Выбрать главу

Алесеву задумлівасць перапыніў тэлефон. Трубку падняў Максім i доўга моўчкі слухаў.

— А што здарылася, не ведаеш? — пасля запытаў. Калі паклаў трубку, сказаў:— Званіў Сымон. З сённяшняга дня нашу газету будзе чытаць цэнзар з Мінскага Савета...

Алесь здзівіўся: што — зноў вяртаецца забарона на думкі, на слова? Ды ад каго? Ад тых, хто дагэтуль столькі гаварыў пра волю?

— Не, гэта не проста так...— пахітаў галавою Лашковіч.— Нешта здарылася ў Петраградзе...— А пасля запытаў нібы сам у сябе:— Хто на каго пайшоў? Хто каго ломіць?

Алесь склаў паперы з калонкамі лічбаў у папку, схаваў яе ў шуфляду. Душой адчуў: так, нешта новае выбухнула ў сталіцы. Па-першае, сёння адтуль не было свежых газет, па-другое, раніцай гаварылі, што ўночы, баючыся падзей у Петраградзе, Мінск абкружыла каўказская дывізія.

Неўзабаве яны выйшлі з магістрата. На выхадзе ўбачылі двух вайскоўцаў з прымкнёнымі штыкамі. Праўда, тыя ix не зачапілі, стаялі непарушныя.

— Што такое, брацец?— са здзіўленнем запытаў Лашковіч у маладзенькага рыжага салдата.

— Охраняем ваше здание,— спакойна адказаў той.

— Для чаго?

— Для порядка.

— А якая патрэба для гэтага?

— Скоро все узнаете...— непарушна адказаў той.

— Давай пройдземся,—сказаў Лашковіч,— паглядзім i паслухаем, дзе што відаць i чуваць.

Вымкнуўшыся ледзь не да касцёла Сымона i Ганны, запыніліся: па абодвух баках вуліцы дзеелася звычайная, але цяпер цікаўная работа: некалькі мужчын неслі кіпы вялікіх папер, наклейвалі па ўсіх баках шырокіх афішных тумб, а пасля ішлі далей. Вось па гэтым баку да ix наблізілася двое мужчын, адзін з ix — Алесеў аднавясковец Пятрусь Чорны, міліцыянер, тутэйшы бальшавік.

— Што за навіна, зямляк? — запытаў у таго Лашковіч.

Той, за лета памужнелы, яшчэ болей цыганіста ўчарнелы, усміхаючыся, падаў ім верхні вялікі аркуш.

Лашковіч узяў, павярнуў да сябе вонкавым бокам i пачаў чытаць тое, што было адціснута друкарскім спосабам:

П Р И К А З № I

К населению гор. Минска и окрестностей.

Власть в Петрограде перешла в руки Советов Рабочих, Солдатских и Крестьянских Депутатов. Весь Петроградский гарнизон, Балтийский флот и другие воинские части признали новую власть. Поступают отовсюду донесения, что армия и воинские части на всех фронтах признают новую власть, сохраняя полное спокойствие.

В Минске власть перешла в руки Совета Рабочих и Солдатских Депутатов, который обратился ко всем революционным организациям и политическим партиям с предложением немедленно приступить к организации временной революционной власти на местах.

Объявляя о происшедшем, Минский Совет Рабочих и Солдатских Депутатов доводит до сведения всех граждан, что им приняты самые решительные меры к охране революционного порядка и установлению полезной дисциплины повсюду. Установлена революционная цензура над всеми выходящими в Минске и получаемыми здесь газетами для предупреждения распространения волнующих население слухов.

Исполнительный Комитет Минского Совета

Рабочих и Солдатских Депутатов.

г. Минск

25 октября 1917 г.

Лашковіч затым яшчэ раз-другі прачытаў моўчкі, пасля ўражана запытаў у вясёлага Петруся:

— Калі адбыўся ў Петраградзе пераварот?

— Ён яшчэ ідзе,— адказаў той.

— Адкуль вы так усё ведаеце?

— Перадалі нам па радзіву.

— Дык Часовы ўрад яшчэ не скінулі?

— Не.

— То ці не рана вы святкуеце перамогу?

— Не,— упэўнена адказаў Пятрусь,—Керанскі ўжо не ўтрымаецца. Ды ён збег з Петраграда.

Калі расклейшчыкі ашаламляльнай аб'явы адышліся, Лашковіч, у гэтую хвіліну паніклы, сказаў:

— Спрытна, чорт пабяры, бальшавікі спажылі момант. Усе ж чакалі: aгa, 25 кастрычніка збярэцца Другі Усерасійскі з'езд Саветаў i законна рошыць: браць уладу ў свае рукі ці ўсё ж пакінуць яе Часоваму ўраду? A бальшавікі рашылі не языкачосіць ды не назіраць, куды i як будуць схіляцца вагі, а напярэдадні з'езда рушылі на Часовы ўрад з сілаю...

Затым, калі дамовіліся падысці да будынка Мінскага Савета, Лашковіч, шпарка крочачы, усё не мог утаймавацца:

— Спрытна спажылі ўдалы момант! А гэтыя «нашы» Мяснікоў, Ландар! Hi села ні пала — ужо на табе: Мінскі Савет бярэ тут уладу ў свае рукі! Во змова! Во хватка! К абеду перадалі ім па радыё, што іхнія пайшлі ў наступ, a ў абед яны ўжо расклейваюць свой загад! Значыць, загадзя пра ўсё дамовіліся, загадзя да ўсяго падрыхтаваліся! Каб ашаламіць люд, завабіць да сябе i тут жа пачаць рабіць сваё, каб ашаламіць суперніка i не даць яму апамятацца!