Выбрать главу

— Давайце, спадары, вельмі не адчайвацца...— калі яны селі на канапе, пачаў супакойваць ix гаспадар. Сам апусціўся насупраць у мяккае крэсла, над якім вісела карціна Ваньковіча «Міцкевіч на скале Аюдаг».— Не толькі нам адным не ўсё ўдаецца... Прабуксоўвае, нават закрызісаваў i сам Часовы ўрад...

Яны ведалі, пра што ён хоча сказаць: пра нядаўняе пагрознае 20 красавіка, калі газеты апублікавалі ноту міністра замежных спраў Мілюкова весці вайну да пераможнага канца, ад чаго салдаты, а за імі i рабочыя Петраграда страшэнна абурыліся i вывалілі на вуліцы з лозунгамі «Далоў Мілюкова!», «Улада Саветам!», a прыхільнікі Часовага ўрада запоўнілі арыстакратычны Неўскі праспект з транспарантамі «Няхай жыве Часовы ўрад!», «Далоў Лeніна!». Калі Гучкоў, ваенны міністр, i Карнілаў, камандуючы Петраградскай ваеннай акругаю, паспрабавалі ўціхамірыць гнеўны люд сілаю, дык армія не толькі не паслухала, але i злосна, нават з лютасцю загудзела. Карнілава i Гучкова, а крыху пазней i Мілюкова прыйшлося патурыць.

— Але Часовы ўрад, э-э, выкруціўся,— гаварыў далей Скураны.— Ён спачатку кінуўся растлумачваць сваю ноту, супакойваць люд, а пасля пачаў клікаць да сябе «активные творческие народные силы», папрасіў Петраградскі Савет, каб разам скласці кааліцыйны ўрад. I, бачыце, павагаўшыся, на днях Савет пайшоў на хаўрус, згадзіўся паслаць сваіх людзей у новы орган улады... Цяпер страсці-мардасці ўлягліся, кааліцыйны ўрад пачаў наводзіць лад, абсякаць бальшавікоў-падбухторшчыкаў i натоўпы...

Яны слухалі, а Скураны не заціхаў:

— Што датычыць нас, то нам, канечне, ёсць ад чаго апусціць рукі. Скажу шчыра, я, э-э, не ўскладаў вялікія надзеі на наш сялянскі з'езд, бо добра ведаю нашых сялян: ці будуць толькі назіраць, ці пойдуць за тымі, хто дужэйшы, ці для адчэпнага прагаласуюць за спакуснікаў, але наўме будзе сваё... Асцярожны, хітры гэта тып — мужык!.. Але я не чакаў, што дэлегаты на з'ездзе гэтак пойдуць не толькі за эсэрамі, але i за Міхайлавым, выберуць яго старшынёю Выканаўчага камітэта, адным з рэдактараў сялянскай газеты i кіраўніком сялянскай дэлегацыі на Усерасійскі з'езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў i гэтак варожа настрояцца супраць нас!.. Як так не бачыць, хто ім свой не на словах, а на справе?! — Падняўся, дробненька затупаў кароткімі ножкамі па пакоі.— Каму даручыць прадстаўляць іхнія інтарэсы на ўсерасійскім форуме! Міхайлаву! Чужынцу!

Вярнуўся, з крэктам зноў апусціўся ў крэсла.

— Як i трэба было чакаць, Міхайлаў адразу ж спажыў гэты мандат у сваіх карыслівых мэтах. Як мне ўчора сказалі па тэлефоне з Петраграда, Міхайлаў ад імя беспартыйных падаў праект рэзалюцыі пра цякучы момант, дзе яны не прымалі кааліцыю новай улады i дабіваліся, каб руль у Расіі ўзяў Усерасійскі Савет... Але,— задаволена ўсміхнуўся,— за праект старшыні беларускай дэлегацыі галасавала толькі 17 дэлегатаў Усерасійскага з'езда сялянскіх дэпутатаў, супраць — 800... Так што, як жартуюць цяпер у Петраградзе, «белорусский эксперимент не удался...». Сяляне пайшлі за эсэрамі, а эсэры, як вядома, ва ўрадзе...

— Вы маеце рацыю, Міхайлаў спрабуе ваўсю спажыць давер нашых сялян у бальшавіцкіх мэтах,— падаў голас Лашковіч.— Я чуў, што на нядаўняй Сёмай Усерасійскай бальшавіцкай канферэнцыі Ленін папікнуў сялян за шавінізм, за слабую рэвалюцыйнасць i заклікаў абапірацца найперш на бедных...

— А на каго нам абапірацца ў сялянстве? — уздыхнуў Скураны.— Вунь як яго дэлегаты павяліся на з'ездзе, вунь якія рэзалюцыі прыходзяць з валасцей на наш БНК!.. Што ім скажуць начальнікі альбо агітатары, за тое i галасуюць... Але ўсё роўна не трэба, кажу, адчайвацца. Варта, э-э, не толькі абараняцца, але i наступаць. Адвярнуць нагаворы i павесці агонь па Міхайлаве, не дазваляць яму кампраметаваць нас. Я,— падняўся, падышоў да стала, узяў лісток i зноў вярнуўся на сваё месца,— склаў тэлеграму, думаю паслаць яе за сваім подпісам ва ўсе паветы. Вось: «На сялянскім з'ездзе, што адбыўся 23 красавіка ў Мінску, старшыня Міхайлаў у рэзюме заявіў: Беларускі нацыянальны камітэт — памешчыцкая інтрыга, сацыялістычная грамада на повадзе ў паноў. Аб'явіў бязлітасную барацьбу. Прыняты меры русіфікатарскага характару. Энергічней пратэстуйце ў друку, прысылайце пратэст у «Вестник Минского губернского комиссара». Старшыня Скураны».

Зірнуў на ix, позіркам запытаў: ну, як?