Выбрать главу

Сядзела яна доўга, чакаючы, калі аціхне душэўны боль ды калі супакоіцца дзіця, якое таўкло i таўкло, здаецца, пад самае сэрца. Можа, i не падабаліся яму гэтыя густыя пахі, што былі ў гумне, а можа, яго верадзіў яе глыбокі, але чужы i непрыемны яму боль. Яна цяжка паднялася i нехаця пасунулася на двор.

Над Янкавінамі браўся вечар. Сонца, ужо зусім нізкае, астылае, звісла над лесам i свяціла ды грэла скупа; сумна вычэрніваліся аплецены яловым частаколам стары, мясцінамі насупраць гумна з новымі калкамі плот, старая прысадзістая яблыня за ім, нахілены, з адбітымі вугламі куратнік, а таксама стаптаны двор. Падняўшы вочы, Зося як анямела: тут, апроч маладой чырвонай, купленай у Нямкевічаў, цялушкі i старой бела-чарнавата-рудаватай «галяндэркі» з гэтакім жа, аднаго колеру, цялём стаяў i іхні вялізны «галяндэрскі» бык — лабаты, з кароткімі закручанымі рагамі, з чорнай, нібы сабранай у гармонік, шыяй, з кароткімі тоўстымі нагамі.

Яна баялася гэтага дзікуна, ніколі не заходзіла да яго ў загарадку, намагалася не сустрэцца з ім сам-насам у двары. Ён, люты, дурны, слухаў толькі аднаго гаспадара, хоць не раз тоўк, мяў i яго, а ix, кабет i Віцю, зусім не падпускаў да сябе. Цяпер бык (а ён стаяў за куратнікам) зірнуў на яе насуплена, але нібы спакойна, нават вяла, прапусціў. Яна хуценька, блытаючыся ў доўгай спадніцы, абмінула яго i паспяшалася, каб хутчэй адчыніць брамку ды вымкнуцца з гэтага «чорнага» двара ў «белы». Перад самаю ўжо брамкаю абачліва азірнулася i анямела: бык надзіва борздка рвануўся за ёю ўслед. Яна хапатліва кінулася да жалезнага выслізганага колца, каб чым хутчэй зняць яго з шулца i вушачка брамкі ды хоць крыху прачыніць брамку, але не змагла адразу прыбраць колца: яно тым, нябачным, краем зачапілася за сук альбо за цвік на вышчарбленым шуле i не здымалася.

Адчуваючы, што бык побач, Зося адскочыла ад брамкі да сцяны i ўжо несвядома, але маланкава выцягнула рукі, хочучы засланіцца ад бяды. Бык жа легка адхінуў лабацінаю яе рукі, парнуў у жывот.

Яна жахнулася — i ад болю, i ад страху. Нейкі час, не могучы выціснуць з сябе нават гуку, спрабавала адпіхнуць ад сябе вялізную магутную галаву, нават біла кулаком па белай пляміне на лабаціне, дзе была павуціна i труха, але гэтаю яе абаронаю i нападзеннем не магла даць ніякай рады. Тады ўжо сам прыйшоў ёй на выратаванне крык. А з крыкам пранізаў яе галаву, усё цела i боль.

11.

Калі вярнуліся дадому, пра няўдалыя сваты пачаў расказваць гаспадарам дзядзька Стась, а Янка, каб не слухаць ды не чырванець перад бацькамі, падаўся ў другую палавіну хаты.

Задаволіўшыся першай навіною, уведаўшы, што было ў сватах, сюды зайшла i святочна апранутая Кастуся. Цяпер, пасля вяртання з фронту дадому, Янка ўжо не грызся з ёю, як раней, да сваёй мабілізацыі. I ён, i яна перараслі ўжо дзіцячы ўражлівы, але не зусім разумны ўзрост, абое былі ўжо сталыя людзі, дык i паводзіліся ўжо сур'ёзна, як дарослыя. Але цяпер, калі Кастуся пачне распытваць яго пра сваты, падумаў ён, дык нічога болей не скажа — тым больш пра тое, што прыкідваўся кантужаным.

— Зосі вельмі блага...— ціха прамовіла Кастуся.

Ён, седзячы на канапцы, стомлена падняў галаву: што — здарылася звычайная для цяжарнай жанчыны непрыемнасць? Спатыкнулася альбо падняла што-небудзь цяжкае?

— Пад вечар бык на яе напаў,— патлумачыла Кастуся.— Напалохаў, пакалечыў, дык роды без часу пачаліся...

Ён аж падскочыў з канапы, кінуўся да акна: сёння ў Гарбацэвічаў бачыўся ўжо не скупы водбліск ад лучыны, a лілося яркае святло ад газавай лямпы.

— Нядаўна Мішукі прыбеглі. A Віця з Анелькаю вайсковага лекара прывялі,— стаўшы збоку, сказала Кастуся.

У яго, здаецца, у маленечкі камячок сціснулася, згарнулася сэрца. Ён ужо нямала бачыў людскіх смерцяў на фронце, сам быў на валасок ад яе, але, крый божа, калі памрэ Зося. Які тады будзе свет, веска без яе?! А яго жыццё?! Хай будзе яна на ўсе вякі Віцева, абы толькі жыла, абы толькі ведаць, што ёсць яна.

Неўзабаве з Гарбацэвічавых сянец мільганулася ў густым змроку невысокая постаць, прыпала да плота — i тут жа пачуўся адчайны жаночы плач. Здаецца, Зосінай маці.

— Прашу цябе,— прашаптаў Янка,— схадзі зірні, што там...

Сястра паслухмяна падалася з хаты, i хутка ён убачыў, як яна шпарка пераходзіла вуліцу, зайшла ў суседаву хату.

— Жывая...— калі вярнулася, дык суцешыла. Але тут жа заадно i настрашыла: — Нарадзіла нежывое дзіцё. Цяпер без памяці.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ