6.
Сёння Муха быў у новай, дагэтуль засакрэчанай, кампаніі.
За доўгім сталом сядзела, як падлічыў ён, дванаццаць чалавек. Усе яны былі ў белых рукавіцах i белых фартухах, а чалавек пяць («З верхняга паверха»,— падумаў) хавалі твар пад чорнаю маскаю з вузкімі шчылінкамі для вачэй. Значыць, гэтыя пяцёра альбо самі высокапастаўленыя, альбо агенты ў тутэйшай высокай уладзе.
Прамовіла двое з ix. Першы, нізкі i камлюкаваты, «Арарат», мяняючы голас i наўмысна падрабляючы закаўказскі акцэнт, расказаў пра ўсё тое, што робіць i думае рабіць новы Франтавы камітэт i штаб Заходняга фронту, як 21 лістапада заключалася ў Солах перамір'е з немцамі. Другі, высокі, стройны, па клічцы Іваноў, перадаў, як паводзяцца ў апошнія дні людзі з распушчанага «камітэта ратавання», розныя палітычныя партыі, адстаўны губеранскі камісар Самойленка, Мінская дума, польскія i ўкраінскія лідэры i воінскія часці.
Толькі што пачаў гаварыць трэці з засакрэчаных, «Капітан». Ён, падрабляючы прыбалтыйскі акцэнт, сказаў:
— Паслязаўтра тут рэарганізуецца Савецкая ўлада. Сальюцца камітэт абласнога Савета рабочых i салдацкіх дэпутатаў (35 чалавек), абласны Савет сялянскіх дэпутатаў (35 чалавек) i Франтавы камітэт Заходняга фронту (100 чалавек). Утворыцца адзін вышэйшы орган Саветаў Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губерній i Заходняга фронту — Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці i фронту (Аблвыкамзах). Яго прэзідыум будзе з пяці чалавек: Рагазінскі (старшыня), Крывашэін i Казлоў (таварышы старшыні), Алібегаў i Осіпаў (сакратары). Аблвыкамзах разам з Паўночна-Заходнім абласным камітэтам РСДРП (б) i Ваенна-рэвалюцыйным камітэтам (а гэтыя два апошнія органы, як ведаеце, узначальвае Мяснікоў), будуць кіраваць усім ваенна-палітычным i гаспадарчым жыццём Заходняй вобласці. Выканаўчы орган Аблвыкамзаха — Абласны Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту. Ён будзе па ўзоры СНК РСФСР. Старшыня — Ландар (ён i камісар унутраных спраў).— Прамоўца дастаў з патайной кішэні лісток i пачаў чытаць з яго.— Вось, Пётр, спіс будучых іншых народных камісараў. Да слова, Іван Алібегаў — камісар працы, Станіслаў Берсан — па справах нацыянальнасцей, Майсей Калмановіч — харчавання, Мяснікоў, Каменшчыкаў — па ваенных справах, Фрэйман — гандлю i прамысловасці i г. д.
Прамоўца падаў лісток Дзядзю. Той, паблізу свечкі, што стаяла ў чэрапе, узяў лісток, прабег па ім вачыма праз масіўныя акуляры, паклаў яго ў сваю папку.
— Чараўнік,— мякка прамовіў Муху новы вядомы (толькі для гэтага, а можа, яшчэ i для вышэйшага кола) псеўданім.— Праінфармуйце нас пра вашых падапечных.
На яго зірнулі ўсе. Нават тыя, хто быў у масках. Як ён ні ўтаймоўваў хваляванне, яно ўсё роўна пыхнула: як-ніяк, а цяпер яго слухае камандны цэнтр.
— У беларускім нацыянальным руху заявіліся новыя нюансы,— прамовіў ён перабівістым голасам.
— Раскажыце спачатку пра мясцовыя навіны,—сказаў Дзядзя.
Муха ca згодаю кіўнуў галавою, адчуваючы, што валявой сілаю адольвае хваляванне. Ды чаго ён павінен дрыжаць?!
— За гэты месяц Вялікая беларуская рада вельмі ажывілася,— прамовіў ён.— Пачалі саюзіцца «левыя» i «правыя» грамадоўцы, іншыя нацыянальныя партыі, ёсць папаўненне з іншых гарадоў, вёсак i воінскіх часцей, а таксама да гэтага руху далучаюцца некаторыя нядаўнія непрыяцелі — меншавікі, эсэры, бундаўцы, сіяністы...
— Усе супраць Саветаў? — перапыніў яго Дзядзя.
—Так,— хітнуў галавою Муха.— Лашковіч наладзіў кантакты з Украінскай народнай рэспублікай, вядзе нялёгкія перамовы са штабам корпуса Доўбар-Мусніцкага. Капітан Еўзікаў, адзін з лідэраў Беларускай вайсковай рады, як я ўведаў перад самым адыходам сюды, сёння атрымаў дазвол утварыць беларускі полк...
— Хто падпісаў гэты дазвол? — ажывіўся Дзядзя.
— Начальнік штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага генерал Бонч-Бруевіч,— адказаў Муха.— A галоўнакамандуючы Заходнім фронтам зацвердзіў склад Беларускага вайсковага камітэта, выбранага на Франтавым з'ездзе. Карацей, Вялікая рада збірае армію, каб, можа, i з яе помачы дабіцца свайго...
— Аўтаноміі? — запытаў Дзядзя.
— Пакуль што — аўтаноміі...— адказаў шчыра Муха.
— Ну, а што вашы ў Петраградзе?
— Як вы ведаеце, сярод нашых землякоў у Петраградзе да нядаўняга часу быў самы моцны грамадоўскі pух. Цяпер, пасля кастрычніцкага леравароту, ён расколваецца. Сама меней — на тры крылы...
Як бачыў Муха, усе яго ўважліва слухаюць.
— Недзе каля 700 грамадоўцаў, рабочых i маракоў Балтыйскага флоту, утварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю (БСДРП). Яны i іхні лідэр Чарвякоў, а таксама другое левае крыло на чале з Гартным пайшлі за Саветамі. Чарвякоў, Гартны, Белякова — ужо члены Петраградскага Савета. Астатнія грамадоўцы — на ранейшых пазіцыях альбо хістаюцца...