Але пасля, калі запалілі ў светлай хаце лямпу i госці расселіся там, заінтрыгаваў:
— У гарадскім тэатры...
Петухоў сядзеў пахмурны (ведама, без службы, прагнаны, як сабака), Лядзяш насупіўся, чакаючы для сябе нейкай каверзы: ведаў, як любяць з яго пацешыцца, пакпіць. Нават i з таго, што дорага самім.
— Юры Апанасавіч, заступнік наш, не цягні ката за хвост,— настойваў айцец Феадор.— Расказвай, дзе быў i што чуў.
— Быў, пачуў...— падражніўся Сяргеенка, сеў на канапе i, не саромеючыся, задаволена пачухаў гладкую шыю I валасатую грудзіну.— Ёсць вельмі добрыя весткі, Панове!
— Якія? — загарэўся айцец Феадор.
— Новы міністр замежных спраў, Мілюкоў, урэшце сказаў яснае i цвёрдае слова Часовага ўрада пра вайну: ён дакляроўвае вернасць сваім саюзнікам i будзе змагацца да поўнай перамогі над войскамі кайзераўскай Германіі.
— Ну, дзякуй богу! — перажагнаўся Лядзяш.
— Урад — за, a петраградскі люд, панове, супраць...
— Пад кіпець бунтаўшчыкоў! — апусціў уніз вялікі палец Лядзяш.
— Значыць, вайне, людскому гору няма канца...— зусім не «патрыятычна» ўздыхнула гаспадыня, поўная, добрая кабеціна.
Петухоў, чуючы гэта, аж пабялеў: сёння прыйшла яму позва ісці ў армію. I радавым. Канечне, не хацелася ні траціць званне, ні лезці ў акопы. Герой быў толькі на словах. Ды сябры яму не спачувалі, рады былі, што яго пруць на фронт.
— Дык адкуль прывёз такую патрыятычную вестку, сын мой?
— Ды ў Мінск ездзіў,— не вытрывала, рассакрэціла айцу Феадору тайну гаспадыня.— На з'езд.
— На які з'езд?
— Цяпер што ні дзень, дык нейкі з'езд! — буркнуў Лядзяш. Стаптаны, у вельмі памятай афіцэрскай форме, спрэс лысы, са слівовым носам.— Ніяк не нагаворацца! I жук, i жаба!
— Ну што ж, калі Ганна Пятроўна ўжо сказала, дык прызнаюся,— усміхнуўся Сяргеенка, зашпільваючы белую кашулю.— Толькі, панове, прашу: не ляпайце языкамі пра гэта ў вёсцы... Карацей, яшчэ на пачатку красавіка прыходзіць з Мінска паперына: так i гэтак, правядзіце ў воласці сходы, выберыце ад кожнай сельскай грамады па дэпутату, дайце ім адпаведныя дакументы i дзевятнаццатага накіруйце ў Мінск на з'езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай i Віленскай губерній. Хм, думаю, збяры люд, прыйдуць i салдаты, дык каго гэта дзікая маса выбера? Нас з вамі? Не, панове. Мужыкоў. Дык я, панове, гэтую цыдуліну — у сейфік, нават свайму пісару не паказаў, выпісаў на сябе дакументы i дзевятнаццатага сам шусь у Мінск...
— Ох, пападзе вам некалі за гэткія штукі! — сумна пахітала галавою Кацярына, седзячы на ложку.
— Не, дшчэр мая,— перапыніў яе айцец Феадор, пагладжваючы вялікую густую чорную, сям-там з сівымі валасінамі бараду.— Па ісціным пуці ідзе радзіцель твой...
— Сабраліся ў гарадскім тэатры,— далей пачаў расказваць Сяргеенка.— Чалавек, можа, i 800. Самых усякіх. I партыйцаў розных. I такіх, як я, i салдат, i мужыкоў-лапцюжнікаў. Выбралі прэзідыум, старшынёю вылучылі нейкага Міхайлава — кажуць, начальніка мінскай міліцыі. Тады пачалі вітаць з'езд. Ад усіх мясцовых партый, якіх, выходзіць, тут процьма. У тым ліку былі пасланцы i ад Беларускага нацыянальнага камітэта, каля якога аціраецца i наш землячок.
Кацярына, пачуўшы такую навіну, спачатку ўздрыгнула, а пасля аж схапілася за лоб:
— Дык вось чаму вы так паслужліва ix асудзілі на нядаўнім валасным сходзе! Найперш з-за нянавісці да Алеся!
— Дурніца! — скрывіўся Сяргеенка.— Калі мы ix не асудзім, то яны нас з'ядуць... Праўда, наш герой не вылазіў на трыбуну, сядзеў у зале. А вось яго сябры выскакалі i заклікалі сялян «разам будаваць беларускую хату». Ды ix сагналі з трыбуны... Я потым, калі засядаў у культурна-асветніцкай камісіі, таксама ўрэзаў па адным. Знайшоўся сярод нас такі малады i прыгожы, давай падбіваць нас, каб мы дабіваліся «свайго універсітэта, урокаў роднай мовы ў старэйшых класах, навучання ў пачатковай школе па-беларуску, а для Беларусі — аўтаноміі». Дык я першы падскочыў i даў пытлю. Камісія пайшла за мною, параіла з'езду не дапускаць «мову» ў школе, i з'езд згадзіўся...
— Малайчына, сын мой! — пахваліў айцец Феадор.
— Каланізатар! — прашаптала Кацярына. Абразіла. Ды каго? Роднага бацьку.
— Дурніца! — зноў скрывіўся ён.— Ты не разумееш, а мы вось разумеем, як трэба жыць i чаго жадаць. Таму я вельмі рады, што з'езд асудзіў i гэты БНК, i іхнюю ідэю аўтаноміі, выказаўся толькі за абласное самакіраванне...
— Ну, а пра што яшчэ гаварылі? — бачачы, што Кацярына зноў хоча ўспыхнуць, хуценька перабег ёй дарогу айцец Феадор.