Выбрать главу

— О, божачка! — заспачувала гаспадыня, канечне, ужо не хочучы ўпіхнуць сваю грэшную дачку такому хвораму чалавеку.

— Трэба яго на двор вынесці,— сказаў дзядзька.

Тут жа старыя, крэкчучы, пачалі выцягваць яго на цемнаваты ўжо двор — да воза.

Спехам падзякаваўшы за пачастунак, папрасіўшы выбачэння i нават не ўспамінаючы пра запоіны, дзядзька пачаў заварочвацца i выязджаць з двара. Дошчачкі не затрымлівалі, шчыра ці хітра бедавалі, спачуваючы ды праводзячы да дарогі.

Дзядзька паганяў каня, каб той несся на ўвесь дух. I ўжо за вёскаю абурыўся:

— Эйш, хітруны! Мяне, старога вераб'я, янкавінца, хацелі абдурыць! Думалі, што аслы, словамі ласкавымі, гарэлкаю, пачастункам вочы, розум затуманяць... Не-э! Нас можна запалохаць, набіць, але нас не абхітрыш. Я хітрыкі вашы адразу ўбачыў: на губах — мёд, а на сэрцы — лёд...

У Янкі ж не было вялікай злосці на Дошчачкаў, на іхнюю спакушаную некім, можа, i салдатам дачку — наадварот, шчыра спачуваў.

— Не бядуй,— па-свойму зразумеў яго маўчанне дзядзька.— Багатырэ багатырамі, зямля зямлёй, а, не сакрэт, не надта вялікі гонар з імі парадніцца. У ix i коні, i каровы, i свінні горшыя за нашыя, i самі яны — не раўня нам, местачкоўцам... Не сакрэт, чалавека з нашай вёскі аж люба паслухаць, як ён гаворыць, а яны картавяць i гугнявяць...

Янка не згаджаўся, не супярэчыў, хоць адчуваў: дзядзька перабольшвае, наўмысна нагаворвае на прудзян. Яны такія ж самыя людзі, як i ўсе астатнія — як з Налібок, з Дзераўной, увогуле з усіх тутэйшых вёсак. Асабліва гэта добра ўбачыш, калі пабудзеш на свеце.

— Не гаруй, кажу,— супакойваў ці сам супакойваўся дзядзька.— Хлопец малады, відны — без жонкі не застанешся. Апытаем, знойдзем харошую i багатую дзяўчыну ў Налібаках ці ў Дзераўной.

10.

Зося ўведала яшчэ ўчора, што Янка сёння, на другі дзень вялікдзеня, едзе ў сваты, а цяпер вось i дапільнавала гэты момант. Што ж, ён меў на гэта поўнае права: яна замужам, зноў цяжарная, а яму не быць жа ўсё жыццё халасцяком. Але ўсё роўна забалела не толькі сэрца, але ўся душа, заслалі вочы слёзы, калі пазірала на Янку — ён, высокі, ладны, у вайсковай апратцы, у хромавых ботах, падстрыжаны, з белымі плямінамі на патыліцы i каля вушэй, угнуўшы галаву, ішоў услед за дзядзькам паперадзе бацькоў за гумно, да калёс.

У хаце была толькі братавая, Анелька, дык Зося, не баючыся i не асцерагаючыся, доўга, пакуль бачыла, праводзіла позіркам Нямкевічаў, кусаючы вусны ды тручы-тручы шурпатай далонькай правую шчаку. Калі ж адвярнулася ад акна, дык хоць на вачах было поўна нямых, горкіх слёз, убачыла: непадалёку, каля пліты, стаіць невысокая, паўнаватая, бадай, затоўстая для сваіх гадоў, нязграбная Анелька і, затуліўшы далоньмі твар, плача наўзрыд.

Хоць па-адмысловаму балела самой, але Зося адразу ж зразумела ўвесь смутак, своеасаблівы боль сваёй братавай: тая даўно ўжо тайна i аддана кахае Янку i вось перажывае, пакутуе, што малады прыгожы сусед пагрэбаваў не столькі яе багаццем, як ёю, паехаў у сваты да іншай. У чужую вёску. На нейкае імгненне ў Зосіным сэрцы варухнулася спагада, бо ўсё ж нялёгка бачыць людскія пакуты, хоць сабе i сардэчныя, але тое, што Анелька пасягае якраз на таго, каго яна ўсё яшчэ кахае, адагнала жаночую спагаду, паддало лютай злосці.

«Не, не табе, качцы, такі хлопец! — зларадна падумала.— Хай лепш дастанецца той, чужой, але не табе, нязграбніцы».

I не суцешыла, i ўголас не абразіла — пасунулася на двор. Там ззяла яркае, але не цёплае вясенняе вечаровае сонца, хораша ружовіўся небакрай, але нябеснае хараство не ўсцешыла, a яркія промні сцёбнулі святлом па вачах. Зося не плакала, яе агарнуў толькі глыбокі жаль, пранізаў цяжкі боль: усё, Янка ўжо назусім адлучаецца ад яе, будзе належаць іншай, i тая, іншая, можа, будзе за ім па-сапраўднаму шчаслівая.

Яна хутка ішла па тупкаватым ужо двары, уздоўж старога, аплеценага яловымі галінамі, плота, але не ведала, куды імкнуцца, дзе схавацца ад сваёй гаркоты. Не цямячы амаль нічога, мінула склеп, а за ім (пад адной страхою) дрывотню, хлеў, куратнік i ўвайшла ў незамкнёнае сёння гумно, нібы якраз тут, у тым месцы, куды заходзяць рэдка, можа быць яе збавенне.

«Што рабіць? — адчайна думала яна.— Як жыць далей?»

Пасля, перадумаўшы не адну цяжкую думку, апамяталася — ад свёкравага голасу. Той, па сваей звычцы гамонячы сам з сабою, зайшоў у хлеў, што быў праз сцяну, выпусціў на двор каровы. Каб спатолілі прагу да волі, да свежага паветра i сонца, каб пасля ахвотней елі i далі болей малака.

Яна асцерагалася, што свёкар зойдзе i ў гумно. Той не можа, каб не агледзець гаспадарку, калі на гадзіну-другую адлучыцца з дому. Не, сёння не зайшоў сюды. Ды чаго заходзіць? Яшчэ ж загадзя з Віцем нарэзалі повен катух сечкі, прыбралі ток.