Выбрать главу

Жыў ён на адной з галоўных мінскіх вуліц— па Губернатарскай, амаль насупраць будынка мужчынскай гімназіі, непадалёку ад Нова-Маскоўскай гасцініцы, у доме Мілашэўскага, на другім паверсе, дзе займаў пяць пакояў.

Калі пазваніў, дзверы яму адчыніла пакаёўка. У Вільні звычайна яны трымалі маладых пакаёвак (амаль усе яны рана-позна станавіліся яго палюбоўніцамі), але тут (на вялікую жончыную радасць) ён сам знайшоў пажылую. Каб быць далей ад грэху. Яшчэ старэйшая была кухарка (выкладаў ён у дзвюх, а то калі i ў трох гімназіях, даваў прыватныя ўрокі па гісторыі ды літаратуры, меў яшчэ такія-сякія пабочныя заробкі, зарабляў не менш ста дваццаці рублёў у месяц), дык маглі жыць сытна, дазволіць сабе раскошу мець хатнюю абслугу, а ўлетку — наймаць домік з агародам у Ратамцы.

— Ну, як вы тут, цётка Стася? — запытаў ён.

— Добра,— буркнула тая, беручы вопратку. Адказала непрыхільна i ад яго запытання, што было дзеля прыліку, i ад крыўды: узгарэлася ў свае немаладыя гады выйсці замуж, а ён з Антанінай адгаварыў, напалохаўшы, што жаніх-салдат, які, мабыць, жанаты, пацешыцца ды з'едзе, як толькі закончыцца вайна. Калі ёй выходзіць замуж, дык трэба найперш за тутэйшага цывільнага чалавека. Стася i паслухала ix, i не паслухала: замуж не пайшла, але, як кажуць, па-ранейшаму сустракаецца са сваім таксама пажылым кавалерам. Адзінокая, без сям'і была i кухарка, Алена. Абедзве — бежанкі. Алена — тутэйшая, з-пад Вільні, Стася — з Польшчы. Цяпер вось полька, Стася, моўчкі павесіла паліто, пачапіла шапку на адзін з адросткаў ласёвых рагоў, прымацаваных да дубовай дошчачкі ў форме сэрца. Дошчачка была прыкручана да сцяны шурупамі, на галоўках якіх ён сам дзеля красы прыляпіў блішчастыя галоўкі ад кашулевых запонак.

— Вячэра гатовая? — ужо строга запытаў ён.

— Гатовая.

— Падавайце на стол,— прамовіў i, не чакаючы адказу, падышоў да блізкага вялікага круглага люстэрка. Расчэсваў рэдзенькія валасы на загарэлым улетку цемені, пасівелыя касмылікі на скронях i разглядваў свой твар — двайны падбародак, поўныя шчокі, куртаты, з кропелькамі поту на дзюбцы нос, глыбокія вочы.

Калі зірнуў у свае вочы, дык аж сумеўся. Не зусім проста зазірнуць у ix, нібы ў сваю душу. Здаецца, адтуль пазіраеш не ты сам, a выцікоўвае нехта іншы. Скрытны, двудушны, насмешлівы.

«Папаўнеў ты, браце,— у думках сказаў Муха таму чалавеку з люстэрка.— Завялікі ўжо жывот для такога ўзросту».

«Не юнак жа я ўжо i не галец. Сталы, сур'ёзны, з добрым становішчам у грамадстве»,— адказаў той i нібы ў доказ сваёй важнасці разявіў рот, дзе i знізу, i зверху заблішчэлі файныя залатыя каронкі.

Муха гарэзна падміргнуў саліднаму пану з люстэрка i задаволена падаўся ў гасцёўню.

Там, у вялікім пакоі з паркетнаю падлогай, з шыкоўнымі канапамі, з яркімі ўсходнімі дыванамі на сценах i на доле, з грувасткім камодам з чырвонага дрэва, на якім стаяў масіўны бронзавы кандэлябр з пяццю тоўстымі свечкамі, з вялікай круглай электрычнай люстрай на столі, бавілася яго сям'я.

Антаніна, мажная, яшчэ болей схільная ў Мінску да седатні, ляжала на бліжэйшай канапе. Каля яе сядзелі дочкі: старэйшая, адзінаццацігадовая Юля, чытала дзіцячую кніжку, а меншыя, васьмі-

гадовая Надзя i пяцігадовая Вольга,— усе ў блакітных шкарпэтачках, сукенках, i з банцікамі — слухалі з затоеным дыханнем. Воддаль, на другой канапе, сядзела i, начапіўшы на нос акуляры, вязала свэтар старая поўная Алена, ля яе ног у шкарпэтках таптаўся сын, Сяргей, народжаны ўжо тут, у Мінску, каля года таму назад.

Сын, яго любімец i ўцеха, маленькі поўненькі жэўжык, як кажуць, вельмі падобны на яго, на бацьку, аж раскрыу ад радасці роцік i, падтрасаючыся, слабеючы ў каленях, пайшоў-пабег уздоўж канапы. Калі апынуўся на яе краі, адной рукою ўчапіўся за варсісты зял'ёны плед, а другой паклікаў: бяры, бяры мяне, тата, на рукі!

— Ану-тка, герой, хадзі-хадзі сюды сам! — ён прысеў i выцягнуў сыну свае досыць дужыя, сялянскія, толькі без грубай работы далікатныя, з тонкай скураю i без мазалёў ды драпін рукі. Той, ужо кусаючы губкі, i прагнуў пайсці, i баяўся, усё патрабаваў, каб бацька падышоў першы. Але ён не падымаўся, змушаючы сына да смеласці. I той, адважыўшыся, нечакана адарваўся ад канапы і, спалохаўшыся, крычучы, упершыню пайшоў-пабег адзін.

Муха падхапіў яго на рукі, моцна прыціснуў i пацалаваў.