— Тая лістоўка — сапраўды вялікі наш промах,— зморшчыўся Фрунзе.— Але... Як я адчуваю, Ленін карэнна мяняе нашу стратэгію i тактыку?
— Чацвёртага ён выступіў таксама некалькі разоў. Гаварыў: цяпер трэба пераходзіць да рэвалюцыі сацыялістычнай. Сацыялізм можна пабудаваць i ў адной краіне. Цяпер гэтая краіна — мы, Расія. Трэба дабівацца не парламенцкай рэспублікі, што будзе ўжо крокам назад, а дыктатуры пралетарыяту, Рэспублікі Саветаў. Галоўны сучасны лозунг — «Уся ўлада Саветам!» Адпаведна, ніякай падтрымкі Часоваму ўраду, які працягвае старую палітыку i найперш ідэю вайны, i вайны захопніцкай, рабаўніцкай. Значыць, тэзіс «рэвалюцыйнага абаронніцтва» шкодны. Далей. Для гэтага трэба ліквідаваць паліцыю, старую армію, чыноўніцтва. Чыноўнікам, якіх трэба выбіраць i змяняць у любы час, плаціць не вышэй сярэдняй платы добрага рабочага. Трэба нацыяналізацыя ўсіх зямель пры канфіскацыі памешчыцкіх зямель i перадачы ix пад кантроль мясцовых сялянскіх Саветаў. Трэба зліццё банкаў у адзін агульнанацыянальны банк i кантроль Саветаў за ім. Трэба ўвесці кантроль над грамадскай вытворчасцю i размеркаваннем прадуктаў. Трэба склікаць наш з'езд, прыняць новую праграму. Паколькі лідэры сацыял-дэмакратыі ва ўсім свеце здрадзілі сацыялізму, Ленін раіць назваць партыю камуністычнай, а таксама раіць утварыць новы рэвалюцыйны Інтэрнацыянал...
— О! —усклікнуў Фрунзе, хітнуў галавою, падняўся i ўзрушана захадзіў па кабінеце.— Сапраўды, гэта новы аналіз i новая пастаноўка пытанняў! Адпаведна, работы нам большае...
— Ты вось не выцерпеў, уразіўся...— усміхнуўся Магілеўскі.— Меншавікі, чые тэзісы Ленін не прыняў, аж пашалелі ад гэтага. Былы наш паплечнік, а цяпер яры меншавік Гольдэнберг у раз'юшанасці крычаў, што Ленін «водружает знамя гражданской войны в среде революционной демократии». Пляханаў у сваёй газеце «Единство» назваў ленінскія тэзісы «бредом». Так што, Міша, мала сказаць— большае работы. Большае — барацьбы... I, як бачыш, не толькі са старою ўладай... Я тут,— паказаў на пакеты,— прывёз важную літаратуру. У тым ліку i кіпу першага нумара адроджанай «Правды».
Фрунзе паімкнуўся да яго.
— Пакажы! Дай хоць зірнуць, як цяпер выглядае наша «Правда»!
— Ну, а чым ты тут можаш пахваліцца? — запытаў Магілеўскі, распакоўваючы адну з пасылак.
— Ды не спалі ў шапку,— адказаў ён, пільна пазіраючы на спрытныя рукі Магілеўскага.— Па-першае, урэшце змусілі франтавое армейскае начальства прызнаць салдацкія камітэты (адпаведна, паступіцца ўладай, падумаць, каб пераўтварыць хоць тое-сёе i ў арміі). Генералы ўбачылі: нельга не дапусціць палітыку ў армію, у акопах расце браджэнне, рух супраць вайны, i фронт можа выйсці з-пад ix кантролю, дык, сціснуўшы зубы, згадзіліся склікаць Франтавы з'езд i перагаварыць пра цякучы момант. Па-другое, мы выбілі ў армейскіх вярхоў спробу павесці будучы з'езд за сабою. Яны дамагаліся, каб было роўнае прадстаўніцтва афіцэраў i салдат — I і І. Мы ўламалі Саюз афіцэраў на іншы, больш справядлівы рахунак: на пяць салдат — адзін афіцэр. Хоць сярод салдат моцныя эсэраўскія настроі але можна, як лічаць у Савеце, «организовать фронт для закрепления революции, для углубления ее».
— Што ж, гэта — вялікая перамога! — згадзіўся Магілеўскі, дастаючы ўжо кіпу газет.— Ды яшчэ над генераламі!
— Пачынаем рыхтаваць i яшчэ адзін, сялянскі, з'езд. Мінскай i Віленскай губерній. Тут таксама будзе барацьба...
— Калі Ленін задае такі смелы тон, хоча бальшавізаваць ход падзей, то, канечне, сутычкі будуць немінучыя. З усімі. У тым ліку i сярод нас саміх,— сказаў Магілеўскі, выпрастаўся i падаў верхні экземпляр газеты Фрунзе. Усміхнуўся: — На, дарагі, першы нумар новай «Правды», будзь яе першым новым мінскім чытачом...
2.
З газеты «Минский голос»
ад 6 красавіка 1917 года
Мінскі камітэт Усерасійскага сялянскага саюза, абмеркаваўшы пытанне пра дзейнасць так званага «беларускага нацыянальнага з'езда» i выбранага на ім «Беларускага нацыянальнага камітэта», адзінадушна пастанавіў наступнае:
1) «Беларускі нацыянальны камітэт» ні ў якім разе не можа быць прызнаны выказнікам думак усяго беларускага народа i не мае ніякага права гаварыць ад яго імя, бо беларускі народ у асобе сваіх працоўных класаў — сялян i рабочых — у рабоце «нацыянальнага з'езда» ніякага ўдзелу не прымаў.
2) «Беларускі нацыянальны камітэт», з'яўляючыся па складзе сваім арганізацыяй маёмасных слаёў беларускага народа і асабліва памеснага землеўладання, а па характары сваіх выступленняў чыста нацыяналістычным, пагражае інтарэсам сялян i рабочых імкненнем адарваць ix, на глебе ўзмоцнена падаграваемага нацыяналізму, ад працоўных мае усёй Расіі i падпарадкаваць ідэйнаму кіраўніцтву памешчыкаў.