Выбрать главу

— Ну, а цяпер пра іншыя цячэнні вашых землякоў,— прамовіў Дзядзя.— Да слова, пра петраградскі Беларускі абласны камітэт.

— Ён утвораны зусім нядаўна пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў, хутка набірае моц. Адзін з яго лідэраў — Кужэльны.

— Якія захады гэтага БАКа?

— Вельмі блытаныя. Кужэльны дыскутуе i з Чарвяковым, Цішкам Гартным, i з Лашковічам.

— З-за чаго сутычкі БАКа з групамі Чарвякова, Цішкі Гартнага, а таксама з Вялікаю радаю?

— Як я разумею, з Чарвяковым i Гартным Кужэльны спрачаецца з-за ix саюзу ці сімпатый да Саветаў. Вялікую раду папракае за «марудлівасць» i за «без'языкасць»...

— Ну, а сам ён чаго хоча?

— Кужэльны абапіраецца на эсэраў. Па-другое, імкнецца ў лідэры. Мы, піша ён, «павінны спахапіцца, не быць сузіральнікамі ў жорсткай барацьбе, іначай нас, разявак, запалоняць альбо партыі-пераможцы, альбо ўвішныя суседзі». Кужэльны патрабуе, каб Вялікая рада падпарадкавалася яго БАКу.

— Ну, а што Лашковіч? — усміхнуўся Дзядзя.— Ускіпеў?

— Ускіпеў, але пашле ў Петраград Васілевіча i Шуляка.

— Дзякую, Чараўнік,— сказаў Дзядзя,— Падагульнім пачутае. Значыць, моц набіраюць бальшавікі. З другога боку, шок ад ix перавароту мінае. Расце нацыянальны рух. Ёсць звесткі, што Антанта не толькі супраць, што Саветы перамаўляюцца з немцамі, але думае пакараць Расію, падзяліць яе на свае сферы ўплыву... Адным словам, на парозе — грамадзянская вайна... Некаторыя генералы ўжо збіраюць сілы на Доне i на Украіне. За імі пайшлі многія чыны царскай паліцыі, ахранкі. Ваш, Чараўнік,— усміхнуўся,— i наш «апякун», падпалкоўнік Сінілаў, у тым ліку... Самы блізкі час пакажа: утрымаюцца бальшавікі ці не? Разгорнецца грамадзянская вайна паміж імі i меншавікамі, эсэрамі, генераламі, а то i старым апаратам альбо будзе нейкі кампраміс? Канечне, шмат будзе значыць, як другога снежня пойдуць перамовы ў Брэст-Літоўску з немцамі.

Дзядзя падняў галаву, акінуў усіх цэпкім позіркам, замахаў у паветры рукою з малаточкам, дадаў:

— Адпаведна, узмацняем ва ўсіх нянавісць да цара i да старога ладу, да легенды пра залаты век у мінулым, няспынна вяшчаем, выхоўваем любоў, цягу «да светлай будучыні» i няспынна множым, яшчэ раз паўтару, множым хаос, неразбярыху, распальваем варожасць паміж Саветамі i ix праціўнікамі, сутыкаем розныя палітычныя групіроўкі. Трэба яшчэ болей усіх заблытаць, знясіліць — вось тады, калі настане суцэльная неразбярыха, ва ўсіх апусцяцца рукі, прыйдзе наша сапраўдная часіна... Кожны дзень, кожную хвіліну збірайце i збірайце ўсюды навіны, кантралюйце i кантралюйце ход падзей, заўважайце самыя маленечкія новыя нюансы i адразу ж дакладайце мне...— Стукнуў малаточкам па стале.— Ясна?

Калі ўсе паслухмяна хітнулі галовамі, маленькі i шчуплы Дзядзя паказаў рукою на тых, хто быў у масках:

— Вы застаньцеся, перакінемся словам-другім пра асобныя дэталі, a астатнія — вольныя...

7.

Васілевіч i Шуляк вярнуліся з Петраграда на пачатку снежня, калі ўжо ўволю адцубанілі сваё дажджы, адшумеў-нагуляўся сыры цяжкі вецер, нарываючы сіберны холад i вадзяністы снег, калі адстояліся цёмныя, глухія i непрытульныя піліпаўскія ночы, спала, счарнела лісце, калі пачаў нарываць марозны вецер.

Васілевіч адразу з вакзала (быў яшчэ з чамаданам) прымчаў сюды, да Лашковіча i Нямкевіча.

— А дзе Максім? — нават не павітаўшыся, запытаў ён.

— Усе гэтыя дні з Рак-Міхайлоўскім i Еўзікавым фармуюць беларускія палкі,— адказаў Нямкевіч i падаў руку.

— Ясна,— прамовіў той, паціснуў руку ў адказ.

Пасля расхінуў доўгае зношанае паліто, зняў стары капялюш, паказаўшы некалі густыя чарнаватыя, а цяпер, за апошнія месяцы, ссівелыя валасы. Сеў на крэсле і, паклаўшы абшарпаны чамадан на каленях, забарабаніў па ім пальцамі з пагрызенымі пазногцямі.

— Ну, што выездзілі? — запытаў Нямкевіч.

— Пасля, Алесь...— заплюшчыў той вочы.— Апранайся. Хадзем да Максіма — там i пагаворым...

Затым моўчкі брылі па люднай Захараўскай вуліцы, тапталі тонкі i рэдзенькі снег i, неўзабаве павярнуўшы, апынуліся каля цёмнай казармы, дзе штаб фронту прадпісаў размясціцца ваенным часцям Беларускай цэнтральнай вайсковай рады.

Каля варотцаў з цаглянымі шуламі i жалезнаю брамкаю, як i належыць, ix затрымаў вартавы — малады салдат у ботах i шынялі, з вінтоўкаю. Загаварыў па-беларуску — запатрабаваў пропуск. Калі яны паказалі свае паперкі, прапусціў.