Выбрать главу

Яна ці не зразумела, пра што ў яе пытаюцца, ці не магла апамятацца. Але запынілася з ахвотаю. Маўчала, толькі кратала бяскроўнымі вуснамі.

— Які тут вэрхал? — перапытаў стары.

— Сена, салому, авёс бяруць,— нарэшце вымавіла.

— Хто бярэ?

— Салдаты i занямонцы.

— I ва ўсіх бяруць?

— Вa ўсіх.

Бацька тузнуў каня, заспяшаўся па пагонцы, а Янка, дагэтуль тулячыся за бацьку, як не сваімі нагамі пайшоў ёй насустрач. Напрасткі ж рукой было падаць да сваёй хаты. Зося не сыходзіла, чакала, пазіраючы на яго, здаецца, паглыбелымі i пабольшанымі вачыма, пад якімі былі цёмныя ўпадзіны.

— Ну, добры дзень табе,— прамовіў, запыніўся.

— Добры дзень, Янак,— ціха адказала. Вымавіла не гэткім чужым, як у яго, голасам, а лагодна, цёпла.

Ён ведаў: нехта з Гарбацэвічаў цікуе за імі праз акно, дык надоўга запыняцца i Зосю затрымліваць не варта. Але не мог i пайсці, не перакінуўшыся словам з той, якую ўсё яшчэ кахае.

— Ну, як жывеш? — запытаў з хваляваннем, але не пазіраючы ёй у вочы. Пасвіў вачыма дол, а таксама азіраў яе валёнкі, на якіх сям-там, у згібах-раўчуках, наліпла сенная труха.

— Жывая...— прамовіла, здаецца, стараючыся зазірнуць яму ў душу.— А ты як? Кажуць, цяжка паранены...

— Жывы i я. Хоць, можа, лепей было б, каб не жыў...

Яна змаўчала; калі падняў галаву i зірнуў у вочы, дык убачыў: яна прыкусіла вусны, пазірае аддана i плаксіва моршчыцца, i тут жа па яе шчацэ плыве, робячы раўчучок, буйная слязіна. Вось затрымалася каля падбародка, адарвалася i паляцела на зямлю.

Канечне, Зосі было i ёсць цяжка. Жыве не так, як хоча, а як выходзіць, як камандуе свёкар. Можа, i не вінаватая за тое, за што вінаваціць ён, Янка. Дык не варта папікаць, псаваць настрой, дабаўляць згрызот. Усё ж яна не абы-якая, не чужая яму, а любая, дарагая, можа, таксама чакала i не менш перажывае, пакутуе, што сустрэла вось у такім стане.

— Выбачай...— ціха папрасіў i, каб не расчульвацца ды не нарабіць ёй сваёй чуласцю толькі шкоды, рушыў у свой двор. Здаецца, яна перад самым яго адыходам памкнулася затрымаць, штосьці сказаць, але ён не азірнуўся, не затрымаўся — сёння i тут не варта паказваць свае любошчы, радасць ад сустрэчы. Але ўсё роўна адчуў вялікую палёгку: вось i адбылася першая сустрэча, размова. Пасля гэтага не павінна быць такога, як раней, вялікага напружання, асцярожлівай боязі выйсці са свайго двара i нечакана сустрэцца з ёю. Што далей будзе, як яно ўсё павернецца-разгорнецца, адзін толькі бог ведае, але, зноў i зноў змушаў сябе паверыць Янка, свет для яго пашырыўся, i яму стала лягчэй.

Ля сянец яго спаткала маці — у старых, абшытых спаднізу цялячаю скураю валенках, у некалі чырвоным ад цэглы, а цяпер аблінялым кажушку ды звыклай цёплай хустцы. Заплаканая, зусім згорбленая. Мусіць, стаяла дагэтуль тут, на ганку, назірала за ім i Зосяю, чакала яго.

— Зноў бяда, сынок,— зашчыравала ў адчаі.— Наехала ж набрыдзь i абірае. Чуеш? — паказала рукою на загуменне.— Здаецца, ломяць дзверы, каб у гумно залезці...

Ён, нічога не адказаўшы, рашуча закрочыў па двары на дрывотні, каб праз яе выйсці на загуменне, дзе, як убачыў, ідучы дадому, стаіць чужы конь.

— Як вы паехалі ў лес, дык ix скора i прынёс чорт,— тлумачыла маці, спяшаючыся за ім.— Саней, можа, i паўсотня, не меней. Усю вуліцу з канца ў канец запрудзілі... Я, як убачыла, дык абмерла: прыехалі ці высяляць, ці зноў абіраць. Аж, кажу, умлела: што без вас, мужчын, рабіць буду? Выйшла да Стася, папытала: «Можа, ведаеш, чаго прыперліся?» — «Чысціць нас»,— кажа. Я за замкі — ды на дзверы гумна, хлява i клеці. Аж прыходзіць у хату малады ахвіцэр i пытае: «Хазяін дома?» — «Нямашака,— кажу, у лес паехаў».— «Вы — хазяйка? Калі вы, дык вот бумага, давайце на нужды арміі пуд аўса i пятнаццаць пудоў сена!» — «Дык мы ж давалі перад калядамі!» — «Цяпер па-новаму трэба...»

Мінулі дрывотню, дзе яшчэ былі паўтары складні сухіх бярозавых i хваёвых дроў, стаялі смаловыя круглячкі, зробленыя бацькам за зіму палазы, колы, аглоблі, віселі пад страхою грабільны.

На прыгуменні стаяў рыжай масці, з белымі надкапытнікамі конь з саньмі, ля ix — малады невысокі прапаршчык, на шчацэ якога быў доўгі, можа, i ад штыка, рубец, а двое, пажылы цывільны дзядзька ў кажуху i малады салдат у шэрым, зашмальцаваным шынялі, падважвалі каламі цяжкія замкнёныя знутры дзверы, каб скінуць ix з завесаў.

— Што за разбой сярод белага дня? — сурова прыкрыкнуў Янка.

Дзядзька i салдат уздрыгнулі, выпрасталіся i вінавата залыпалі, прапаршчык спачатку таксама з некаторым збянтэжаннем зірнуў на яго, высокага, шырокага ў плячах, на яго вайсковыя штаны, а пасля, як амаль i кожны невысокі чалавек, захрабрыўся: