— Гэта, каб ты ведаў, в я л i к а я п а л i т ы к а... —прамовіў Муха.— A ў яе — сваё разуменне ісціны, праўды, гуманізму, разліку. У яе свае — нам непадуладныя — мэты i сродкі... Нехта дзеля сваёй перамогі не дае есці люду, злуе, нервуе яго i нацкоўвае на цара і ўрад...
— Канечне, ты маеш усюды вялікія сувязі, шмат чаго ведаеш,— прызнаўся Васілевіч.— Але ў тое, што ты гаворыш цяпер, цяжка паверыць. Як кажуць, не ўкладваецца ні ў галаве, ні ў сэрцы!
— Хочаш — вер, хочаш — не,— усміхнуўся Муха.— Я ж не магу паказаць табе пэўнай паперкі, пацвердзіць. Кажу тое, пра што чуў ад іншых альбо што бачыў сам.
— Гэта — жах! — пляснуў далоньмі Васілевіч.— Гэта — мала сказаць, кашчунства!
— Думаю, дарагі, што i вайну яны пачалі, вядуць таксама з-за сваіх карыслівых мэт,— уздыхнуў Муха.— Завельмі ж шмат у тым, што адбывалася i адбываецца, дзіўнага i незразумелага... Хоць, зрэшты, усе войны дзіўныя i незразумелыя...
— Жах! — не мог супакоіцца Васілевіч.
— Для цябе — жах, а для некага —дабрачыннасць, крок наперад, да перамогі... Але не будзем пра гэта. Мы ўсяго не ведаем, дык усяго i не зразумеем, не ацэнім як след. Я вось думаю пра іншае. Ну добра, галодны, азлоблены люд выйшаў на вуліцы, забунтаваў. Але што з гэтага будзе? Стыхія разальецца, знясе самадзяржаўе альбо цар зноў утаймуе яе?
— Цяпер — не 1905-ты! — сказаў Васілевіч.— Цяпер — іншае.
— Вось іменна: іншае, новае, i найперш у тым, што ідзе вайна, вораг пад бокам...
— Як ты кажаш, мы не ведаем усяго,— сказаў Васілевіч.— Але адчуваецца: народ скалане імперыю, як яе скалануў у студзені землятрус.
— Гэта — іншы, браце, землядрыг,— уздыхнуў Муха.— Той скалануў толькі Пяцігорск ды Камчатку, а гэты можа затрэсці ўсю імперыю... I не толькі патрэсці. Але i многае разбурыць.
— Ты што — баішся рэвалюцыі?
— Не. Я баюся, каб народны гнеў лішне не выліўся з берагоў. Ён можа змыць не толькі самадзяржаўе, але i ўсё...
Муха нечакана падняў тонкі, гладкі, бліскучы карычневы кій з круглым чорным шарам (гэты шар аплятала змяя, спрабуючы ўзяць кончык хваста ў свае зубы) i затрымаў ім Васілевіча: якраз пачалі пераходзіць Петрапаўлаўскую вуліцу, а ззаду кацілася на ix з горкі аўтатаксі. Яны адступілі, прапусцілі нізкую, на высокіх колах чорную машыну, што ціхенька вуркатала i пыхкала горкім дымам. Пасля перайшлі вуліцу i паблізу аўтатаксі, што запынілася каля высокага электрычнага слупа з падпоркаю, увайшлі ў Аляксандраўскі сквер.
Там, пa расчышчанай ад лёду i снегу алеі, каля капліцы, а далей i каля маўклівага цяпер фантана — малога пазалочанага хлопчыка з пазалочаным лебедзем, які імкнуўся ўзляцець i падняць з сабою дзіця, паходжвалі ці сядзелі на лаўках гулякі. Некаторыя мужчыны былі з кабетамі. Можа, прагульваліся тут, перш чым зайсці ў блізкі кінатэатр «Эдэн».
Моўчкі прайшлі па алеі ў канец сквера: перад імі насупраць, за скрыжаваннем Падгорнай i Скобелеўскай вуліц, стаялі старыя, крыху пакошаныя платы, высокія дрэвы, абселыя драўляныя хаціны, што абляпілі ўзбоч Падгорную вуліцу аж да Свіслачы i гарадскога саду. Паблізу, ля крайняй хаціны, стаялі запрэжаныя сані-развалы, а ля ix гаманілі два мужчыны: відаць, вясковы госць (у валенках i кажуху) i мінчук-гаспадар (у ботах, касцюме, без шапкі). Абодва былі вясёлыя, як на свеце не адбывалася ні вайны, ні трывожных падзей. Можа, адзін удала прадаў што-небудзь, другі — купіў, дык i па-зямному, па-чалавечаму радаваліся ўдачы. Злева высіўся i на фоне вясковых хацін файна вабіў вока прыгожы комплекс Архірэйскага падвор'я. Мінск, як многія прызнаюцца, вельмі хораша аздабляюць яго шматлікія цэрквы i касцёлы.
— Калі людскую стыхію можна будзе ўтаймаваць, то гэта добра, дарагі, a калі не, то...— задумліва прамовіў Муха, а пасля перавёў гамонку зусім на іншае: — Калі едзе на поўдзень Багдановіч?
— Заўтра,— адказаў Васілевіч.— Хоць i не хоча ехаць.
— Будзеш ісці праводзіць, дык пакліч i мяне,— прамовіў Муха, даючы знак, што ён павінен ісці адгэтуль па сваіх клопатах.— Я таксама хачу з ім развітацца.
2.
Васілевічава ўзбуджэнне новымі петраградскімі падзеямі перадалося i Муху.
Праўда, ён, чалавек разважлівы, стрыманы, гэтак не ўспыхнуў, не ап'янеў ад хмельных навін — толькі асвяжыў розум, думы, пачуцці і... занепакоіўся. Сапраўды, як i куды хлыне народная гнеўная паводка? Як пачне паводзіцца паліцыя? Што скажа армія? Як зладзяць тыя, хто павінен спажыць абурэнне, гнеў, рашучасць i гатоўнасць узяць у рукі зброю?!
Трэба ўведаць пра ўсё гэта больш. Дзеля гэтага Муха рашыў зайсці на хвілiну-другую ў бібліятэку губеранскага праўлення, дзе служыць Сымон Маркавіч Штэйн, «абруселы немец», «шчыры рускі патрыёт», як гаварылі некаторыя знаёмыя, жартам, з лёгкай іроніяй называючы таго за вочы Дзядзем.