Сяргеенка сам першы пляснуў далоньмі. Услед за ім заляскалі i вясковыя мужчыны ды салдаты, многія з якіх былі з вёсак.
Петракоў падняўся i, расхінуўшы шалік, паправіў гальштук, паважна схіліў галаву, загаварыў, як i Сяргеенка, па-руску:
— Есть необходимость, граждане, объяснить вам происходящее в России, ибо вы здесь, в отдаленных от городов деревнях, мало посвящены в нынешние события и в их смысл...
Гаварыў ён прыгожа i гучна, пазіраў на ўсіх смела.
— На вялікі жаль, агітатары часамі не тлумачаць вам усё як след, а заблытваюць, падганяюць падзеі пад свае праграмы,— вёў сваю казань далей.— А то, бывае, некаторыя з ix, асабліва бальшавікі, падбухторваюць сялян на хцівыя намеры...
Ён доўга гаварыў пра рэвалюцыю, пра новую ўладу, якая цяпер «па-сапраўднаму будзе клапаціцца пра народ», пасля сказаў, што «трэба ўсякім чынам памагаць Часоваму ўраду перамагчы ворага», каб пазней, пасля перамогі, «склікаць Устаноўчы сход i вырашыць на ім усе пытанні, у тым ліку i зямельнае».
Слухалі яго ўважліва, калі закончыў прамову, запляскалі. Але цяпер ужо стрымана, дзеля прыліку.
— Дзякуй,— падняўшыся, Сяргеенка пакланіўся госцю, а пасля павярнуўся да ўсіх.— Хоча хто штосьці запытаць?
Хвіліну-другую ўсе маўчалі, перамолваючы пачутае. Заадно кожны, найперш з вясковых, асцерагаўся падаць няўдалы голас.
— Прашу, грамадзяне! Цяпер свабода слова,— усміхнуўся Сяргеенка. Мяккі во, лагодны, хоць ты яго за пазуху кладзі.
Але цяпер i самыя смелыя, Чорныя, таксама маўчалі.
З натоўпу паволі выйшаў высакарослы, рыжы салдат, стаў перад самым ганкам, павярнуўся i акінуў позіркам натоўп.
— Я, грамадзяне, сацыяліст-рэвалюцыянер,— бойка прамовіў ён.— Наша партыя найбліжэй знаходзіцца да селяніна. Мы хочам абшчыны, бо ў ёй бачым вясковую будучыню. Мы жадаем для сялян сацыялізацыі зямлі, гэта значыць, каб яна была агульнанародная, ураўняльна дзялілася i каб уладу над ёй мела толькі сельская абшчына. Якраз яна павінна рашаць, каму i колькі чаго даваць. Мы вітаем рэвалюцыю, Часовы ўрад, жадаем, каб на Устаноўчым сходзе прынялі i зямельны закон...
— Дзякую,— сказаў i яму Сяргеенка. Зноў абвёў позіркам люд: хто хоча яшчэ прамовіць?
Як убачыў Янка, мужчыны з Сяла i з Глінішча заштурхалі «палітыка» Сцяпана Чорнага — скажы сваё слова!
Сцяпан спачатку ўпіраўся, а потым, сцягнуўшы аблезлую вушанку i блішчучы жоўтай лысінаю, выйшаў наперад, пакланіўся.
— Я ўчора быў у Крычатах, вунь у ix,— кіўнуў на групку мужчын-крычатоўцаў, якія прыладкаваліся ззаду.— У ix цяпер няма настаўніка, лекара, у ix не стаяць салдаты, дык яны яшчэ не вераць нават, што скінулі цара. Зусім не ведаюць, што гэта такое — рэвалюцыя...
— Ну, а як вы яе ўяўляеце, грамадзянін? — паблажліва ўхмыльнуўся Петракоў.
— Гэта, я думаю, вятрыска, пасля якога бывае бура, вырывае старыя дрэвы з каранямі...
— Вы, грамадзянін, паэт i філосаф! — пацвеліўся Петракоў.— Ну, а па-навуковаму, бацька, гэта — мірны альбо насільны пераварот ва ўсёй сацыяльна-эканамічнай структуры грамадства, спосаб пераходу ад гістарычна састарэлай грамадска-эканамічнай фармацыі да болей прагрэсіўнай...
Сцяпан спачатку разгубіўся ад «навукі», аж ніжнюю губу адвесіў i закамячыў у руках вушанку, а пасля, ратуючыся (іначай пазней веска засмяе!), прызнаўся:
— Я, пане, не ўмею гэтак разумна гаварыць. Але вот што, скажу я вам, даходзіць i мне, цёмнаму чалавеку: ага, прайшла бура, вывернула дуб-велікан, распагодзілася... Добра. Але дзе, выбачайце, перамены?
— Што вы маеце на ўвазе? — ужо не ўхмыльнуўся з «дамарослага філосафа», a схмурыўся Петракоў, асцерагаючыся, што той — не звычайны балабон-языкачос, якіх нямала ў кожнай вёсцы.
— Можа, я не тое гавару, выбачайце,— i заасцярожнічаў, i захітрыў заадно Сцяпан, заваёўваючы павагу ад вяскоўцаў.— Скажэце, шаноўны чалавек, нам ясна: калі будзе той Устаноўчы сход? I што ён можа рашыць? Вот, скажам, для малазямельных?
— Я не магу дакладна сказаць вам, калі будзе Устаноўчы сход i што ён рошыць...— паціснуў плячыма Петракоў.
— А чаму яго чакаць? Чаму не цяпер, увесну, дзяліць зямлю?
— А вы ведаеце, ад каго i як яе забіраць, каму i колькі даваць? — пачаў збіваць яго з панталыку важны госць.
— Дык сто — моза, гаварыльня пра зямлю застанецца толькі гаварыльняю? — прыйшоў на падмогу родзічу Пятро Чорны. Яго ткнула пад бок жонка, каб не лез на ражон, але той ужо не зважаў на перасцярогу.