— Ты любіш паэзію, адпаведна, чалавек духоўны, высакародны. Але зразумей: там цябе Лашковіч лячыў, а тут — губіць. Усіх нас. Яны ўжо не забаўляюцца, яны...
— Нацыянальны рух — заўсёды няпростая загвоздка, Алёша...
— Павер, i я ведаю ўсе гэтыя страсці-мардасці...— Той падышоў i запыніўся збоку, зірнуў на мірныя дахі дамоў, наваколле, хораша асвечаныя не зусім цёплым, але ўжо яркім сонцам.— Таму хвалююся: рана-позна яны сур'ёзна стануць нам пасярод шляху...
— Можа, i стануць. Але трэба паводзіцца гібка, Алёша,— прамовіў Фрунзе.— Ды паглядзім, што скажуць на гэты конт ЦК, Ленін на хуткай канферэнцыі. А там, думаю, будзе гібкая палітыка...
— Але ўсё роўна трэба падпілаваць сепаратыстам рогі. Ужо на сялянскім з'ездзе, куды яны гэтак ірвуцца. Было б здорава, каб з'езд даў ім па носе...
— Трэба падумаць i пра гэта, Алёша,— сказаў Фрунзе.— Але не будзем замінаць ім адраджаць свой тэатр, друк, прыватныя школы. Іначай шмат страцім. I ў вачах інтэлігентаў, i ў вачах простата люду,— Павярнуўся, паклаў руку на плячук.— Ладна, хопіць пра тое, што не варта i перабольшваць. Давай пагаворым пра сваё. Адчуваеш, чаго я цябе сёння паклікаў?
— Даць заўвагу...
— Ну Мяснікоў! Ну характар! — матлянуў галавою Фрунзе.— Заўвагі ёсць заўвагі. Ix трэба i ўмець даваць, i ўмець выслухоўваць... Карацей, пакідай правінцыю i перабірайся ў Мінск.
— Што — заўважылі, ацанілі нарэшце? — памякчэў Мяснікоў.
— Па-першае, тут больш дзяўчат,— пажартаваў Фрунзе,— дык, можа, якая мінская красуня i спыніць тваё халасцяцкае казацтва. Па-другое, час ужо даць табе сур'ёзную работу. Я цяпер ваўсю рыхтую сялянскі з'езд, іншыя пачынаюць ваўсю дбаць пра франтавы. Ты будзеш разам з Алібегавым, Фаміным, Кнорыным, Пярно i Любімавым клапаціцца пра наш Мінскі камітэт РСДРП (б)...
— Значыць, ужо разыходзімся з меншавікамі i бундаўцамі, выходзім з «аб'яднанкі»?
— Ужо. Так хоча Ленін.
— Значыць, агаляем бальшавіцкія лозунгі, праграму?
— Адкараскваемся ад уяўных саюзнікаў.
— Слухай,— пацішыў голас госць,— а мы не настроім супраць сябе ўсе іншыя сацыялістычныя i несацыялістычныя партыі, люд? Зразумеюць нас ці не зразумеюць?
— Трэба, каб зразумелі. Трэба ісці толькі з Леніным. Троцкі, якому ты калі не сімпатызуеш, то адносішся да яго з увагай, завядзе ў тупік. Цяпер, насуперак яго тэорыі, можна дабіцца сацыялістычнай рэвалюцыі i ў адной краіне. Адпаведна, цяпер трэба націскаць на класавую барацьбу, на саюз пралетарыяту i сялянства, быць болей уважлівымі да нацыянальнага пытання.
— Я згодзен.
— Дык i выдатна! — прыгарнуў яго Фрунзе.— Пераязджай, будзем працаваць разам. I гораду, i фронту, i, думаю, сталіцы спатрэбяцца твой інтэлект, твая страсць i непрымірымасць да тых, хто супраць нас...
— Дзякую, Міша,— прамовіў той.— Скажу шчыра: я часамі падумліваў, што ты адносішся да мяне ці то скептычна, ці то з недаверам. Можа, як ты i кажаш, з-за маёй страснасці, з-за майго характару. А можа, i не толькі з-за гэтага...
— Ну й добра, што паразумеліся,— усміхнуўся Фрунзе.— Надалей нам спатрэбіцца яшчэ большы давер, яшчэ большае адзінства!
Калі выйшлі з будынка, Лашковіч маўчаў. Васілевіч жа, Шуляк, якія дагэтуль маўчалі, цяпер ажывіліся.
— Віншую! — усклікнуў Васілевіч.— Хораша адчысціў!
— Малайчына! — быў уражаны i Шуляк.— Зубасты!
Лашковіч шпарка ішоў, тыя ледзь паспявалі за ім.
— Маленькая парада, мальцы, бывалага чалавека,—-прамовіў урэшце.— Не ўпівайцеся маленькімі поспехамі, не засмучайцеся, не падайце духам ад краху. Найперш вучыцеся. Публікацыяй у «Минском голосе», а вось цяпер у палеміцы Міхайлаў даў нам добры ўрок.
— Патлумач, Максім,— папрасіў Васілевіч.
— Дарэмна, вельмі дарэмна мы пайшлі за ўмеранымі элементамі ды за нашым Мухам, неабачліва паставілі на чале нашага руху Скуранога,— сказаў Лашковіч, шпарка крочачы i трымаючы рукі ў кішэнях паліто.— Бачыце, як нам поркаюць за гэта ў вочы? Калі такое будзе i далей, то на новым з'ездзе трэба будзе выбраць новага старшыню... Не з паноў ды з багатай інтэлігенцыі, а з нас каго...
— Але ж тады адбудзецца раскол, Максім! — напужаўся Шуляк.— А па-другое, можам апынуцца i без моцнай тутэйшай падтрымкі i падтрымкі Часовага ўрада.
— Лепш раскол, лепш меншая падтрымка паноў i буржуа — больш трэба дбаць пра сваё аблічча ды пра сімпатыю нашага люду... Іначай ён зусім адхіснецца ад нас... I яшчэ. Трэба i руплівей утвараць нашы рады, управы, i хутчэй згуртаваць сваю вайсковую арганізацыю. Дзейсную, баявую. Каб стала добраю падмогаю.