Выбрать главу

Ён націскаў настойліва — Фрунзе ўжо не спяшаўся кідаць рэплікі альбо палемізаваць. Відаць, выслухоўваў i ўзважваў усё, шукаў варты адказ. Лашковіч жа рашыў не ўпускаць спрыяльнага моманту, абрынуць на яго лавіну папрокаў:

— Нe. Вы, наколькі я ведаю, не рабочыя i не сяляне, нават не ўсе з вас выхадцы з рабочых ці сялянскіх сем'яў. Але вы чамусьці прысвойваеце сабе права гаварыць ад народнага імя. Мы ж, сяляне i сялянскія дзеці, па-вашаму, не маем голасу, нават больш — ворагі сваім бацькам. За тое, што хочам для ix волі, лепшага жыцця... Дзе ж логіка, Арсень? Ці логікі i не трэба? Абы зганьбіць, прыбраць з дарогі!

— Ды вы, сялянскія дзеці, не столькі дбаеце пра сапраўдныя клопаты сялян, колькі пра панскія сепаратысцкія амбіцыі...— умяшаўся ў гаворку прапаршчык, непрыхільна змераўшы позіркам высокага Лашковіча.

— Што вы разумееце пад сепаратызмам? — на вайскоўца ўжо накінуўся Лашковіч.— Наша законнае права на самавызначэнне? Хоць на задрыпаную аўтаномію?

— Кіньце! — махнуў той рукою.— Вы — адарваная ад народа жменька эмацыянальных экстрэмістаў! Не тое што мы, рэвалюцыянеры-інтэрнацыяналісты, але нават ваш народ вас не прызнае...

— Дык вось мы будзім яго, маласвядомага, клічам адмовіцца ад рабскай долі, клічам адчуць сябе народам, нацыяй, роўнымі сярод роўных!

— На словах гэта гучыць прыгожа...— усміхнуўся з іроніяю прапаршчык.— А на справе... Выбачайце, але што вы думаеце раўняць? Як я сам чуў, нават вашы вучоныя прызнаюць самі: ваша мова — толькі дыялект... А пра большае няма чаго i гаварыць...

— Калi мы такія бязмоўныя ўжо,— Лашковіч аж затросся ад злосці, але гаварыў надзіва спакойна,— то, будзьде ласкавы, перакладзіце: «Адхінуў фіранку i зірнуў на наваколле...»

Той сумеўся; Фрунзе з усмешкаю падміргнуў яму: папаўся?

— А гэта часамі не па-польску? — запытаў вайсковец.

— Не, дарагі,— адказаў Лашковіч. Сеў.— Гэта па-нашаму i азначае: «Отодвинул занавеску и посмотрел на окрестность». Так што, міл-чалавек, такі дыялект можа лічыцца самастойнаю моваю...

— Усё роўна, як i кажа таварыш Міхайлаў, вы шушукаецеся з панамі альбо тыя спажываюць вас...

— Дзякую за такія словы, таварыш шавініст альбо касмапаліт! — злосна падураслівіў Лашковіч.

— Хлопцы, астыньце! — загадаў Фрунзе, бачачы, як абодва палемісты наліваюцца чырванню.— Мы ж разам валілі царызм. А цяпер што — перагрызціся? — Затрымаў позірк на Лашковічу.— Дарэчы, Максім, цяпер, па прыездзе Леніна, нашы адносіны да Часовага ўрада i Петраградскага Савета зменяцца...

— А да нас?

— Цяпер рыхтуецца канферэнцыя РСДРП (б), дык, наколькі я ведаю, на ёй закранецца i нацыянальнае пытанне...

— Адчуйце, таварышы: няможна чэрства адносіцца да нечыіх пачуццяў...— паспакайнеў, міралюбна сказаў Лашковіч.— Мы ж таксама чакалі рэвалюцыі i вялікай увагі, палёгкі ад яе... I нам вельмі балюча бачыць зноў глухату да нашага болю... Ды ладна, давайце шукаць паразумення. Вось да цябе, Арсень, адразу просьба. Па-першае, як да старшыні губеранскага сялянскага камітэта. Мы таксама не хочам быць у баку ад сялянскіх клопатаў, хочам выступіць на іхнім з'ездзе. Па-другое, час ужо, Арсень, не на словах, а на справе адкарасквацца ад царскай спадчыны. Да вайны мы мелі газету, часопісы, тэатр, прыватныя школы на роднай мове. Трэба ўсё гэта, заглушанае царскім урадам, аднавіць. Самойленка, дарэчы, не супраць, каб мы ўжо з мая пачалі выпускаць сваю газету. «Вольную Беларусь». Адным з рэдактараў мае сябры даручаюць быць мне. Дык вось, як тутэйшы міністр унутраных спраў, не замінай, калі ласка...

— Згодзен.

— Дзякую, Арсень,— Лашковіч падняўся, падаў руку Фрунзе.— І ў іншым, калі ласка, будзь болей цярпімы.

— А вы, Максім, будзьце болей абачлівыя,— таксама падняўся, паціснуў руку ў адказ той.— Ідзіце ў народ, а не да паноў.

Калі Лашковіч з сябрукамі выйшаў, вайсковец падхапіўся i нервова захадзіў па кабінеце. То зашпільваў, то расшпільваў шынель.

— Міша, я не разумею цябе...— прамовіў. I досыць непрыязна.— Як часамі не разумеюць цябе i Ландар, Кнорын, Любімаў...

— Патлумач, калі ласка,— спакойна прамовіў Фрунзе, пазіраючы ў акно, за якім убіралася ў сілу вясна.

— Ты завельмі лаяльны, ты шмат дазваляеш мясцовай браціі...

— Па-першае, ты, Алёша, літаратар, то павінен разумець: нацыянальныя пачуцці — вельмі далікатная рэч,— не азіраючыся, прамовіў Фрунзе.— Да ix трэба адносіцца вельмі паважліва. Па-другое, Лашковіч — не толькі экстрэміст, за рэвалюцыйную барацьбу болей дзесяці гадоў пакутаваў на катарзе. А па-трэцяе, ён там, у Сібіры, лячыў мяне ўсякімі зёлкамі i, можна сказаць, паставіў на ногі. Дык ці магу я лупіць яму між вачэй?!