Праз хвіліну-другую ўжо разам выходзілі з двара. Якраз у гэты час выбліснула пасярод шэрага неба сонца, падзалаціла блізкі лес, пацягнутую далікатнаю зелянотай аселіцу, мокрыя стрэхі, ліпы — усе гэтыя дні ішоў дождж, ірваў вецер, толькі вось сення ўрэшце суцішылася непагадзь. У людскіх садах каля шпакоўняў i на галінах вулічных ліп свісталі шпакі, ціўкалі вераб'і — можа, i ад сонечнага пробліску ў слоту,— а можа, ад таго, што іхнія самачкі пачалі ўжо рабіць першую кладку. Чуйна пахла ў паветры ажылай зямлёю, яшчэ маладой зелянотаю — каля дарогі i каля плота ажылі падарожніца, крапіва, а на дрэвах набухлі пупышкі. Асабліва яны, як убачыў Янка ў Касцюкевічавым гародчыку, былі буйныя, амаль ужо зялёныя на чорнай парэчцы, ці, як гаварылі ў Янкавінах, на быках.
Вясна. Уладарна ідзе вясна. Ужо хутка Юр'е — часіна, калі «адмыкаецца зямліца, выпускаецца расіца», гэта значыць, калі абудзіцца жыватворная сіла. У гэты дзень у Янкавінах звычайна выганяюць статак на «Юр'еву расу», ідуць на поле, каб паслухаць, «пра што гаворыць жыта», а крыху пазней пачынаюць ужо i выязджаць на сваю палоску з плугам. Праўда, сёлета, паколькі ў многіх няма сена, выгналі жывёлу на пашу раней тэрміну.
Старыя запыніліся каля сядзібы Касцюкевіча: гаспадар i яго суседзі, Кузёмка з двума сынамі-падлеткамі, Навіцкі, падымалі на вяроўках i цягнулі ў хлеў вялікую чорна-белую карову. Час ад часу тая спрабавала ўстаць сама, але тут жа i падала; у тую хвіліну, калі яна зноў падхоплівалася, падымалі яе i мужчыны, валаклі крыху наперад, але як толькі яна зарывалася мызаю ў зямлю, дык сваёй важкасцю абцягвала i вяроўкі, як ix ні намагаліся не адпусціць людзі. Ад бяссілля карова жаласна мычэла, i ад гэтага яе немага рыку пераварочвалася душа — бедная жывёліна невінаватая ж, што аслабла ад голаду.
Стары Нямкевіч накіраваўся памагчы Касцюкевічу, але той махнуў рукою: не пэцкайцеся, ідзіце, самі паціху ўправімся.
Падняўшыся на груд, дзе справа стаяў Сяргеенкаў дом, накрыты белай, цяпер вільготнай, але з сухою плямімаю каля коміна бляхаю, а амаль насупраць яго была воласць, Янка аж разгубіўся. На Сяле, дзе жылі Чорныя, амаль цалкам садраная салома са стрэх, дык цяпер, у сонечную часіну, сіратлівыя жоўта-белыя латы i кроквы рэжуць вочы чымсьці гвалтоўным для ўвогуле акуратных Янкавін.
— Што сказалі б на гэта нашы бацькі i дзяды, каб падняліся з магіл?! — пахітаў галавою стары Нямкевіч, пазіраючы на стрэхі.
— Давялі да галечы дык давялі! — паўздыхаў i дзядзька Стась.
У валасной зборні, куды яны неўзабаве зайшлі, было ўжо шмат люду. Па-першае, даўнавата ўжо не склікалі вясковых сходак (апошні раз сыходзіліся тады, калі думалі гнаць у бежанцы), па-другое, усе хацелі пачуць, якія ж навіны прывёз пасланец мінскага павятовага камісара. Учора, як гаварылі, быў такі ж сход у Налібаках, куды прыехалі два «агітатары аж з Петраграда», «бальшавіке», яны падвучвалі «праганяць старых валасных старшынь i выбіраць новых», а таксама гаварылі, што «каб даць людзям зямлю, трэба яшчэ адна рэвалюцыя», але ix, «падбухторшчыкаў», ледзь не пабілі афіцэры, якія цяпер кватаруюць у Налібаках. Кажуць, «петраградскія бальшавіке» накіраваліся з Налібак на Пруды, а адтуль пададуцца да Івянца i Мінска. A ў Дзераўной, гаварылі, пазаўчора былі агітатары з Мінска, з нейкага «Савета», i «тэж узбунтавалі люд».
Калі ў валасную «залю», у зборню, а таксама i ў калідор пачалі шыцца не толькі янкавінцы, але i раскватараваныя па вуліцы салдаты з запаснога батальёна, задымілі так, што ўзнялася пад столь цэлая тытунёвая хмара, запацелі шыбы, дык Сяргеенка, перамовіўшыся з важным госцем, мусіў папрасіць усіх выйсці на двор, а стол, накрыты зяленым сукном, крэслы вынеслі i паставілі на прасторнай верандзе.
Запоўнілі людзі i валасны двор — сюды, бачачы сходнікаў, падыходзілі, запыняліся i вясковыя кабеты, дзеці.
Падышла, як убачыў Янка, i Кацярына Сяргеенка. Сустрэлася з ім позіркам i тут жа адвяла вочы.
За сталом спачатку пасталі, а пасля селі нервовы штабс-капітан Сухарукаў — камандзір батальёна, таўсматы салдат Пернікаў — старшыня салдацкага батальённага камітэта, поўны Сяргеенка, іхні старшына, госць — маладжавы панок у хромавых ботах i ў рудым паліто ды бабровай шапцы, а таксама агромністы, ва ўсім чорным айцец Феадор i нізкі, стаптаны i цяпер п'яны Лядзяш у зношаным афіцэрскім шынялі. Усе, апроч Пернікава, былі азызлыя, з пачырванелымі вачыма — учора позна, як казалі, балявалі ў Сяргеенкі.
— Господа! — вось падняўся i, як заўсёды, паруску загаварыў Сяргеенка, кашлянуў раз-другі. I далей: — Паколькі нас цяпер апякуе Мінскі павет, то сюды прыехаў яго пасланец — памочнік павятовага камісара пан Петракоў. Ён патлумачыць нам цяперашнюю сітуацыю ў Расіі, а таксама рэарганізуе нашу воласць. Давайце павітаем пана Петракова, a ў яго асобе — i новы ўрад!