У двары, шырокім, абгароджаным з трох бакоў цаглянаю чырвонаю сцяною, а злева — двухпавярховаю камяніцаю, стаялі выстраеныя — мусіць, паротна — можа, i два палкі. Каля рот пакручваліся афіцэры. Яны, як чулася, падавалі вайсковыя каманды па-беларуску i прывучвалі да ix салдат — нядаўніх сялян з беларускіх губерняў.
Ведаючы тут хады, Васілевіч i Нямкевіч накіраваліся адразу да канцылярыі, каля яе вісеў бела-чырвона-белы сцяг.
Падняліся па чыстай лесвіцы на другі паверх, падышлі да абабітых чорнаю скураю дзвярэй з прыклеенаю паперкаю «Штаб беларускага войска».
У вялікім, сціпла абстаўленым кабінеце (карта Расійскай імперыі, на якой чырвоным алоўкам былі абведзены межы Беларусі, сейф, стол, крэслы абапал сцен) яны ўбачылі амаль усё сваё вайсковае начальства — Петрыкевіча, Еўзікава, Рак-Міхайлоўскага i двух цывільных — Лашковіча i незнаёмага чарнявага хлопца. Усе сядзелі абапал стала, i ўсе былі ўзбуджаныя.
Рак-Міхайлоўскі — маладжавы, гадоў трыццаці двух, танклявы мужчына — хітнуў ім галавою, паказаў рукою садзіцца і, трымаючы ў руках паперку, запытаў ва ўсіх:
— Дык што, спадары, адкажам Аблвыкамзаху?
— Аблвыкамзах зусім не лічыцца з нашым краем, народам, з намі, воінамі-беларусамі...— гнеўна прамовіў генерал Петрыкевіч — пажылы, мажны, лысаваты, з русявымі валасамі на патыліцы.— Распусціць наша войска — гэта значыць зрабіць нас бездапаможнымі...
— А для чаго вам сіла? — зусім не збянтэжыўся чарнявы.
— А дзеля чаго я столькі гойсаў па Заходнім фронце, генерал Пажарскі — па Паўднёва-Заходнім, а ён,— кіўнуў на Еўзікава,— па Паўночным? Дзеля чаго мы збіралі свае часці? Каб вы паздзекаваліся?
— Калі мы выявілі, што вы...
— Вы цацкаліся толькі...— перапыніў яго генерал.— Вы не бачыце, што мы хочам бараніць свой край ад немцаў, ад легіёнаў Доўбар-Мусніцкага i нават ад Украінскай Народнай рэспублікі...
— Вы абароніцеся? Адны? — ухмыльнуўся чарнявы.
— Калі б нам не заміналі, мы маглі б утварыць вялікае войска,— прамовіў Петрыкевіч.— На франтах не адна сотня тысяч нашых землякоў...
— Не смяшыце мяне! — зноў ухмыльнуўся пасланец Аблвыкамзаха.— Нацыяналізацыя часцей, вывад ix з пазіцый — развал рускай арміі. Многія салдаты ўкраінскай i беларускай нацыянальнасцей збіраюцца пад «сваім» сцягам, каб толькі выскачыць з акопаў i вярнуцца дадому. Асобныя ўкраінскія часці рвуцца на Украіну, вашы — у Мінск. А гэта пагражае Савецкай уладзе. Па-другое, агаляе цэлыя франтавыя ўчасткі, а па-трэцяе, дае прыклад i іншым уцякаць з фронту. Цяпер, як Савецкі ўрад падакляраваў мір, зямлю, заключыў з немцамі перамір'е i спрабуе заключыць мір, многія салдаты, ураджэнцы расійскіх вёсак, пачалі дэзерціраваць. Цэлымі эшалонамі пруць з фронту. Ca зброяй у руках. Вось Аблвыкамзах, параіўшыся з Рэўкомам, з Паўночна-Заходнім камітэтам РСДРП, рашыў: спыніць нацыяналізацыю часцей i забараніць нацыянальныя з'езды. Адпаведныя паперы пасланыя ўжо Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму з парадаю аддаць адпаведны загад...
— Як — забараніць нацыянальныя з'езды? — умяшаўся ў гаворку Лашковіч, зусім коратка астрыжаны, у новых масіўных акулярах.— Ды гэта ж парушэнне вашай жа, савецкай «Декларации прав народов России»! А заадно чаго тады вартая заява Мінскага Савета ад 5 верасня аб праве нацый на самавызначэнне?
— Народных праў мы не парушаем,— адказаў па-ранейшаму спакойна чарнявы.— Народ павінен сам рашыць свой лёс. А вось вам, адарванай ад народа жменьцы, мы не дазволім самаўпраўнічаць.
— Нас — жменька? — падхапіўся Петрыкевіч, падскочыў да акна i паказаў рукою на двор.— Там жменька? Не, дарагі! Не жменька! А праз тыдзень, месяц будзе ў сотню разоў болей!
— Вы ix атуманілі...— падняўся i чарнявы.— Значыць, паны, паўтару пастанову Аблвыкамзаха: спыніць адклікаць салдат, часці з фронту, заўтра-паслязаўтра вашы батальёны павінны быць далучаны да 289-га пяхотнага запаснога мінскага палка i падпарадкоўвацца камандзіру гэтай часці. Калі не згодзіцеся, то вашы часці будуць раззброены сілаю, а вас, верхаводаў, мы арыштуем...
Калі чарнявы выйшаў, генерал Петрыкевіч, не выбіраючы слоў, пачаў брудна лаяць, абражаць Ландара i Мяснікова, па яго словах, «прыблудаў i нахабных махляроў».
— Давайце, сябры, суцішым свае эмоцыі,— ціха прамовіў Рак-Міхайлоўскі.— Параімся: што рабіць? Але спачатку няхай Сымон раскажа, што ён прывёз з Петраграда.
Пунсовы генерал заціх, прысеў на падаконніку. Пільна зірнуў на Васілевіча i натапыраны Лашковіч.
— Вось што...— прамовіў Васілевіч, зноў барабанячы пальцамі па чамадане.— Кужэльнага мы змусілі адмовіцца ад палітычнага ультыматума. Цяпер ён не дабіваецца аднаасобнага лідэрства свайго БАКа. Ён згадзіўся саюзіцца з намі, з петраградскімі партыямі Гартнага i Чарвякова. Але на тым-сім ён настойвае непахісна. Да слова, патрабуе наш з'езд, назначаны на 5-е, аб'явіць толькі прыватнаю нарадаю, а з'езд склікаць на 15-е. За гэты час як мага больш правесці нашых канферэнцый у арміях, як мага больш выбраць нашых вайсковых камітэтаў i дэлегатаў воінаў-землякоў на з'езд. Веры, што нам памогуць нашы сяляне, лічыць ён, няма...