Мы, мінскія, як нас i прасіў Жылуновіч, вельмі не спрачаліся, але заклікалі «побач з сацыяльным не адсоўваць далека наш нацыянальны клопат».
Папалемізавалі. Але, дзякуй богу, не раскалолі канферэнцыю, большасцю галасоў падтрымалі кааліцыю Часовага ўрада i сацыялістаў, іхнюю праграму. Што датычыць нацыянальнага пытання, то прайшла рэзалюцыя нашых петраградцаў: «БСГ, у прынцыпе згаджаючыся з правам кожнай нацыі на поўнае самавызначэнне аж да поўнай незалежнасці, лічыць, што пры цяперашнім палітычным i эканамічным становішчы Расіі адарванне якой-небудзь яе часткі будзе шкодзіць справе ўсяго рэвалюцыйнага пралетарыяту».
Яшчэ пра некаторыя важныя рэзалюцыі. Канферэнцыя, да слова, адмовілася ўтвараць беларускую армію, бо «ва ўсім гэтым зацікаўленыя буржуазія i контррэвалюцыя».
У канцы абралі часовы ЦК партыі. Старшыня прэзідыума — Жылуновіч. Я — член ЦК.
Калі ад'язджалі ў Мінск, нас прыйшоў праводзіць сам Жылуновіч — лысаваты, у элегантным светлым касцюме i пры матыльку, у дыхтоўных акулярах, дык, далібог, не скажаш, што ён з простага люду. Еўрапеец!
«Дзякуй, Сымоне! — доўга трос мне на развітанне руку.— Чалавек ты пыхкі, што порах, дык я асцерагаўся, што наробіш тут глупства. Аж малайчына, праявіў дзяржаўны розум...»
«Так ужо i дзяржаўны...— адказаў яму.— Папершае, не заўсёды настойваў на тым, на што мне давалі наказ, а па-другое, не хацеў расколваць наш рух...»
«Усё, сапраўды, ідзе вельмі цяжка, марудна, але, заўважым, усё ж са зрухам...— сказаў Жылуновіч.— Усякае можа быць наперадзе, самае непрадказальнае, але мы павінны мець толькі няспынную тэндэнцыю руху наперад. Значыць, трэба быць гібкімі...»
У Мінск я вярнуўся з раздвоенымі пачуццямі. I рады, што ўтрымаліся, прыйшлі да згоды, i замаркочаны, што нашы рэзалюцыі петраградцы забракавалі «як сепаратысцкія». Дый Скураны сёння насыпаў солі на рану: маўляў, збіў нас з тропу Жылуновіч, заскакалі пад яго дудку! Пад дудку тых, хто ўжо адарваўся ад Беларусі, асацыялісцеў, можа ўжо пражыць i без сваёй малой радзімы, без сваёй мовы i культуры!.. Лашковіч, як ніхто, засмуціўся, што мы адмовіліся ўтвараць сваё войска, «паспадзяваўшыся на нечую ласку, а не на сваю сілу... А трэба было б браць прыклад з нашага Міхайлава, што для свайго поспеху загадзя рыхтаваў i баявыя дружыны...» Гэтая наша нерашучасць, уздыхаў Максім, можа некалі дорага каштаваць, калі не мець вырашальны зыход...
Не ведаю. Можа, быў я i нясмелы пасля правалу на сялянскім з'ездзе. А можа, i добра, што шукаў згоды i ладу...»
Частка трэцяя
ВЯЛІКІ КАСТРЫЧНІК
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
1.
У чацвер, пасля полудня, дзяўчаты, Кастуся Нямкевіч, Анелька Гарбацэвіч, Волька Чорная, а з імі яшчэ i маладзейшыя, падлеткі, рушылі да Палька. З песнямі. На ўсю вёску паняслося ix маладое ды поклічнае:
— Няма во на ix ні вайны, ні скрухі...— пахітала галавою маці, але прамовіла без дакору. Наадварот, з горкі сваіх гадоў разумела дачку, яе сябровак i з сумам успамінала маладосць.
Янка — а ён быў з маці ў двары каля варотцаў — нічога не адказаў, пазіраў услед вясёламу дзявочаму гурту. Праўда, трошкі чуўся ніякавата: насупраць, у сваім двары стаялі суседкі — Вікця i яе нявестка, Зося. Тая ўжо акрыяла, не толькі ходзіць, але i пыніць такую-сякую работу. Толькі вельмі схуднелая, бледная. Ды яе, як было відаць, маладое цела, нібы дужая зямля, хутка залечваецца, праганяе боль — душэўны таксама, набірае моц i сілу. Што ні кажы, жыццё, маладосць бярэ сваё. А разам з Зосіным вяртаннем да жыцця набіраўся ахвоты жыць, любіць i Янка.
Калі песні перасталі даносіцца, Вікця, уздыхнуўшы, патупала ў свой гарод, дзе ўжо вытыркнулася маладзенькая цыбуля i пачало брацца пустазелле, а Зося, кінуўшы раз-другі цёплы позірк на Янку, павольна пакрочыла ў хату.