Выбрать главу

На Захараўскай вуліцы ix сустрэў Васілевіч — у капелюшы i доўгім старым плашчы, запацелы.

— Дзе вы дзеліся? — напаў ён.— Пачуўшы пра бальшавіцкі пераварот у Петраградзе, дэлегаты сабраліся зноў i рашылі закончыць з'езд. Усе чакаюць вас.

— I левыя прыйшлі? — пацікавіўся Лашковіч.

— Прыйшлі.

...Неўзабаве Лашковіч, Васілевіч i Нямкевіч былі ўжо сярод дэлегатаў Трэцяга з'езда БСГ, зноў ca спрэчкамі, але ўжо i цярпіма давялі з'езд да канца, выбралі новы склад свайго ЦК (Лашковіча ў яго не дапусцілі, а з яго сяброў выбралі Васілевіча, Нядолю, Белякову, з іншых вядомых людзей вылучылі Гартнага, Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Дылу i іншых). ЦК БСГ трэба было разгледзець усе «надзённыя пытанні», а таксама паднавіць праграму i статут партыі.

Праўда, левыя з Петраградскай, Маскоўскай i Бабруйскай суполак БСГ не падпарадкаваліся ЦК партыі. Яны палічылі сваёю вярховіцаю Петраградскі камітэт БСГ.

3.

Праз дзень, 27 кастрычніка, Мінск заліхаманіў.

Ідучы пасля абеду па прыцемненым i дажджлівым горадзе, Лашковіч убачыў: вуліцы запаўняе салдацкае мора. У горад, як падказалі яму, уваходзіць «дзікая» Каўказская дывізія. Казакі, а таксама i горцы рашуча адштурхоўваюць ранейшыя воінскія i міліцэйскія каравулы, верныя Савету, бяруць пад сваю ахову мінскія ўстановы, а на Саборнай i іншых плошчах ставяць гарматы, кулямёты, сцягваюць конніцу.

«Што — грамадзянская вайна?» — затрывожыўся Лашковіч, кожнаю жылкаю ўжо адчуваючы дух крывавай сутычкі.

У камяніцу, дзе размяшчаўся Франтавы камітэт, было не прайсці з-за салдацкага ўзброенага натоўпу. Лашковіч толькі тады здолеў туды трапіць, калі падскочыў конны афіцэр на белым кані i крыкнуў: «Разойдись! Главнокомандующий!» Мігам утварыўся вузкі калідор — i Лашковіч прашмыгнуў па ім паперадзе аўтамабіля.

Каля дзвярэй будынка яго затрымалі афіцэры, але калі назваўся, хто ён i адкуль, прапусцілі — праўда, пасля Балуева ca світаю генералаў i афіцэраў. За гэтымі вайскоўцамі ён падняўся на другі паверх, трапіў у досыць прасторную, з завешанымі вокнамі i электрычным святлом залу, дзе ўжо сядзела нямала вайсковага i цывільнага люду. Вось з трэцяга рада падняўся i паклікаў яго да сябе Скураны — той сядзеў побач з пажылаватым генералам, здаецца, з Доўбар-Мусніцкім.

Калі Лашковіч прысеў на вольнае чырвонае крэсла каля важнага, сёння павесялелага Скуранога, той назваў яго генералу.

— А, гэта вы — неслух?! — моцна паціснуў яму руку Доўбар-Мусніцкі, калюча кальнуў яго прыплюшчанымі вочкамі i зларадна ўхмыльнуўся:— Ну што, спадар, сышліся нашы сцежкі?

— Цяпер ужо, э-э, яны павінны супасці...— за яго адказаў Скураны i сціснуў Лашковічу калена — значыць, каб маўчаў.

У гэтую хвіліну з першых крэслаў падняўся сярэдняга росту мужчына ў чорным гарнітуры — камісар Часовага ўрада на Заходнім фронце меншавік Жданаў.

— Грамадзяне! — хрыплавата сказаў ён.— Мы паклікалі вас, прадстаўнікоў арганізацый i ўсіх палітычных партый (апроч бальшавікоў), на веча. Як вы ведаеце, сталічныя бальшавікі, не лічачыся з народнай воляй, з воляй Саветаў, сілаю зрабілі пераварот, арыштавалі законны Часовы ўрад. Яны перашкодзілі яму замацаваць у краіне рэвалюцыйную перамогу, давесці да лагічнага канца вайну. Бальшавікі штурхаюць Расію да хаосу, каб прадаць яе немцам. Са сталічнымі бальшавікамі, само па сабе зразумела, у змове бальшавікі, што акапаліся ў Мінску i на фронце. Калі наш Франтавы камітэт, выбраны воляю амаль двухмільённага люду Заходняга фронту, выступіў супраць узурпатарскага перавароту ў Петраградзе i ў Мінску, бальшавікі задзірліва выйшлі з нашага камітэта, самадумам выпусцілі салдат-здраднікаў з турмы, парушаючы ўсе законы, нахабна абрабавалі мінскія склады, узброілі гэтыя элементы i самачынна захапілі ўладу ў горадзе. Сёння яны ўтварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт i без ніякага сумнення аб'явілі яго вышэйшым кіруючым органам Мінска i фронту. Гэты Рэўком мае каля дзвюх тысяч штыкоў, яшчэ такую-сякую спачувальную сілу, у нас на сёння каля 20 тысяч штыкоў. Параіўшыся, мы рашылі ўтварыць «Камітэт ратавання рэвалюцыі». Вы не супраць, паны вайскоўцы i грамадзяне цывільныя?

— Не,— з месца, не падымаючыся, падаў голас Балуеў.

— Галасуем,— прамовіў Жданаў i першы ўскінуў руку.

За ім паднялі рукі i ўсе прысутныя ў зале.

— Дзякую за свядомасць i вернасць рэвалюцыі! — чулліва альбо вельмі па-артыстычнаму схіліў галаву Жданаў, прытрымліваючы другою рукою пенснэ.— Цяпер давайце выберам нашага старшыню. Ёсць думка, каб камітэт узначаліў сацыял-дэмакрат (меншавік) Калатухін. Не супраць?

Калі прагаласавалі, то за Калатухіна былі амаль усе. Пасля Жданаў сеў, а з першага рада падняўся гэты Калатухін — высакаваты, маладжавы, лысаваты. Ён падзякаваў «за давер», а пасля мякка, нават напеўна сказаў: