Выбрать главу

1.

Апошнія дні Фрунзе амаль не стыкаўся дома i не бачыў Соню — з раніцы ішоў у Савет i ў міліцыю, спраўляў усе свае клопаты, а потым прападаў у часцях мінскага гарнізона альбо ў навакольных вёсках. Неўзабаве павінны былі адбыцца дзве вельмі важныя падзеі — з'езд ваенных i рабочых дэпутатаў армій i тылу Заходняга фронту i сялянскі з'езд Мінскай i Віленскай губерній,— дык трэба было да ix як след падрыхтавацца, адваяваць салдат у генералаў, сялян — ад эсэраў i Беларускага нацыянальнага камітэта.

Вось цяпер прыбег у міліцыю: хутка павінен прыбыць сталічны цягнік, а разам з цягніком — дэлегацыя Мінскага Савета, што брала ўдзел ва Усерасійскай нарадзе Саветаў.

Як i дамаўляліся, Саламон Магілеўскі — член Мінскага Савета i яго Выканкома — завітаў сюды адразу з вакзала. Зайшоў вось у доўгім паліто i шырокім капелюшы, прынёс два папяровыя пакеты — відаць, літаратуру ад ЦК.

— Па вачах бачу: уражанняў процьма! —усміхнуўся Фрунзе, выходзячы з-за стала i падаючы таварышу руку.

— У-у, Міша! — пагарэзаваў госць.— Як казаў...

— Ну, без біблейскіх цытат, Сеня,— перапыніў яго Фрунзе, памагаючы распранацца.— Расказвай хутчэй пра сталічныя навіны!

— О, табе, дарагі, з Петраграда вялікае i гарачае прывітанне! I заадно ладны такі наганяй!

— Сеня, не інтрыгуй! Ты нават не ўяўляеш, як я цябе чакаў!

— Іншым разам, можа, i паінтрыгаваў бы, як ты кажаш, але сёння не магу ўтрымаць навіны,— сеў пры стале гаспадара пакоя Магілеўскі, папраўляючы чорны, з апазнавальным знакам для сваіх людзей гальштук.— У Расію, Міша, вярнуўся Ленін...

— Цудоўна! — усклікнуў Фрунзе i гарэзна, нават па-хлапчукоўску пстрыкнуў металічнаму мядзведзю па разяўленай зяпе — нібы свайму суперніку альбо нават праціўніку.

— Цудоўна-то цудоўна, Міша, але таварыш Ленін падсыпаў нам на арэхі...— падціснуў тоўстыя губы Магілеўскі.

Фрунзе запытаў позіркам: за што?

— Выходзіць, ёсць за што...— цвыкнуў Магілеўскі, трошкі скрывіўшы левую худую шчаку.— Але пачакай, раскажу ўсё па парадку. Спярша — пра Усерасійскую нараду Саветаў. На яе, як адчуваеш, з'ехаліся найбольш меншавікі i эсэры, дык рэй вялі яны. I прыгожа вяшчалі, i прынялі свае рэзалюцыі. A іменна: «абарончая» вайна, «пажаданне ўвесці васьмігадзінны рабочы дзень», «перадаць зямлю працоўнаму народу», «спыніць забастоўкі i стачкі, паколькі яны ўжо зрабілі сваё» i г. д. Выбралі прадстаўнікоў у Петраградскі Савет, зрабіўшы яго, такім чынам, цэнтральным органам Саветаў.

— Ну, a Ленін? — не выцерпеў Фрунзе.— Ён калі прыехаў?

— Трэцяга красавіка, на другі дзень вялікдзеня,— адказаў Магілеўскі.— Паколькі ён з таварышамі ехаў праз германскую зямлю i Швецыю, паколькі пайшлі на гэты конт розныя плёткі, дык Ленін апублікуе матэрыял, дзе растлумачыць, як яны дабіраліся... Чацвёртага ён прыняў нас, бальшавікоў, дык у перапынку ў кулуарах расказаў, што прыбліжаўся да Петраграда з адной думкай: арыштуюць ix ці не? Быў ашаломлены, што сустрэлі ўрачыста. З вайсковай часцю, што ўзяла «на караул». На пероне рабочы, вучань яго школы ў Ланжэмо Чугурын, уручыў яму партыйны білет бальшавіцкай арганізацыі Выбаргскай стараны. У зале вакзала спаткаў i вітаў старшыня Савета Чхеідзе. Ленін, выслухаўшы яго, аднак, загаварыў не з ім, а з бальшавікамі, а пасля выйшаў на плошчу Фінляндскага вакзала, дзе было мора народу, а сярод яго i я, грэшны, i сказаў палымяную прамову, у якой горача вітаў гэтую рэвалюцыю. Пасля, ужо ля дома ЦК i ПК РСДРП (б), мітынг працягнуўся. Ленін па просьбе натоўпу выступаў з балкона, некалькі разоў. Пасля ў ЦК ён яшчэ раз выступіў перад бальшавікамі. Выклаў тэзісы далейшага развіцця рэвалюцыі. Глыбіня аналізу i навізна пастаноўкі многіх пытанняў ашаламілі ўсіх. Разышліся ўсе далека за поўнач, трошкі прыгнечаныя, што былі не зусім дальнабачныя i нарабілі нямала памылак...

Фрунзе наструніўся, «еў» вачыма сябра.

— На сустрэчы ў ЦК Ленін запытаў, ці ёсць таварышы з Мінска, Заходняга фронту. A калі я падняўся, дык папрасіў мяне збольшага далажыць, што ў нас робіцца. Усцешыўся, што ты тут. Ён добра помніць цябе па VI з'ездзе, як i добра помніць ды ўхваляе тваю шуйскую «акадэмію» i ідэю рабочых баявых дружын. Усцешыўся, што мы рабілі i робім тут, на фронце i ў тыле. Рады, што трымаем пад сваёй эгідай Мінскі Савет i міліцыю. Пахваліў, што спрабуем склікаць Франтавы з'езд i з'езд сялянскіх дэпутатаў. Але незадаволены, што гэтак падтрымліваем Часовы ўрад, аб'ядналіся з меншавікамі i з бундаўцамі, што правялі аж два агульныя сходы з эсэрамі, дзе хацелі аб'яднацца i з імі. Аж за галаву схапіўся, калі пачуў, што мы рыхтавалі «абарончую» лістоўку разам з Саюзам афіцэраў...