Выбрать главу

3 лістапада

Як пачуў сёння i прачытаў у бальшавіцкай газеце, учора вечарам у гарадскім тэатры адбыўся шматлюдны сход Мінскага Савета. З дакладам выступіў Мяснікоў. Ён, са сваёй пазіцыі, расказаў, што i як адбывалася за апошні тыдзень у Петраградзе, у Мінску, бязлітасна ганьбіў Франтавы камітэт i «камітэт ратавання» як «асіныя гнёзды». Хоць эсэры i меншавікі негадавалі супраць «насілля», але бальшавікі ўсё роўна аб'явілі Савецкую ўладу.

...Кажуць, Савет арыштаваў Жданава i Калатухіна, вышле ix з Мінска, трасе Балуева.

Не разбяруся, адкуль такая моц у бальшавікоў?! Чаму ім так усё спрыяе? Няўжо сам час за ix?

4 лістапада

З уражаннем чытаў у «Правде» за 3 лістапада «Декларацию прав народов России», падпісаную ад імя Рэспублікі Расійскай Народным камісарам па правах нацыянальнасцей Іосіфам Джугашвілі-Сталіным i Старшынёй Савета Народных Камісараў У. Ульянавым (Леніным).

«Исполняя волю (...) съездов, Совет Народных Комиссаров решил положить в основу своей деятельности по вопросу о национальностях России следующие начала:

1. Равенство и суверенность народов России.

2. Право народов России на свободное самоопределение, вплоть до отделения и образования самостоятельного государства.

3. Отмена всех и всяких национальных и национально-религиозных привилегий и ограничений.

4. Свободное развитие национальных меньшинств и этнографических групп, населяющих территорию России.

Вытекающие отсюда конкретные декреты будут выработаны немедленно после конструирования комиссии по делам национальностей».

Гэтую «Декларацию...» я прачытаў, можа, i пяць разоў. Далібог, не верыў вачам сваім!

Дагэтуль рускія цары, здаралася, саступалі тое-сёе сваім меншасцям, але ў нацыянальным сэнсе — ніколі альбо амаль ніколі, няўхільна бераглі ідэю «единой и неделимой империи». Калі пасля 1905-га крышачку адрэзалі ca скібы, то перад вайною i ў вайну тое вырвалі з рота разам з языком.

А тут... Столькі i ўсё адразу... Аж галава кружыцца!

Сёння сабраліся разам (Шуляк, Васілевіч, Муха, Нядоля, Нямкевіч i я), чыталі гэты новы дакумент.

Шуляк, як i я, разгублены; Васілевіч, Нядоля i Нямкевіч засімпатызавалі бальшавікам, толькі мудрагелісты Муха з ухмылкаю пазіраў на нас усіх, а пасля пацвеліўся:

— Лішне не цешце сябе надзеяй, хлопцы! Глядзіце ў корань: новы ўрад улічвае хібы папярэдняга, усімі сіламі хоча ўтрымацца, запыніць вайну i навесці лад у эканоміцы. Адгэтуль — яго прыгожыя абяцанкі-цацанкі: дэкрэты пра мір i зямлю, «Дэкларацыя...». Абяцаецца адразу ўсё, чаго народ даўно ўжо чакае... Але заўважце: зноў канкрэтнага мала, нешта некалі будзе... Калі? Што? А па-другое, будзьма рэалістамі: ва ўсе часы ўрады ішлі на самыя нечаканыя ўступкі, але толькі не па нацыянальным пытанні... Hi з чым так не загульваюць, як з ім! Нічога так не топчуць, як яго!

Мы анямела пазіралі на Муху, а ён хітра пасміхоўваўся i чамусьці пераможна пазіраў на нас.

Бог яго ведае! Не толькі мяне з Шуляком, але i Васілевіча, Нядолю, Нямкевіча астудзіў, растрывожыў гэты ўніклівы, не з сялянскім розумам, недаверлівы i скептычны Муха. Ды не зважаючы на сумненні, рашылі рыхтавацца да новага нашага з'езда, дзе ужо с в а ё п ы т а н н е паставіць с у p' ё з н а! З сённяшняга ж вечара пачалі пісаць запрашальныя лісты ва ўсе беларускія неакупаваныя гарады, у вялікія мястэчкі i за межы краю.

Новы з'езд думаем сабраць i правесці прыкладна 5 снежня.

...Позна вечарам да мяне зайшоў малады армейскі капітан. Наш зямляк, Еўзікаў з Магілёўшчыны. Мы з ім пазнаёміліся нядаўна. Дык вось ён сказаў мне, што яны, землякі-вайскоўцы, утварылі Беларускую вайсковую раду, збіраюць нам на помач ваенную сілу.

6 лістапада

Як пішуць мінскія газеты, бальшавікі смела i ўдала бяруць у свае рукі Заходні фронт. Пад іхняй эгідай прайшлі з'езды II, X i III армій.

Кажуць, новы Рэўком вобласці i фронту ўзначаліць Мяснікоў.

Адкуль у яго столькі сілы, каб мець гэтулькі клопатаў, усё рабіць? Што — яны двухжыльныя, гэтыя бальшавікі?! Ці яны дабіваюцца свайго найперш агромністаю сілаю волі, дысцыплінаю?

8-10 лістапада

Гэтыя дні Мінск зноў загуў, як патрывожаны вулей.

7 лістапада Савет Народных Камісараў на чале з Леніным паслаў у Магілёў тэлеграму Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму генералу Духоніну, параіўшы яму пачаць з немцамі мірныя перамовы. Але генерал не паслухаў i адмовіўся ад такой «ганебнай» місіі.