Выбрать главу

Падышлі да невялікага прывакзальнага скверыка. Па ім туды-сюды шнураваў люд, каля адной з лавак сіратліва стаяла маленькая Лашковічава маці, з нейкаю адрачонасцю пазіраючы на чужы ей горад.

— Выбачай, мама, затрымаліся троху,— усміхнуўся Лашковіч, узяў з лаўкі яе хатулёк,—Хадзем. Вунь якраз падыходзіць вагон. Паехалі, мальцы, разам. Гарбаты з малінаю пап'ём, пагутарым...

— Проша, дзеткі,— запрасіла i маці, адчуваючы ўжо душою, што гэта не панічы, а шчырыя сынавы сябры.

Неўзабаве яны ўжо стаялі на пляцоўцы вагона, які цягнула тройка рыжых коней. У салон не пайшлі: там скупіліся афіцэры, багата апранутыя цывільныя мужчыны i кабеты, i тыя маглі збянтэжыць сарамлівую Лашкевічаву маці.

4.

Да Алеся Нямкевіча — а ён разам з Лашковічам уладкаваўся ў губеранскую земскую ўправу — зайшла зямляцкая дэлегацыя.

— Вось дзе яны цяпер, галубкі! — першы ўвайшоў, расставіў рукі i закрочыў да ix былы сябра па семінарыі, налібацкі настаўнік, а цяпер прапаршчык рускай арміі Лямбовіч. Быў перад вайною гладкі таўстун, з «марцаўскімі» вачыма, такім i застаўся.

Услед за ім нясмела ступіў яшчэ адзін некалішні семінарыст, былы прудскі настаўнік, а цяпер таксама прапаршчык Кірыковіч. Ён, ступіўшы ў пакой, толькі буркнуў «добры дзень», асцярожна запыніўся каля вушака i не падымаў вачэй — можа, саромеўся, што некалі, перад судом i на судзе, не толькі бэсціў сваё «местничество», але i нагаворваў на Алеся, стараючыся выбавіцца ад турэмнага зняволення.

Апошнія зайшлі Алесевы аднавяскоўцы, лічы, яго непрыяцелі: былы іхні пісар Дзяжко, паштавік Гарбуковіч i старастаў сын Уладак Дземідовіч. Цяпер Дзяжко, таўсматы, адкормлены, з лянотна-хітрым позіркам, быў у наглянцаваных ботах, у дыхтоўным галіфэ i гімнасцёрцы з кішэнькамі, падперазаны папругаю з арлом на спражцы, з дзвюма лычкамі на пагонах. Гарбуковіч, па-ранейшаму тонкi, худы, як вялены высахлы лешч, ад таго, здаецца, яшчэ болей зрыжэлы, панурысты, быў у простай гімнасцёрцы, падперазаны папругай без спражкі i арла — на рэмені быў звычайны жалезны чатырохкутнік з язычком пасярэдзіне, а на пагонах святлелася па адной лычцы. Высокі, узмужалы, толькі з яшчэ болей выпхнутымі пярэднімі зубамі, Уладак Дземідовіч меў званне фельдфебеля, крыж на грудзіне.

Алесь абняўся i пацалаваўся з Лямбовічам. З астатнімі павітаўся толькі за руку, стрымана.

— Ці не са з'езда, мядзведзь? — запытаў у Лямбовіча Лашковіч, радуючыся, што бачыць гультаяватага, цынічнага, але вясёлага сябрука.

— Так точна! — лагодна ўсміхнуўся той, а пасля пачаў з гумарам расказваць пра з'езд, дзе, па яго словах, «вайскоўцы, цывільныя шмат лямантавалі, грызліся, але ўрэшце ўхвалілі рэвалюцыю, Часовы ўрад, i тыя, каму трэба, асядлалі Заходні фронт...».

5.

Бацька, седзячы на страхарцы, скінуў долу, у прасторную, амаль без сена, загарадку яшчэ адзін ахапак старой кулявой саломы. Той гупнуўся на аголены насціл з плашак, пыхнуў сухім i горкім пылам. Бацька моўчкі паглядзеў праз дзірку ў пустое гумно, а пасля пачаў браць з калень верхнюю, счарнелую, а то i пазелянелую салому i рассцілаць яе на голыя латы, падтыкаць пад повязкі — канечне, крыў ужо рэдзенька, абы схаваць дзірку на страсе. Калі залатаў, злез i, зайшоўшы ў гумно, сумна зірнуў угору, на страху — тая свіцілася, як рэшата.

— Во дажыліся!—уздыхнуў, пахітаў галавою стары Нямкевіч, падбіраючы старую салому i носячы да сячкарні, ля якой невялікаю горкаю ўжо ляжала назбіваная касою на ўзмежках i ў маладым лесе леташняя трава, невялікі шчынак-ахапачак сена, а таксама назразанае маладое хваёвае голле,— усё, што можна было рэзаць на сечку, каб не даць злегчы карове, каню, авечцы, барану i цяляці, датрымаць ix на нагах да выгану ў поле.

Бацька маўкліва накладаў мяшанку ў карытца, а Янка з Кастусяю круцілі кола, пазіраючы, як пырскае ад вострых нажоў рознакаляровая сечка, ападае ўніз i запаўняе жолаб.

Пасля, калі ўсё перачыкалі, бацька перамяшаў зрэзанае, выкінуў найбольш тоўстыя кавалачкі хваёвага голля і, прынёсшы з хлява невысокі, але шырокі цэбар, насыпаў у яго сечкі — каб цэбар занесці ў хату i там пакінуць яго на ўсю ноч. Калі яны, людзі, скропяць гэтую мяшанку-трасянку, дык тады ахвотней яе есць быдла.

Калі неслі па двары цэбар, ix сустрэў бацькаў брат, Стась. У святочных хромавых ботах i ў новым кажуху. Ён, справіўшы ўжо такую ж работу, зайшоў па ix. Каб разам ісці на аб'яўлены Сяргеенкам агульнавясковы сход.