рукі калоцяцца. Ён жа курыць, пальцы вунь якія жоўтыя, але не хацеў цяпер курыць... Пшыкнуў дымам — бачыў, як марсянула з-за стала?! Вот цяпер сам рашай: браць з такім ужо набыткам ці не?
Янка разгубіўся, не чакаючы такіх Дошчачкавых хітрыкаў.
— Рашай. Бо мне ад твайго бацькі будзе падзяка альбо кульбака... Бярэш такую?
— Не.
— А зямля?
— Не хачу т а к о й зямлі...
— Тады трэба ўцякаць. Але ні з таго ні з сяго няёмка бегчы, калі за сталом пасядзелі, хлеб-соль узялі. Трэба нешта прыдумаць, каб апраўдацца. Іначай жа зганьбяць, яны штосьці наплятуць на нас... Ведаеш што: вазьмі зараз i брыкні на дол. Качайся, енчы, губы кусай... Увойдуць у хату — я скажу: кантузіла на вайне, дык вот падучая. Толькi, не дай бог, не зарагачы...
Янка сумеўся: зусім не хацелася прыдурнівацца ды прыкідвацца, што мае такую страшную хваробу. Уведаюць усе вакол — дык людзі будуць баяцца сустрэцца з ім на адной дарозе.
— Не бойся,— вучыў дзядзька.— I мы пра ix, i яны пра нас маўчаць будуць... Бо нікому не будзе карысці малоць языкамі адным пра аднаго...—
І, пачуўшы тупат у сенцах, зашыпеў гусаком: — Ну! Валіся! Курчся, стагні!
Янка бухнуў з зэдліка на падлогу — тварам да сцяны. Як i вучыў дзядзька, застагнаў ды закурчыўся.
— А божачка! — адразу ж пляснула рукамі гаспадыня, як толькі ўвайшла ў пакой.— А што ж з вашым маладым, пан Стась?
— Бяда, пані Антося,— завохкаў дзядзька, з сілаю мнучы яму паранены плячок, што Янка хацеў ці не хацеў, a напраўду ўжо мусіў застагнаць.— Не сакрэт, выпіў крыху, дык вот i кінула... Я ж казаў пану Зэнусю: яго параніла. Аж яго яшчэ i моцна кантузіла. У галаву. Дык, бывае, i кідае раз, а то i два разы на тыдзень...
«Ну i брахун стары!» — чуючы гэта, здзіўляўся Янка.