Выбрать главу

— Навошта ж вы так цынічна? — нібы пакрыўдзіўся, а на самай справе, мусіць, затрывожыўся Петракоў. Каб неспадзяваныя прамоўцы не зглумілі сход.

— А — сто? — Пятро выйшаў наперад i шапкі не зняў.— Там у вас, моза, неста i змянілася. A ў нас нічога не мяняецца. Наш Сяргеенка зыраваў i зыруе, Гарбацэвіч быў i ест багатыр, а я як ніцога не меў, так ніцога i не маю... Дык сказы ты мне: сто ж палепшыла ваша хвалёная равалюцыя?

Янкавінцы анямела маўчалі; салдаты выбухнулі ў знак згоды з Пятром:

— Вы тоіце рэвалюцыю!

— Глухія да мужыка!

— Махляры!

— Багатыя — толькі для багатых!

— Канчай вайну!

I Сяргеенка, i павятовы госць цярпліва выслухалі непрыязны салдацкі гул.

— Дык вот наша слова, чалавек, такое: няма наго цягнуць ката за хвост, выцэкваць! — героем выпнуў грудзі Пятро.— Давайце перамены! Давайце зямлю! Норму мы самі ўстановім. У каго колькі душ, хто ў каго на вайне...

— Грамадзяне! — папрасіў ужо Петракоў.— Калі ласка, не пад'юшчвайцеся! Чакалі дзесяцігоддзямі, пачакайце i яшчэ крыху! Зямельнае пытанне гвалтам не вырашыш. Насілле народзіць новае насілле. A насілле — гэта заўсёды кроў, слёзы...

— I старыя, i новыя адно i тое ж: здзы ды здзы! — махнуў рукою Пятро Чорны.— Здзы Пятра — сыр з'ясі...

— Грамадзяне! — пачаў намагацца ўціснуць страсці ў берагі Петракоў.— Сяляне маюць рацыю: трэба не словы, а справы. I мы пачынаем ужо дзелаваць. Вось ужо сёння, напрыклад, мы павінны абнавіць кіруючае ядро вашай воласці. Па-другое...

— Прабачце,— падняўся з-за стала Пернікаў, старшыня мясцовага батальённага салдацкага камітэта.— Вы, грамадзянін Петракоў, прадаўжаеце загаворваць усім зубы. Сякія-такія перастаноўкі ў валасным праўленні альбо перайменаванне яго — гэта ўсяго толькі нейкія паўмеры. А вось сяляне, што выступалі, законна запыталі: чаго марудзім, чаму не адбіраем зямлю ад паноў, папоў i кулакоў? Чаму не дзелім яе між беззямельнымі? Сапраўды, якая ж гэта рэвалюцыя без рэвалюцыйных змен?

— Вы — не за змены, вы — за разбурэнне! — падскочыў i крыкнуў штабс-капітан Сухарукаў, які ўжо не мог цярпець Пернікава, якога батальён больш слухаў, чым яго.

— Мы ведаем, што вы, штабс-капітан, за манархію,— абсек яго Пернікаў.— Адпаведна, вы будзеце за ўсё старое.

— Дэмакратыя! — засіпеў той.— Воля!

— Чуеце, людзі? — зноў да ix, да натоўпу, павярнуўся Пернікаў.— Hi старыя, ні новыя не жадаюць вам дабра! Яны дружна тлумяць нам галовы! Адпаведна, я раю: турыце вон хцівага Сяргеенку i на яго месца выбірайце свайго чалавека, каб ён дбаў пра вашы інтарэсы.— Паказаў пальцам на яго, на Янку.— Вось ваш старшыня. Свой, з працоўнай сям'і, граматны, нядаўні воін.

Янкава душа аж пахаладзела: нашто яму гэтае вылучэнне? Чаго ён даб'ецца? Як зладзіць цяпер са сваімі людзьмі, як дасць тым жа Чорным зямельныя надзелы?

— Што вы, пане салдат! — аднак не ён загаварыў, а яго бацька.— Не такой ужо вялікай ён навукі. Ды i не акрыяў яшчэ.

— Грамадзяне! — бачачы, што натоўп выходзіць з-пад кантролю, можа выплюхнуць супраць Сяргеенкі, шустра забег усім наперад Петракоў. Расслабіў гальштук, расшпіліў верхні гузік кашулі. — Toe, што не ў нашай уладзе, мы не можам зрабіць, а вось тое, што нам па сіле, давайце, калі ласка, зладзім. Вось ужо сёння мы маем намер рэарганізаваць старое валасное праўленне ў рэвалюцыйны валасны камітэт. Учора са старэйшынамі вёскі мы перакінуліся словам-другім пра гэта. Варта выбраць валасны камітэт з 9 найбольш паважаных у вашай воласці чалавек. A іменна: Гарбацэвіч Пётр, Дземідовіч Вікенцій, Драздовіч Іван, Лядзяш Лука, Макась Антон (крычатовец), Нямкевіч Іван — бацька, Сяргеенка Юрый, Петухоў Аляксей, Шлёма Ёсель...— падняў уверх паперку.— Згодныя, грамадзяне?

Люд заціх. Салдаты не ўмешваліся, a янкавінцы, як i часта было дагэтуль, не хацелі выступаць супраць сваіх адкрыта.

— Бачу: усе за! — усміхнуўся Петракоў.

— Людзі! Таварышы! Чаго вы маўчыцё? — зноў падхапіўся Пернікаў.— Я, чужы тут чалавек, i то ведаю: амаль усе члены старога праўлення механічна пераносяцца ў новы камітэт! За невялікім выключэннем, гэта ўсё вашы заможныя слаі. Хіба вы можаце мірыцца з такім? — Прыклаў руку да грудзіны, запытаў з крыўдаю: — Хіба, скажам, вам усё роўна, што i ў новы орган сунуць былога паліцэйскага пса, а вось беднякоў, найбольш сацыяльна актыўных асоб, зноў «забываюць»?

— На грамадзяніна Петухова будуць ускладзены абавязкі міліцыянера... — закруціўся Петракоў.

— Людзі! — не здаваўся Пернікаў.— Вас адурманьваюць!

— Давайце выкраслім са спіска гэтага Петухова,— хуценька сарыентаваўся Петракоў.— Калі ласка, грамада, называйце свайго «сацыяльна актыўнага» чалавека!