Выбрать главу

Пра гэтага Дзядзю мала хто ведаў нешта толкам. Здаецца, у маленстве жыў у Германіі, пазней — нейкі час у Пецярбурзе i вось ужо звыш пяці гадоў аселы ў Мінску. Адзін, без сям'і, «сціплы», «бескарыслівы», «адданы веры, дару i Айчыне». I толькі лічаныя людзі больш-менш ведалі, хто гэты «рахманы» бібліятэкар «ціхай установы», што знае i можа, якую сілу мае ў Мінску і, бадай, ва ўсім Паўночна-Заходнім краі. Многія, хто працаваў у губеранскім праўленні, у гарадской думе i ўправе, у земскіх, гарадскіх, судовых, грашовых i іншых канцылярыях, у казённай палаце, у газетах, дзякавалі якраз Дзядзю за свае высокія пасады.

Муха ўжо таксама тое-сёе ўведаў пра Дзядзю, але нікому пра гэта не гаварыў. Таму i нядаўна, у размове з Васілевічам, пра тое, што ўведаў якраз ад Дзядзі, гаварыў толькі намёкамі. Хоць, можа, ляпнуў штосьці i лішняе. Трэба вучыцца яшчэ лепей слухаць іншых, а самому трымаць язык за зубамі. Хоць i цяжка маўчаць, калі нямала ведаеш.

Муха ў задуменні выйшаў са сквера i па Петрапаўлаўскай вуліцы закрочыў да Праабражэнскай, каб трапіць на Саборную плошчу.

З Маламанастырскай вуліцы, ад Ніжняга рынку, па тратуары чыльгікаў на мыліцах аднаногі чалавек у вайсковай форме, але без пагонаў (у Мінску шмат цяпер калек), а побач тройка гнядых коней цягнула па рэйках доўгі, бурачковага колеру, з наклеенымі ўсякімі стракатымі афішамі вагон. Цягнуць вагон пад горку было нялёгка, дык каб даць коням палёгку, чэрнь (мабыць, пакаёўкі, качагары, грузчыкі, шаўцы, салдаты) пазлазіла i ішла ўслед за вагонам, у салоне сядзелі паны, багата апранутыя. Сярод ix найбольш было маладых афіцэраў i жанчын у футэрках i пышных сабаліных шапках.

Вагон спыніўся насупраць сквера i акруговага суда,— з салона гуртам вывалілі афіцэры, іхнія сяброўкі i, весела гамонячы, пашыбавалі да блізкай высокай гасцініцы «Еўропа». Чэрнь на прыпынку зайшла на пляцоўку, стоўпілася на ёй.

Муха падаўся ўслед за афіцэрамі i жанчынамі. Бачачы, што афіцэрскія сяброўкі амаль усе маладзенькія, прыгожыя, стройныя, аж зазлаваў. I на вайскоўцаў («Зашчытнічкі! Не гоняць прэч ворага з нашай зямлі, a разбэшчваюць, псуюць нашу моладзь»), i на іхніх спадарожніц («Распусніцы! Прадаюцца за рубель»), Гэтая злосць, можа, была i таму, што ў апошні час ён не піў, не меў палюбоўніцы: асцерагаўся Дзядзі. Той (аскет) —за «высокую мараль», за «чыстую рэпутацыю». Цяпер Муха сам па сабе адчуў: няма зласнейшага чалавека за былога выпівоху, а большага мармытуна, павучальніка — за некалішняга распусніка!..

Вясёлая кампанія ўкулілася ў гасцініцу — высокі, шасціпавярховы, з мноствам акон, балкончыкаў i з паўкругам наверсе дом. Муха, застаўшыся адзін паблізу парадных дзвярэй, раптоўна аж зніякавеў: з дзвярэй лаўкі (на першым паверсе гасцініцы былі розныя магазіны) высунуўся Дзядзя. Невысокі, худы, бледнаваты, у старых, з памутнелымі шкельцамі акулярах на дзюбаватым носе, у чыноўніцкім шыняльку, чаравіках ды ў паношаных галёшах. Пад пахаю трымаў невялікі загорнуты ў шэрую паперу пакуначак. Гогалеўскі Акакі Акакіевіч, дый годзе!

Убачыўшы яго, Дзядзя па-змоўніцку прыхільна ўсміхнуўся, але не павітаўся, яшчэ болей угнуўся i «гаротна» патупаў да блізкай Губернатарскай вуліцы.

— Добры дзень, брат Пётр,— дагнаўшы, сказаў яму ў гарбаватую спіну Муха. I, не пачуўшы адказу, ужо халадзеючы душою, дадаў: — Я хацеў бы з вамі пагаварыць.

—Толькі не тут, на людным месцы,— адказаў той не азіраючыся.— Увечары прыходзь к у д ы т р э б а, там i пагаворым.

Дзядзя перайшоў вуліцу i пашкрэбаў да недалёкай сва'ёй бібліятэкі, а Муха мусіў запаволіць крок i адстаць, каб не дай бог не паказаць знаёмым прахожым, што ведае бібліятэкара альбо той яго знае. Павярнуў у блізкую ювелірную лаўку Штэймана, душачыся i ад прыкрасці, i ад злосці. Прыкрасць пачала грызці сэрца, бо толькі што схібіў, за што ўвечар наківаюць пальцам, а злосць навалілася па іншай прычыне: колькі таго Дзядзі-чалавека, з пазногаць, а мае столькі сілы i моцы.

«Аднак у мяне ўсё яшчэ пераважаюць пачуцці, а не розум...— заходзячы ў багатую лаўку, падакараў сам сябе.— Трэба вучыцца трымаць сябе ў руках, выполваць з душы самалюбства, годнасць, спагаду i ўмець слухаць, падпарадкоўвацца — адным словам, мудрэць, мудрэць, мудрэць... Што ні кажы, мудрасць — царыца чалавечага розуму i светапогляду!»

3.

Увечар, калі пабыў у Дзядзі, дзе расказаў пра сваю работу, пачуў самыя свежыя навіны (Мікалай Другі сёння каля дзевяці гадзін вечара пашле з Магілёва ў Петраград тэлеграму камандуючаму Петраградскай ваеннай акругай генералу Хабалаву з «повелением немедленно прекратить в столице беспорядки»), а таксама атрымаў новыя інструкцыі, Муха вярнуўся дадому. Хоць i сапраўды Дзядзя паківаў крыху пальцам за дзённую неасцярожнасць, але настрой быў неблагі: за іншае, большае, яго пахвалілі.