Выбрать главу

На Янкаву радасць, неўзабаве моладзь узбудзілася зноў выйсці з хаты на двор, яшчэ паскакаць — бацька выбег паперадзе ix, павесіў над дзвярыма закрыты ліхтар, вымкнуліся музыканты, зайгралі на баяне, на скрыпцы, цымбалах i трубцы.

Таксама вылезшы з-за стала, Янка пакінуў Анельку ў хаце, а сам з палёгкаю ўздыхнуў, хутка выйшаў на двор астудзіцца i пакурыць. Там сцяну хаты i плот абляпілі старыя кабеты (многія мужчыны засталіся ў хаце), а пасярод двара скакалі польку маладыя, у тым ліку i іхні Алесь з Волькаю.

Хоць ужо надыходзіла піліпаўская часіна, але было цёпла.

Толькі Янка сабраўся закурыць, як з хваляваннем убачыў: пляскаючы свату па руках, з сянец выскачыла Зося (дзядзька Стась, мусіць, залавіўшы яе там, згроб i цярнуў шчакою па яе шчацэ).

Гэта адразу згледзелі Янкавы суседкі, Касцюкевічыха i Буднічыха, тут жа абгаварылі свата:

— Вой, каб ты згарэў! Яшчэ дзевак мацае!

— А чаму такую не памацаць?!

Зося, звузіўшы вочы i ганарліва азірнуўшы ўсіх, накіравалася да яго, моцна шчыпанула за бок, а пасля, нібы нічога не здарылася, пусцілася ў скокі. Адна, трымаючыся за paгi накінутай на плечы белай хусткі.

Старыя кабеты ўжо накінуліся на яе:

— Брыдка гэтак маладой бабе напівацца!

— З гора насцябалася!

— Якое там гора! Распуста!

— Што вы хочаце?! — запыніўся каля кабет i пачаў ушчуваць ix дзядзька Стась.— Усе вы, кабеты, такія: калі маладыя, дык у вас вялікая хэнць i капрызы, a калі старыя, дык злосць i буркатня...

— А вы, мужчыны? — не сумелася Касцюкевічыха.— У вас i на старасці дур у галаве!

Янка, каб не слухаць абгаворы, лагодныя спрэчкі, каб не паказаць, што стаіць блізка i ўсё чуе, мінуў ix i запыніўся ў канцы двара, аж каля брамкі.

Зося, натанцаваўшыся (канечне ж, не з радасці), кінулася, абвісла непадалёку на плот, а пасля, адпачыўшы i зноў згледзеўшы яго, даволі гучна прамовіла:

— Хадзем на наша месца...

— Добра. Ідзі,— прашаптаў ён, перасцерагаючы, што i яна павінна паводзіцца абачліва. Людзі ўсё бачаць i чуюць.

Яна, наўмысна цярнуўшыся аб яго, выйшла з двара i неўзабаве схавалася ў цемені. Янка пачакаў, калі танцоры перавядуць дыханне i пачнуць зноў скакаць, а пасля шмыгнуў са двара i, лічачы, што яго знікненне ніхто не заўважыў, пашыбаваў па дарозе да Могліц.

Вунь ужо цьмяна каля цёмнай сцяны хвойніку святлеецца яе белая хустка. Наблізіўся — Зося адразу ж упала на грудзі, сашчапіла рукі на яго шыі. Прытулілася ўсім целам.

Нейкі час гарнулася i не то ціхенька стагнала ад сваіх пакут, што грызлі душу гэтыя дні, не то цешылася, што яны ўрэшце змаглі вызваліцца, сустрэцца i прытуліць адно аднаго.

— Не магу, Яначка...— потым паскардзілася.— Як пагляджу, што гэтая лупатая каза табе дасталася — дык сэрца млее!

Ён маўчаў, гладзіў яе плечы, што ўздрыгвалі.

— Ці ты, можа, рады? — нечакана адхілілася i ўся мігам перамянілася.— Багаты ж будзеш...

— Каменем на сэрца мне гэтае багацце...— уздыхнуў, прытуліў яе i зноў сціснуў у абдымку.— Ідзе вяселле, усе цешацца, гуляюць, а мне здаецца, што гэта не я жанюся... Зірну на яе — жыць не хочацца...

— Дык што цяпер? — запытала.— Скончылася ўсё ў нас?

— Чаму скончылася? Гэта — як мы самі захочам...

— А раптам ты звыкнешся? — жахнулася.

— Не.

— А гэтую ноч...— прамовіла перабівістым голасам.— Ужо ж разам будзеце... Муж i жонка...

— Не хачу я гэтай ночы...— адказаў.— Нямілая яна мне...

Вярнуўшыся ў свой двор, Янка ўбачыў: музыкаў, танцораў ужо няма, стаіць, курыць i гамоніць каля сянец некалькі мужчын.

— Можа, запыняць вайну...— гаварыў стары Касцюкевіч.— I напісалі пра гэта, i перамаўляцца, бачыце, пачалі ўжо...

— Дай бог,— прамовіў Гарбацэвіч, Янкаў цесць.

— Гэтыя бальшавіке не толькі гавораць...— сказаў стары Навіцкі.— Хатаўцы вунь выбралі свой каміцет i падзялілі панскае жыта, сена. Увесну, кажуць, будуць дзяліць зямлю...

— Можа, i зменіцца што...— згадзіўся Касцюкевіч.— Усё ж век на адным месцы стаяць не можа...

— Палепшае ці не палепшае, а змены будуць...— уставіў сваё слова i іхні Гіполь, дымячы замежнай цыгаркай.— Недарэмна паліцікі з Амэрыкі сюды прыехалі...