Выбрать главу

Распаляўся, гарэў ад злосці, хоць адчуваў: трэба супакоіцца. Іначай з разумным, разважлівым Фрунзе не паспрачаешся. Што ні кажы, той непахісны баец, спрактыкаваны палеміст, мудрэц, асоба!

Чакалі не доўга. Неўзабаве з кабінета сапраўды выйшлі два вясковыя дзядзькі — адзін у салдацкіх паношаных ботах, у шынялі, сівы, a другі ў валенках i кажушку, лысы. Абодва трымалі аблавушкі ў руках, а следам за імі крочыў гаспадар кабінета.

— Дык, можа, пан начальнік, усё ж далі б нам паперку,— азіраючыся, гаварыў дзядзька ў валенках i кажуху.

— Якую? — усміхаўся Фрунзе.

— Ну, што можна нам самім браць зямлю...

— Не, я такой паперкі даць не магу...— прамовіў Фрунзе, падняў вочы, убачыў ix, новых гасцей, i, здаецца, сумеўся.— Але вось «Правду» з адпаведным артыкулам Леніна чытайце i дзейнічайце так, як там напісана... Да сялянскага з'езда рыхтуйцеся, будзьце гатовыя смела гаварыць пра свае інтарэсы... А мы вас падтрымаем...

— Ну то дзякуем за добрае слова,— нізка схіліў галаву дзядзька ў шынялі.

Сяляне, развітваючыся, дзякуючы (чым выклікалі ярую злосць у Лашковіча), выйшлі.

— О! —усклікнуў Фрунзе.— Бачу дэлегацыю!— Падаў руку. Яны па чарзе моўчкі паціснулі яе ў адказ.— Ух, якія злыя!..

Усе змаўчалі. Фрунзе, бачачы іхнюю зацятасць, наструніўся i паказаў на ўваход у свой кабінет — прашу, калі ласка.

У пакоі каля стала сядзеў i чытаў газету знаёмы ўжо вайсковец-прапаршчык. Згледзеўшы Лашковіча, той насупіўся i халодным кіўком адказаў на іхняе прывітанне.

— Ну, чаго, Максім, гэтак распаліўся? — запытаў Фрунзе.

— А ты быў бы спакойны, каб цябе аблаялі?

— Я перасцерагаў вас: пойдзеце на вяровачцы сваіх паноў — маўчаць не будзем...

— Ну-ну!—ухмыльнуўся Лашковіч.— Toe, што мы робім, па-твойму, толькі скокі пад панскую дудку!

— A хіба не пан Скураны штурхае вас самачынна ўтвараць свае губеранскія, павятовыя, гарадскія рады ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Бабруйску, Слуцку, Маладзечна, Оршы i перахопліваць у свае рукі ўладу? А народныя ўправы па вёсках? А намер утварыць сваё войска?

— А чаму ты, дарагі, супраць усяго гэтага? — звузіў калючыя вочы Лашковіч.

— Ды таму, што ўсё гэта трэба найперш Скураному, генералу Петрыкевічу i іншай іхняй кампаніі!

— А мне, во ім,— Лашковіч кіўнуў галавою на Васілевіча, Шуляка i Нямкевіча,— лічыш, гэта шкоднае?

— Вось ты i сам, Максім, пацвярджаеш мае словы...— пераможна ўсміхнуўся Фрунзе.— Вы — панскія падбрэхічы...

— I не сорамна табе, Арсень?

— За што? — сцяў вусны Фрунзе.

— Скажы: вы — за Часовы ўрад?

— Ну, можна лічыць...

— Не, Арсень. Гавары ясна: так ці не?!

— Вымушаны супрацоўнічаць, але...

— Пачакай! — перапыніў Лашковіч.— Напомню табе сёмы нумар вашых, мінскіх, «Известий». Там чорным па беламу напісана ў вашай сумеснай з меншавікамі палітычнай дэкларацыі: «Поддержка Временного правительства во всех его шагах, содействующих сметению остатков старого режима, самое деятельное участие народа в организации властей и органов самоуправления, подготовка выборов в Учредительное собрание для установления через него демократической республики — вот пути закрепления свободного строя». Так?

Тут ужо i вайсковец адарваўся ад газеты, падняў галаву, здзіўляючыся: ну i памяць! Нават з газет цытуе!

— З песні слова не выкінеш...— згадзіўся Фрунзе.— Але...

— Патлумачу, Арсень,— перапыніў яго Лашковіч.— Значыць, вы супрацоўнічаеце з Часовым урадам. Але хто там? Рабочыя? Сяляне? Не, дарагі. Міністр-старшыня i міністр унутраных спраў Львоў — землеўласнік-мільянер, ваенны i марскі міністр Гучкоў — статскі саветнік з багатай купецкай сям'і, галава буйной маскоўскай гандлёвай фірмы, член праўлення i саветаў многіх акцыянерных прадпрыемстваў, міністр шляхоў зносін Някрасаў — прафесар i томскі домаўласнік, міністр гандлю i прамысловасці Канавалаў — буйны фабрыкант i домаўласнік, таварыш старшыні маскоўскай біржы камерсантаў... Не без капейкі ў кішэні i не ў парваных чаравіках міністр фінансаў Цярэшчанка, міністр асветы Мануйлаў, міністр земляробства Шынкароў, міністр юстыцыі Керанскі i г. д., i г. д. Ці яны, паны i буржуа, маюць права прадстаўляць інтарэсы ўсяго ўсерасійскага народа, у тым ліку i самага беднага рабочага ды сялянскага люду? Але хто, чаму даў ім права быць выказнікамі ўсяго народа i гаварыць ад яго імя?

— Ну...

— Пачакай! — Лашковіч зноў напаў на яго.— А хто сядзіць у Петраградскім Савеце? Іменна рабочыя? Сяляне? Што — з галоты, з нізоў Чхеідзе, Скобелеў альбо той жа Керанскі? Хто тут, у Выканкоме Мінскага Савета? Нізы, у тым ліку i мясцовыя,— Пазэрн, Любімаў, Магілеўскі, Крывашэін альбо ты, Арсень? Хто з вас рабочы? Селянін?