I Гіполь, бачачы, што добра слухаюць яго, бывалага чалавека, які пабыў «нават за вялікім морам», «на канцы свету», пачаў паўтараць расказанае ім ужо не раз:
— Я хацеў вярнуцца дадому, калі яшчэ ў фермера рабіў, калі яшчэ тут цар быў. Але не пускалі. Кажуць, вайна, караблі немцы топяць. A калі пераехаў у Бастон, на завод, дык да мяне неяк, як толькі скінулі цара, сам галоўны інжынер, Фельдман (кажуць, немец), падышоў. «Чуў: дадому, у Расею, хочаш?» — па-руску запытаў. «Хачу».— «Дык можам узяць, за паўцаны білета нават, калі будзеш у каютах прыбіраць, палубу мыць i трымаць язык за зубамі». Я ў той час на ўсё гатоў быў, абы толькі вярнуцца дадому. «Збірайся, скора адплывём». I, праўда, хутка паплылі. На Мурманск. Цэлы карабель, кажу, маладых паліцікаў. Палавіну рыжых, палавіну з чорнымі валасамі. На ўсіх, брат, мовах гавораць. Але калі па-руску ці па-англійску пачнуць гудзець, дык чую: пра расейскую рэвалюцыю i пра рэвалюцыю ва ўсім свеце гавораць, мяркуюць, што i як тут будуць рабіць... А гэты мой дабрадзей, Фельдман, усё рукі паціраў: быць не можа, казаў, успорам з бярлогі мядзведзя, запражом у сані i пакатаемся як след!..
— I як яны, жыўшы за светам, ведаюць, што тут трэба рабіць?
— Паліцікі, дзядзька, усё ведаюць,— адказаў Гіполь.
— I як яны думаюць ладзіць без цара, без паноў? — паціскаў плячыма Навіцкі.
— Не бойся,— ухмыльнуўся Гарбацэвіч.— Улегцы не будзем бегчы. Нехта ўсядзецца на карак.
— Ну, а як там, у Амэрыцы, усё ж людзі жывуць? — запытаў Навіцкі (ён гэты тыдзень адлучаўся з Янкавін, дык, лічы, не чуў Гіполевых расказаў).
— Скажу, дзядзька, як на споведзі,— усміхнуўся Гіполь.— I там бачаць вачыма, чуюць вушамі, ходзяць нагамі, робяць рукамі, ядуць ротам, цалуюць губамі...
— Усюды, за марамі, за гарамі — адно! — пахітаў галавою Гарбацэвіч.— Усюды трэба рукі мазоліць — дык i жыць будзеш...
Выйшаў з сянец гаспадар i перапыніў іхнюю гаману.
— Хадзеце, мужчыны, у хату,— запрасіў. Вясёлы. Рады.— Маладыя разышліся па вёсцы, а вы яшчэ пасядзіце, пагаманіце ў цяпле за сталом. Бог ведае калі яшчэ вот гэтак збяромся разам...— I, убачыўшы Янку, не то перасцярог, каб ён загадзя ведаў, як трэба апраўдацца перад гасцямі, не то паўшчуваў: — А ты, малады, ці не пагнаў курэй да вады? Які час ужо цябе шукаюць, а пра цябе ні дыху ні слыху...
...У глыбокую ноч, калі ўжо, здаецца, усе, натомленыя, павінны былі моцна спаць, Янка нечакана прачнуўся. Ад нейкай трывогі.
Прыслухаўся: здаецца, тоненька вішчыць, скуголіць шчаня.
Дзе яно? Адкуль узялося? Ага, здаецца, паблізу, у спальні:
— Пусці, Гіполька. Баліць.
— А тады, калі з казаком цешылася, не балела? — злосна працадзіў брат і, мусіць, зноў затуліў Ядзі далонню рот, бязлітасна закруціў на яе целе тонкую скуру.— Сама далася?
— Не! Не! — здушліва енчыла яна.— Сілаю...
— Ілжэш,— сіпеў ён і, мусіць, яшчэ болей нелітасціва мучыў, бо Ядзя завыла не па-чалавечаму.
«Калі сам вярнуў яе дадому, дык чаго тады катуе, выпытвае абы-што?» — з непрыемным пачуццём да брата падумаў Янка.
Пачуў: хтосьці затупаў у чорнай хаце, адчыніў сюды дзверы.
— Сын! — пачуўся з пapora матчын голас.— Не рві сэрца!
— Яна мне не толькі парвала сэрца, але i перагрызла ўсю душу...— паскардзіўся Гіполь.
— Так бог ужо даў, сынок...—уздыхнула маці.— Даруй...
— Не магу, мама,— усхліпнуў той.— Я пот ліў, капейку да капейкі збіраў, а яна...
— Даруй, сыночак,— зноў папрасіла маці.
— Каторыя нашы там i з белымі, i з чорнымі паненкамі альбо кабетамі гулялі, а я ні на адну нават не зірнуў...
— Малыя дзеці — малая бяда, вялікія дзеці — вялікае гора...— цяжка ўздыхнула маці, зачыніла дзверы i патупала адсюль.
Тут, у белай палавіне (перагародку паміж спальняю i залаю выкінулі на час), запанавала звонкая цішыня. Толькі чуваць было, як цікаў вялікі, прывезены Гіполем насценны гадзіннік.
— Даруй, Гіполька,— прашаптала Ядзя.— Каб ты ведаў, як кляну сябе, хаджу па зямлі i свету не бачу...
— Распусніца! — буркнуў ён, а пасля падняўся i падаўся са спальні. Мусіць, курыць.
Янка ляжаў на разасланым на падлозе саламяным кулі i асцерагаўся паварушыцца: каб не пачулі яго руху ні братавая Ядзя, ні гэтая Анелька, якая прымасцілася паблізу. Алесь яшчэ не вярнуўся дадому, загуляўся недзе. Няўжо яго гэтак заваражыла Волька?!
У гэтую, паспакайнелую ўжо, хвіліну Анелька паварушылася, нечакана абмацала ў цемені яго руку, сціснула яе і, падкочваючыся, прашаптала яму ў самае вуха:
— Я табе верная-верная буду... Вось паглядзіш!
Ён ад гэтай раптоўнасці аж уздрыгнуў, не мог нічога адказаць, а яна зноў неспадзявана паднесла яго руку i раз-другі пяшчотна пацалавала ў далонь, а пасля ласкава прытуліла яе да сваёй шчакі...