Выбрать главу

— Ану, кавалеры, чаго лежыце? —першая падбегла да ix Кастуся, гарэзна ўхапіла Вольчынага пляменніка, Язэпа.— Давайце іграць языкамі i танцаваць!

Той, досыць высокі, толькі худы, чорны, як цыган, босы, пыхнуў сарамлівай чырванню, упёрся, вырываўся, нібы яго цягнулі на пагібель.

...Праўда, увечар было весела. Не Янка, не падшывальцы, а маладыя салдаты прывялі з Налібак музыканта, наладзілі танцы. Яны, чужыя, смела, беспакарана вытанцоўвалі, жартавалі з янкавінскімі дзяўчатамі, ціскалі ix па кутках, выводзілі на двор, ад чаго ў гэтую ноч не адно матчына сэрца замірала ад страху...

3.

Гэты, ужо чэрвеньскі, вечар быў ціхі, цёплы, нават парны — адпаведна, вельмі спрыяльны для таго, каб шугнулі ў рост трава, жыта, ячмень, пшаніца, авёс, бульба, а таксама, каб на ўсю сваю шчодрасць зазелянелі дрэвы i пачала крамянець i буйнець садовая завязь.

Непадалёку, здаецца, каля Гарбацэвіча, пачуўся дзявочы смех.

— Павядуць «русалку» ў поле,— патлумачыла Зося, прытуленая да Янкі i абгорнутая крысамі яго пінжака.— Хацелі сёлета выбраць за русалку Анельку, але яна не захацела. Дык сёння ў нашым гумне цэлы дзень плялі русалку з саломы, прыбіралі...

Яны не бачылі, што там робіцца, але паколькі Зося сама не раз не толькі брала ўдзел у русальных праводзінах, але i была русалкаю, дык адчувала: вось дзяўчаты начапілі сабе на галаву вянкі з розных траў, з васількоў, распусцілі косы, падхапілі «русалку» i з гіканнем паімчалі яе перад сабою на Сяло, на ўзгорак. Там яны пабяруцца за рукі, паходзяць у карагодзе, паводзяць з сабою «русалку».

Вось, здаецца, i закарагодзілі, бо ўжо адтуль пачулася песня:

На граной нядзелі Русалкі сядзелі, Ой, раны-раненькі, Русалкі сядзелі.
Русалкі сядзелі, На дзевак глядзелі, Ой, раны-раненькі, На дзевак глядзелі.

Даспяваўшы гэтую вядомую ў Янкавінах русальную песню, пасля пачалі развітальную:

Правяду русалку, правяду Дай асінкаю заламлю, Каб тая русалка Па жыце не хадзіла, Майго жыта не ламіла. Маё жыцейка дробнае Ды ў каласкі буйнае. Правяду русалку, правяду Дый асінкаю заламлю.

Паколькі пачало ўжо начэць, Зося адчувала: неўзабаве дзве пярэднія дзяўчыны стануць i паднімуць рукі, а самая апошняя пойдзе ім пад рукі i павядзе за сабой астатніх. I так, мяняючыся, пройдуць колькі разоў. Затым, падхапіўшы «русалку», паімчаць за вёску па крычатоўскай дарозе. I напраўду, дзяўчаты заціхлі ўжо i вунь патупацелі, каб шпурнуць «русалку» ў нейчае жытнёвае поле, каб самім, набіраючыся сапраўднага страху, бегма вярнуцца ў вёску — крый божа, яшчэ дагоніць «сапраўдная» русалка i задушыць каго.

Вось Зося i Янка, сціскаючы адно аднаму гарачыя рукі, шчасліва ўсміхаючыся, вуркочучы, як галубы, міжволі чулі, як, вішчучы, гупацелі з поля дзяўчаты. Неўзабаве паселі ў некага на лаўцы i, канечне ж, паблізу духмянага бэзу, але болей ужо не спявалі: усё, з гэтай хвіліны скончыўся час вясновых песень. Ён быў з сакавіка, калі пачалі чарнець на снезе першыя праталіны, i аж во да чэрвеньскай пары, да першага зязюлінага кукавання — калі вясну гукалі, вясной цешыліся, прадавалі i калі яе правялі, чакаючы цяплейшага сонца, летняй i асенняй спеласці, нават вялікай работы, якая будзе карміць усю доўгую зіму.

— Прайшла вясна...— уздыхнула Зося.— Які ўжо год не мая, для маладзейшых...— Схамянулася.— Хоць што я кажу? Хіба гэтая вясна не наша?

— Наша,— не шматслоўна, але шчасліва адказаў Янка.

— Наша,— шчасліва паўтарыла яна.— Мы ж зноў разам...— прылашчылася, пацалавала, слабеючы ад пяшчоты. Пасля папрасіла, тулячыся:

— Разыдземся, любенькі мой. Кажу ж, цяпер будзем бачыцца часта,— і, вяртаючыся з узлеску дадому, вучыла ўжо яго, што ім усё ж трэба сустракацца не кожны вечар, а — праз вечары два-тры. Каб не насцярожыць яе сямейнікаў, тым больш каб не адкрыць ім тайну.

Пасля, адчуваючы на зняможаных і, мусіць, падпухлых вуснах апошні Янкаў моцны пацалунак, ціхенька заходзіла ў сенцы, у хату, намагаючыся не зачапіцца за што-небудзь, ні гучна не тупнуць.

Свёкры не адклікаліся, можа, i затаіліся тут, на палку, а вось Віця, як адчула ўжо лежачы на сваім ложку, не спаў.

Яна не загаворвала, не клікала да сябе, абыякава, нават са злосцю слухала яго тужлівыя ўздыхі — мусіць, ён не верыць, што яна толькі «выходзіць у вёску». Не зважаючы ні на нішто, яна задаволена выпрасталася, з прыемнай асалодаю адчуваючы сваё акрэплае маладое цела, заўсміхалася сама сабе i неўзабаве заснула.