— Канечне, нядобра занадта хітрушчым альбо ледзяным да людзей быць,— прамовіў Нямкевіч.— Але... Колькі жыву, не магу разабрацца, што гэта такое — паліціка?! Адзін даказвае адно, другі — другое, трэці —трэцяе...
— О то-то ест,— падтакнуў Гарбацэвіч.
Падышлі да сваіх аціхлых, цемнаватых сядзіб.
Прыпыніліся каля брамкі Нямкевічаў. У ix яшчэ не было святла, a ў Гарбацэвічавай хаце палала лучына — канечне ж, дзеля хворай Зосі. Успомніўшы пра суседаву спаралізаваную нявестку, Нямкевіч зноў паспачуваў ёй, няшчаснай, а суседу дадаў з уздыхам:
— Паліціка ў нас, простага вясковага люду, простая: трымайся за зямлю, рабі, шануй бога, паважай людзей, спачувай, не давайся надта хціваму ў зубы, але не лезь на ражон — дык i будзеш гаспадар, чалавек... A вялікая паліціка — для паноў, для вучоных галоў...
— О то-то ест,— усё падтакваў, хітаў галавою Гарбацэвіч.— О то-то ест... Праўду, вялікую нашу праўду, Ясь, кажаш...
Нямкевіч змаўчаў. З-за таго, што нечакана яму нібы шпілька кальнула ў сэрца: пачакай, супраць каго мінскага клікаў галасаваць гэты Петракоў? Ці не супраць таго, дзе i іхні Алесь? Дык што выходзіць: ён, бацька, ідзе насуперак сыну?! Ці Петракоў гаварыў пра каго іншага? Чорт яго разбярэ, сказаў хутка i коратка, нічога надта не патлумачыў...
— ...з-за паліцікі разумныя галовы ляцелі...— усё бубніў у гэты час Гарбацэвіч.
6.
...яна пайшла па цёмным, вузкім i доўгім тунелі. Шлэпала навобмацак, халаднеючы душой ад страху.
Хацела ўжо запыніцца, застыць у здранцвенні, але вось далека наперадзе ўгледзела скупую светлую палосачку — значыць, там быў канец гэтага жахлівага лазу. Яна закрочыла жвавей — палоска большала, вымалёўвалася ў круг, а за ім, здаецца, было святло.
Калі наблізілася да выхаду з цемры, з ночы, дык нечакана ўбачыла: там, у светлым полі, у паветры, сустракае жанчына з дзіцем. Зося аж здзівілася: якраз такая ж жанчына намалявана на іхняй святой карціне — маладая, сумная, з сінім німбам вакол галавы, у чырвонай сукні. I хлопчык такі ж — малы яшчэ, таксама з сінім німбам, па-сталаму сур'ёзны.
Зося хацела ўзляцець туды, на неба, але жанчына выцягнула руку: не, не падымайся, ідзі па зямлі...
Святло ярчэла, i яна ўбачыла: свеціць не сонца, а лямпа i гэтую лямпу трымае жанчына адной рукою, а на другой яе руцэ сядзіць хлопчык. Толькі гэта ўжо зусім іншая кабета — старая, у цёмнай, з'еханай на шыю хустцы, у кофце, а хлопчык... Дык гэта ж яе Антонік!
Зося памкнулася, захацела ўзяць яго, але не скранулася нават з месца. Тут жа адчула: яна ляжыць на ложку, не можа нават паварушыць рукою. Кабета — а гэта ж яе маці — i ўсцешылася, i залыпала-залыпала доўгімі вейкамі, штосьці гаварыла ёй, але Зося нічога не чула, бы хто заклаў ватаю вушы. Маці павярнулася — амаль тут жа за ёю заявіліся Віця, Анелька, свякроў Вікця, суседкі, цётка Анця i Кастуся, свёкар. Паспрабавала паварушыцца — у гэты ж міг яе цела пранізаў востры боль. Дык да яе адразу дайшло: яна нарадзіла дзіця, былі цяжкія роды, дык яна, мусіць, на нейкую гадзіну-другую страціла прытомпасць. Але чаму баляць i плечы? Што — яна доўгі час ляжыць?
Жанчыны перажагналіся, уздыхнулі, a маці, плачучы, зарадавалася:
— Дзякуй табе, божанька! Акрыяла!
Зося ж, ужо ўсё бачачы i чуючы, але яшчэ не могучы вымавіць слова, скрануцца, квола ўсміхнулася. Адчуўшы, што ў яе набухлыя грудзі, яна ўжо клапатліва перавяла позірк туды, да стаяка, дзе павінна стаяць калыска. Высокая, з файнаю фігурнай выпілоўкаю на верхніх краях спінак, на выгнутых ножках-палазах, калыска i стаяла каля грубкі, але па тым, як у ёй згамтана ляжала коўдрачка, Зося зразумела: немаўляці ў калысцы няма. Дзе ж яно? На ложку? Яна паспрабавала зірнуць i туды, далей, але не мела сілы як след павярнуцца. Тады хутка i запытальна перавяла позірк на жанчын: маці цяпер стаяла з заплюшчанымі вачыма, хаваючы гэткім чынам слёзы, a свякроў, затуліўшы твар далоньмі, хуценька выскачыла адсюль у пярэдні пакой...
7.
Як i раней, так i цяпер Глінішча збіралася на вячоркі ў некага ў Глінішчы, Сяло — на Сяле, засцянковыя — у Засценку, a янкавінская «знаць» — у Сяргеенкі.
Вось i сёння сюды прыйшлі былы ўраднік Петухоў, айцец Феадор «са сваімі Евамі» (жонкай i дзвюма дочкамі), Лядзяш. З Сяргеенкавых дома былі ўсе: гаспадар, гаспадыня, Кацярына, а таксама Сухарукаў — пастаялец i нібыта зяць.
— Сын мой, куды ты знік? — вітаючыся, запытаў у Сяргеенкі айцец Феадор.— У якіх такіх Палесцінах быў?
Сяргеенка, разамлелы, лагодны (толькі што, вячэраючы, асушылі з «зяцем» пляшку гарэлкі), загадкава ўсміхнуўся i не спяшаўся адказваць, хоць сапраўды не быў дома амаль з тыдзень.