Выбрать главу

— Я, калі, можа, яшчэ во гэтакі быў,— кіўнуў на Ясіка, загаворваючы не пра тое, што муляла Янку, a зусім пра іншае,— часта ездзіў з бацькам у лес. Удзень — у свой, a ўночы, бывала,— i ў казённы. Дык вот ведаеце, што трэба рабіць, каб далека не было пілы чуваць? Не? Трэба камель кажухамі абгарнуць. Тады дзерава не звініць, не пяе, а глушэе.

Зірнуў на Янку i, мусіць, заўважыў на яго твары пакуту.

— Калі прыехалі ўжо, дык давай зрэжам хоць гэтую хвою. Толькі рэжма паціху,— прамовіў i калі зноў запілавалі, дык ужо не спяшаўся, стараўся большы цяжар браць па сябе, а каб ён часцей цягаў пілу ўлегцы.

Пасля, калі павалілі сухастоіну (а яна, як здараецца ў няўдалых разакоў, не ламалася, не пакінула на пні доўгай вострай пікі), бацька затупаў ад хвойкі да хвойкі ды пачаў выбіраць самую нягеглую. Але ўсё шкадаваў: тая — крывая, але падрасце, камель будзе спраўны, тая — разгалая, але на калодзежны журавель прыдасца, тая ўсыхаецца, але вельмі ж тонкая, на дошкі-шалёўкі пойдзе.

Калі ўсё ж адшкадаваў, спілавалі яшчэ дзве невысокія няўдалыя хваіны, парэзалі на кавалкі. Лягчэйшыя насілі на сані па аднаму, a цяжкія цягнулі ўдвух вяроўкаю — чаплялі за самы камель вузел, бацька браў адзін канец вяроўкі, а ён — другі, перакідалі цераз плечы i валаклі. Самы важкі камель дацягнулі на дарогу канём — канцы вяроўкі прывязалі да гужоў хамута. Пасля падабралі ўсё астатняе—галлё, сукі, нават абтрушчаную кару i лепшае вецце (на памёлы). Складзеныя палены на санях перавязалі вяроўкамі i паціху падаліся дадому. Наверсе дроў сядзеў i кіраваў канём Ясік, а Янка з бацькам, пыхкія ад гарачыні, стомленыя, задаволеныя, моўчкі, кожны думаючы сваё, тэпалі за саньмі ўслед. З'ездзяць яшчэ разы ca два ў свой лес, дакупяць бярэзіны i альхі ў Налібацкім лясніцтве альбо ў хатаўскога пана — i будзе дроў на новую зіму. Вайна вайною, вэрхал вэрхалам, а гаспадару ўсё роўна трэба дбаць пра гаспадарскае.

2.

Калі спусціліся з Палька (конь падбег, а Янка з бацькам адсталі), паднялі галовы i зірнулі на Янкавіны з гэтага тыльнага боку, дык аж устрапянуліся: у вёсцы штосьді дзеелася няладнае.

Амаль ля кожнага (як можна было акінуць вокам) гумна стаялі коні з саньмі, а з гумнаў людзі выносілі i накладалі на сані сена. Што за дзіва: янкавінцы змовіліся i адначасна апаражняюць гумны? Але чаго тады на ўсім наваколлі гудуць узбуджаныя людскія галасы, а там-сям чуецца енк альбо плач. Стары Нямкевіч аж прыпыніўся i падняў навушнік аблавухі — каб усё лепш агледзець i ўчуць.

— Зірні ты сваімі маладымі вачыма,— папрасіў Янку.— Што там робіцца?

— Вайскоўцы i цывільныя людзі носяць з гумнаў сена.

— Абіраюць, значыць...— дрыготкім голасам прамовіў бацька.— Мала было той, перад калядамі, абіралаўкі!

Рушылі. Бацька пакрочыў неспакойна, узбуджана: канечне ж, адчуваў i трывожную насцярогу, i сполах. Маўчаў, намагаўся хутчэй трапіць дахаты. Каб хоць сваімі вачыма зірнуць, што там робіцца, ды абараніць сваё дабро, нажытае потам, праз сілу, старасцю сваёй.

За лагчынаю, на горцы, за якой пачыналася ўжо Гарбацэвічава поле, яны нагналі сані, i бацька забраў лейцы ад унука.

Вымкнуліся на вуліцу; далей трэба было перасекчы яе i выехаць на пагонку, што цягнулася ўздоўж Шлёмавай карчмы, а пасля павярнуць на іхнюю сценку.

Але бацька нечакана запыніў каня, i Янка, зірнуўшы на вуліцу, аж анямеў. Раптоўна адышоў, знік гаспадарскі клопат, a падкацілася маладое хваляванне: з вёскі да свёкравай брамкі кіравалася Зося. У валёнках, доўгай спадніцы, у ватовачцы, што была напята на жываце, у хустцы-канаплянцы. Зося таксама мігам акінула яго з ног да галавы позіркам, нібы зазіраючы яму ў душу сваімі вялікімі вачыма, і, здаецца, разгубілася: ці запыніцца, ці збочыць у свой двор? Пайшла памалей. Поўная, важкая. Нос, вусны, як заўважыў ён, падпухлыя, непрыгожыя. Маладая ж яшчэ, а так бязлітасна змардавала яе красу цяжарнасць.

— Скажы ты мне, маладзічка, што ў вёсцы робіцца? — трывожна запытаў у яе бацька.