Дзіва: шматтысячны натоўп загудзеў, заварушыўся, пачаў гыркаць на «афіцэраў-абманшчыкаў» i сапраўды паволі вяртацца ў вагоны — i неўзабаве сонечны, усыпаны недакуркамі перон апусцеў. На ім засталіся толькі Фрунзе i міліцыянеры, салдаты з чырвонымі павязкамі, а таксама два пажылыя генералы i пяць маладых афіцэраў.
— Гнюсны балбатун! — тыцнуў тоўстым пальцам на Фрунзе маленькі сівы генерал.— Вы, вы разбэсцілі i армію, i Расію!
Фрунзе, схмурыўшыся (відаць, быў стомлены), на міг адрачона зірнуў на крыклівага ваяку, а пасля махнуў рукою сваёй ахове:
— Арыштаваць! Усіх!
Міліцыянеры i салдаты кінуліся да генералаў i афіцэраў (а некаторыя з ix ужо выхоплівалі пісталеты), a ў гэты час самы блізкі цягнік крануўся і, пыхкаючы клубамі дыму, папоўз не на ўсход, а на захад, да акопаў, i з праёмаў дзвярэй ды з падножак вагонаў салдаты махалі рукамі, абсвіствалі сваё вышэйшае начальства, якому ўжо закручвалі рукі...
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1.
З хронікі за верасень — кастрычнік 1917 года
Адышло-праляцела спякотнае i ў прыродзе, i ў палітыцы лета, прамільгнуў скупейшы на святло i цяпло, але лагодны верасень, парадавала душу развітальнае пяшчотнае бабіна лета, i пачынаў ужо адчувацца залацісты i ў той жа час пахмурны, дажджлівы лістапад.
Вёскі, як i трэба, справілі ўжо i вялікія дажынкі, пачалі збірацца малаціць, бо i ў гэтую восень ix прыспешвалі «патрэбы фронту». Мінск нібы жыў сваім жыццём, працаваў на «абарону», але ў ім крок за крокам акопваліся бальшавікі. Хоць у канцы жніўня з горада выехаў Любімаў, на пачатку кастрычніка — Фрунзе, ды трывала ўзвысіліся Ландар і Мяснікоў. Першы стаў старшынёю Выканкома Мінскага Савета (дзе большая палова была з бальшавікоў), a другі — старшынёю Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП (б). Бальшавікі не толькi мелі тут сваю ваенную абапірку, але нават падакляравалі петраградскім таварышам прыслаць на помач рэвалюцыйны корпус з армій Заходняга фронту.
Сусветная вайна доўжылася — і ёй не было відаць канца. З Петраграда кожны дзень прыходзілі толькі неспакойныя весткі.
Спачатку, калі ўціхамірылі генерала Карнілава i прыбралі яго з вачэй, пайшла па Мінску пагалоска: вось цяпер возьмуць уладу Саветы. Але Петраградскі Савет зноў саступіў руль. Стаўшы Вярхоўным галоўнакамандуючым, узначаліўшы Дырэкторыю (Савет пяці), над былой Расійскай імперыяй узвысіўся фанабэрысты Керанскі. Пасля, калі перавыбралі Петраградскі Савет i там рэй павялі бальшавікі, усе адчулі: не, Керанскі не запануе. Будзе рашучая сутычка. Керанскага з бальшавікамі.
Мусіць, усю Расію ашаламіла 18 кастрычніка. У гэты дзень газета «Новая жизнь» апублікавала заметку «Ю. Каменев о «выступлении», дзе член ЦК РСДРП (б) рассакрэціў намеры сваёй партыі i нібы перасцярог усіх: абараняйцеся, бальшавікі бяруцца за зброю! Гэтая заява Каменева ад свайго імя i імя Зіноўева нават тут, у Мінску, як кажуць, падліла масла ў агонь: адны рэзка засімпатызавалі бальшавікам, спадзеючыся, што тыя запыняць вайну, голад i разруху (да слова, за тры кастрычніцкія тыдні бальшавіцкая арганізацыя ў Мінску i на Заходнім фронце ўзрасла ў шэсць разоў), іншыя, наадварот, рэзка залямантавалі: бальшавікі «загубяць Расію!». Гэтыя аж пляскалі ў ладкі Керанскаму, калі той 24 кастрычніка заявіў у Прадпарламенце: «Временное правительство и я предпочитаем быть убитыми и уничтоженными, но жизнь, честь и независимость государства мы не предадим!»
Галава расійскай дзяржавы языкачосіў, хваліўся i пагражаў, але якраз у гэты ж дзень усё ў Петраградзе пачало мяняцца на вачах...
2.
Алесю Нямкевічу, як i раней, весткі з дому прыходзілі рэдка — адзін раз у месяц, не часцей. Падавала ix Кастуся, звычайна расказваючы гаспадарскія навіны (пра тое, што ўжо зжалі авёс, ячмень альбо выбралі бульбу), а таксама дадаючы да гэтага i вясковыя чуткі. Але вось цяпер, за тыдзень, Алесь атрымаў адзін за адным аж два лісты з дому. У першым Кастуся пісала, што іхняга Янку па-сваталі да Гарбацэвічавай Анелькі. Тут жа, пры сватанні, былі i запоіны. Дамовіліся, што Гарбацэвіч дасць у пасаг Анельцы восем дзесяцін ворнай зямлі, па тры дзесяціны лесу i лугу, каня, карову, а таксама страявога дрэва са свайго старога лесу маладым на хату. «Тата i мама надта радыя,— апавядала яму сястра,— а вот сам Янак не ўсцешаны». Вяселле, як i трэба, дамовіліся зрабіць да піліпаўскага паста, у канцы першага тыдня лістапада. У другім лісце Кастуся спяшалася даць яму вестку, што вярнуўся з Амерыкі іхні Гіполь. «Ён,— пісала яна,— надта не зарабіў, але вярнуўся злы, уцягнуўся там да гарэлкі. Вярнуў у хату Ядзю, але без дзіцяці, б'е яе...»