Выбрать главу

Хоць Янка які ўжо год дзядаваў (некалі, у Ясікавым узросце, верыў, што дзяды прыходзяць уночы, баяўся, хоць даўно ведаў, што гэта — усяго толькі стары звычай, які бэсціць айцец Феадор), але ўсё роўна ў гэты дзень, за вячэраю найбольш, было вялікае ўзрушэнне — у памяць таго, хто жыў, каго ведаў. А заадно вось сёння падкрадваўся сум: гэта ж яму ўжо неўзабаве прыйдзецца вось так «дзедаваць» бацьку i маці...

Перажагнаўшыся, усе моўчкі пазачэрпвалі i пакаштавалі кашы, а потым, не спяшаючыся, не балабонячы, пачалі сёрбаць смачны, але посны халаднік, чакаючы бліноў i яешні.

Калі павячэралі, Янка, забываючыся пра сум, патаптаўся крыху па хаце, а потым, стараючыся вельмі не пазіраць нікому ў вочы, памкнуўся на цёмны, але цёплы двор, дзе хмельна пахла маладою лістотаю...

На сёмуху маці i бацька пад полудзень паехалі ў Налібакі на вясновыя памінкі на клады — змесці бярозавым венікам магілы сваіх родных, прыбраць ix, пасядзець, пачаставаць тых, хто ў гэты дзень «устае i ходзіць па могілках»,— а Кастуся пацягнула Янку на Аленіну паляну, дзе сёння збіралася гуляць, частавацца моладзь.

Гэтая сёмуха, як ні адна дагэтуль, была, бадай, самая мала вясёлая. Канечне, з-за хлопцаў. Без ix не было дураслівых, часамі грубаватых, але патрэбных жартаў, гарэзнасці, прыставання да дзяўчат, якія ад яго адбіваліся, але заадно i молада ўспыхвалі, гарэлі агнём, урэшце без хлопцаў сёлета не было ніводнага вяселля ў вёсцы. А якая ж бадзёрасць, уцеха без гульбішча?

Янка з дзятвою-хлапчукамі, іхнім Ясікам, Сцяпанавым унукам, Язэпам i іншымі падшыванцамі, ляжаў у цяньку на маладой траве i пазіраў, як, не сказаць каб вельмі ды гарэзна, але шчыра, дзяўчаты зноў хадзілі ланцужком праз «вароты», «куміліся» — цалаваліся адна з адной праз вянкі, спявалі песні. То пра дзявочае кумленне, гэта значыць пра дзявочае сяброўства:

Вы кумачкі-галубачкі, сястрыцы мае, Вы кумачкі-галубачкі, сястрыцы мае, Як пойдзеце ў зялёны сад, гукнеце й мяне, Як пойдзеце ў зялёны сад, гукнеце й мяне. Як будзеце вы краскі рваць, нарвеце й мне, Як будзеце вы краскі рваць, нарвеце й мне. Як будзеце вянкі звіваць, савеце й мне, Як будзеце вянкі звіваць, савеце й мне.

То спявалі пра каханне. Праўда, цяпер не «ішліся» вясёлыя песні — яны, канечне ж, былі супраць настрою, дык прасіліся з душы сумнаватыя, са скаргаю:

Усе вянкі паверх плывуць, А мой патануў, А ўсе дружкі з вайны йдуць, А майго няма.
Ці затапіўся, ці задавіўся — Весткі няма. Пайду я к свайму татачку На парадачку: — Парай, парай, мой татачка, Мне парадачку.
А парадачка небальшая — Адкуль дружка ждаць? Адкуль мне міленькага Свайго дажыдаць: Ці з Кіева, ці з Сібіры, Ці з тае Масквы?

Пазней, калі дзяўчаты пачалі ўжо гушкацца, Янка ўспомніў свайго непрыяцеля, Уладака Дземідовіча — смелага, нават нахабнага. Падумаў: а трэба на свеце i смеласць, i нахабнасць. Хоць бы для таго, каб дзяўчаты не былі такія вялыя. А па-другое, адчуў: усё, ён перарос ужо вось такія маладыя гульбішчы, час ужо яму быць сталым сямейным чалавекам, гаспадаром, быць у гэты дзень не тут, а са старымі.

Ён скіроўваў свой пільны позірк то на Вольку Чорную (нічога, ладная дзяўчына), то на Анельку-суседку (у святочных туфлях, сукенцы яшчэ болей нязграбная) — не, ні з кім з ix не хочацца жаніцца. Зося. Вось хто — яго сардэчная пакута, каханне!

Волька, адчуваючы яго мужчынскі чэпкі позірк, пунсавела, што ўпрыгожвала яе, а Анелька, ні разу не падняўшы на яго вачэй, зачырванелася, нібы яе шчокі нацерлі бураком.