— Сцяпана! Во яго! — выкрыкнуў Пятро Чорны i паказаў на стрыечнага брата, які ўсё яшчэ разгублена стаяў наперадзе, па-ранейшаму без шапкі на галаве. Нібы чакаў яшчэ хвіліны, каб дагаварыць тое, што не паспеў, нібы анямеў ад перапалак.
— Супраневіч,— падказаў павятоваму пасланцу Сцяпанава прозвішча расчырванелы, набухлы ад злосці i перажывання Сяргеенка, а сам грузка падняўся i, дакараючы «непаслухмяных», прахрыпеў: — Грамадзяне, Чорныя ж — гультаі, зладзеі, дзербуны! Хіба такім месца ў новым органе народнай улады?!
Сцяпан ад такой наўмыснай абразы пабялеў, аж затросся.
— Сам ты — гультай i злодзей! — узарваўся Пятро.
Петракоў таргануў Сяргеенку за локаць чорнага паношанага паліто — сядзь i маўчы, дурань, калі хочаш утрымацца, а сам тут жа падняў рукі, зміласцівіўся:
— Усё-ўсё! Выкрэсліваем Петухова i запісваем Супраневіча.
— I Ледзяша выкрасліць! — запатрабаваў Пятро.— На чорта нам гэты злыдзень?
— Ён — стары воін...
— Панскі i царскі халуй! — абарваў Петракова Міхайла Супраневіч.— Горкі п'янчуга!
— Хам! — падскочыў п'яны Лядзяш, груба пачаў адцярэблівацца ад Петракова, які спрабаваў асадзіць яго.— Я пакажу вам рэвалюцыю! Хрыстапрадаўцы! Царазгубнікі!
Па-бычынаму роў, здаецца, на ўсіх — i на вяскоўцаў, i на салдатаў, i на Петракова.
— Ды замаўчы ты, стары асёл! — вызверыўся той.
Лядзяш неспадзявана вырачыў вочы, зарваўся i асеў на крэсла. Адчуў: ніхто, нават штабс-капітан Сухарукаў, не заступіцца.
Петракоў, чырвоны ад натугі, упацелы, пачаў суцішваць усіх, прасіць галасаваць, але мусіў выкрасліць Ледзяша — замест яго салдаты настоялі выбраць калегу-эсэра, Чарных. Астатнія ўсе (супраць Сяргеенкі, Гарбацэвіча, Дземідовіча, Шлёмы галасавалі Чорныя) увайшлі ў валасны камітэт.
— I яшчэ, грамадзяне,— пасля зноў загаварыў Петракоў,— Нядаўна ў Мінску ўтвораны так званы БНК. Мы павінны прыняць рэзалюцыю па ім. Якая ваша будзе думка?
I салдаты, i янкавінцы маўчалі, з недаўменнем пазіралі адзін на аднаго.
— Гэты БНК, грамадзяне, супраць вас, вяскоўцаў, супраць усяго народа,— пачаў тлумачыць Петракоў.— Ён жадае аддаць наш край немцам...
— Асудзіць! — падаў голас Сяргеенка.
— Ёсць другая думка ў валаснога сходу? — запытаў Петракоў i абвёў позіркам людскі гурт.— Няма? Тады прашу галасаваць. Хто за тое, каб асудзіць нямецкую інтрыгу?
Салдаты дружна ўскінулі ўверх рукі, услед за імі — i ўсе цывільныя.
— Адзінагалосна! — усміхнуўся Петракоў i падміргнуў Сяргеенку.— Ну, а цяпер, грамадзяне, можаце быць вольныя. Членаў валаснога камітэта прашу застацца.
Калі Гарбацэвіч i Ясь Нямкевіч паволі вярталіся з воласці дадому, ix ля Мішуковага двара сустрэў Пернікаў. Пыхкаючы цыгаркаю, закрочыў поплеч.
— Ну, каго выбралі старшыною валаснога камітэта? — запытаў.
— Сяргеенку,— адказаў Нямкевіч.
— Зноў! — зморшчыўся Пернікаў, рэзка кінуў долу цыгарэціну, i тая цяпер, у паўзмроку, пырснула іскрамі.— Эх, людзі вы, людзі!
— Што — мы! — як апраўдаўся Нямкевіч.— Гэта ж павятовы начальнік настойваў...
— А вы паслужліва паднялі рукі?!
Гарбацэвіч i Нямкевіч змаўчалі. Абодва былі не пыхлівыя, як порах, не зацятыя спрэчнікі, хоць сваю думку мелі на ўсё.
— Няўжо не надакучыў вам гэты казнакрад, п'яніца?! — здзіўляўся-абураўся Пернікаў. Дастаў цыгарэціну, зноў закурыў.— Няўжо не хочацца ўрэшце выбраць старшыною свайго чалавека?!
Старыя тупалі моўчкі, унурыўшы галовы.
— З рэвалюцыйнымі настроямі толькі самыя бедныя. Чорныя, як вы кажаце...— прамовіў Пернікаў, ужо добра разбіраючыся, хто ёсць хто ў Янкавінах.— А вось вы, астатнія, завельмі асцярожныя.
— A хіба што пераменіш крыкам? — калі старшыня батальённага салдацкага камітэта замоўк, абзыўнуўся Нямкевіч.
— А вось каб Янкавіны, каб іншыя, каб усе расійскія вёскі закрычалі, то былі б i перамены.
— То каб усе, пане!
— Часамі, дарагія людзі, i добра, што селянін абачлівы, цвёрда стаіць на зямлі, але часамі i кепска, што ён дбае толькі пра свой двор! — сказаў Пернікаў.
I Гарбацэвіч, i Нямкевіч моўчкі выслухалі дакор, але пасля, калі Пернікаў развітаўся, збочыў i падаўся да салдатаў, якія кватаравалі ў Навіцкага, ахвотна разгаварыліся.
— Чорныя — смелыя! —узарваўся Гарбацэвіч.— Гультае, галяке, дык i гарланяць. Давай ім чужое, дармавое! Тады ён, бачыш, чалавекам будзе! А чаму ж ты цяпер чалавекам не стаў?
«Свая праўда i ў Пернікава, i ў Гарбацэвіча».
— Дай ім хоць па валоцы лесу, сенакосу i зямлі, дык, думаеш, усе багатырамі стануць? — не сунімаўся Гарбацэвіч.— Не стануць. Запусцяць усё, змарнуюць альбо прап'юць. Калі няма ў крыві гаспадарскага спрыту, дык яго i не будзе...