— Пайду ўсяку зелені,— прамовіў Янка маці.
— Схадзі, сынок,— адказала тая. Ужо, як i амаль усе вясковыя кабеты, босая, хоць у цёплай хустцы i доўгай сукенцы.— Няхай i ў нас усё будзе так, як i ў людзей.
Засунуўшы сякеру за пояс, Янка падаўся з двара. Як i дзяўчаты, на Палько. Ішоў пад сонечнай ласкаю i, як кажуць, купаючыся ў зеляноце — светла, яшчэ з жаўтаватым адценнем высвечваліся бярозы, блізкі малады хвойнік, цешылі вока шаўкавістыя паплавы i Гарбацэвічава аселіца i аж выпівалі зрок густой, аж да сіняга водбліску, зелянотай жытнёвыя загоны. Як было відаць на Гарбацэвічавай сядзібе, ужо адцвіталі вішні, на ix шмат дзе замест белых кветак былі рудаватыя зморшчыкі, i пырснулі бела-чырвона-фіялетавыя бутоны на яблынях.
Паміж жытнёвымі загонамі суха шарэлася бульбяное поле — бульбу сёлета ў Янкавінах пасадзілі адразу пасля святога Міколы (На Міколу, як i звычайна, маладыя перасталі карагодзіць, бо на Міколу трэба ўжо брацца за сявеньку). Апошнія ўчора садзілі Міхайла i Пятро Чорныя: дагэтуль сваім худым i нямоглым конікам аралі іншым. Каб зарабіць насення. Ім, насеннем, сёлета Чорных i большую палову вёскі, Нямкевічаў таксама, выратаваў Гарбацэвіч, заадно загнаўшы ўсіх у даўгі.
Янка ведаў, дзе збяруцца дзяўчаты. На Аленінай паляне. Там спрадвеку маладыя робяць вясновыя i летнія гульбішчы. Каб раней, да службы ў арміі альбо да вайны, дык падцікаваў бы, пагарэзаваў, але цяпер збочыў i падаўся ў маладняк, дзе кабеты i дзеці збіраюць шчаўе, дзе, заглушаючы хвойнік, густа растуць бярэзінкі. Ix тут кожны год, не шкадуючы, высякаюць i на «зялёнае свята» — на май, i на лазенныя венікі ды дзеркачы, але бярозы тут усё роўна было процьма, нібы кожны год яе тут хто-небудзь падсаджваў.
Ціха падышоў i затаіўся за прысадзістаю пушыстаю, пахкаю маладой смалою хвоечкаю са скручанаю, ды цяпер з голай, жоўтай, са слязістай смалою верхавінкаю — яе хтосьці скруціў на стрэлку-пукалку. З боку ад Аленінай паляны дзяўчаты, ужо сагнуўшы i звязаўшы, «завіўшы», за верхавіны дзве гонкія бярозкі, цяпер, угінаючыся, адна за адной, ланцужком праходзілі праз «вароты» i спявалі, славячы бярозу — любімае ўсім людам дрэва, што абуджаецца адно з першых, дае сок, адно з першых зелянее i дае радасць, сілу людзям на ўвесь год, дае добры апал, а бяросту — нарозныя вырабы i абутак.
«Дык гэта ж пра мяне! — аж устрапянуўся Янка— Значыць, у вёсцы рашылі, што я ўсё-такі буду браць замуж Анельку!..»
Убачыў: гэтая тоўстая, нязграбная Анелька, як i ўсе дзяўчаты, босая, у святочнай спадніцы i белай блузцы, з зялёным бярозавым вянком на галаве, таўханула ў плечы Вольку Чорную — тая, здаецца, першая «пашлюбавала» яе з Янкам. Вольга, а за ёю i астатнія дзяўчаты завішчэлі ад гарэзнасці, уцехі, рассыпаліся, як козы, па паляне...
Каб дзяўчаты не згледзелі яго, Янка павярнуўся i пайшоў па гарыстым Пальку, выцікоўваючы зграбныя бярэзінкі. Адну, высокую, трэба было паставіць каля варот, а другую, нізкую i стройную,— у хаце на покуце. Заадно думаў нацерабіць i вецця — засунуць за бэлькі. Ды стройных бярэзінак не знаходзіў. Міжволі любаваўся маладымі светла-зялёнымі парасткамі — пальцамі на сосенках (ix жуюць дзеці, высмоктваючы гаркаватую соладзь, а гаспадыні выварваюць з ix мёд).
Дзяўчаты зноў заспявалі, ужо то пра гаспадарскія клопаты, то пра нешчаслівае каханне беднай дзяўчыны i багатага альбо старога, няўдалага жаніха, то багатай ганарлівай, старой, няўдалай нявесты i маладога прыгожага, але беднага хлопца. Янка, з ахвотаю слухаючы прыгожыя янкавінскія песні, не спяшаючыся, выбраў i ссек дзве бярэзінкі, нацерабіў вецця і, падхапіўшы ўсё пад паху, пакіраваў у вёску. I ўжо амаль на выхадзе з лесу нечакана аж умлеў: нібы прытуліўшыся ад знямогі да белага ўжо ствала высакаватай бярэзіны, зусім блізка стаяла з сякераю ў руцэ i пазірала на яго Зося. Яна, здаецца, ужо не адну хвіліну сачыла за ім: яе рука з сякераю нібы бездапаможна звісала долу, a позірк быццам застыў.
Хоць i бачыліся ўжо колькі разоў пасля яе хваробы, перакідваліся словам-другім, але цяпер Янка набліжаўся да яе нібы не сваімі нагамі. Канечне ж, наўмысна прыйшла сама ў лес. Дзеля яго.
Падышоў. Ca шкадобаю зірнуў: якая тоненькая, нямоглая. Вочы, здаецца, яшчэ паглыбелі, акаймоўваліся цемнаватымі кругамі, кірпаты нос завастрыўся, a некалі поўныя, нібы намазаныя сокам губы абяскровіліся. I вунь сівізна на скронях.