Памаўчаўшы, бацька i сын паныла пасунуліся ў хату, дзе ix чакалі слёзы, скаргі засмучанай гаспадыні.
3.
Калі памерла жонка, у хаце Сцяпана Супраневіча пачала кіраваць яго старэйшая нявестка Аўдоля — кабета пажылая ўжо, гадоў пад сорак, рэзкая i нецярплівая. Яна забрала ў свае рукі ўсё гаспадыніна права не толькі таму, што была старэйшая за Сцяпанаву дачку, Вольку, за другую нявестку Ганю, але яшчэ i па іншай прычыне: па-першае, мела пры боку мужа (трымаючы яго нібы на ланцужку, нацкоўвала на бацьку, на сястру ды на малодшую братавую), а па-другое, Волька была спакойная, не старалася быць глаўнісяю, а малодшая нявестка ўсё яшчэ жыла без мужа (быў у Амерыцы ў заробках), не ўсцераглася, нарадзіла байстручка, дык сама ж сябе i сваіх дзяцей зрабіла бяспраўнымі. Сутыкаючыся ля печы, у кладоўцы, у склепе альбо ў хляве, нявесткі сварыліся кожны дзень. У хаце ад іхніх сварак, а таксама ад дзяцінага вэрхалу стаяў несупынны гармідар. Як ні намагаўся аціхлы i разгублены пасля жончынай смерці Сцяпан утрымаць лад у хаце, але гэта яму не ўдавалася. Нават старэйшы сын, аднаногі Кірыла, не спрыяў. Вырываў з яго рук лейцы, хацеў ужо сам быць галавою, а яго, бацьку, адсоўваў як нахлебіча. Сцяпан на сабе пераканаўся, якая гэта цяжкая доля — нямоглая i бяспраўная старасць беднага чалавека.
Вось i цяпер, у гумне, Сцяпану было горка. Вырваўся з шумлівай хаты, але не супакоіўся. Ды як суцішышся, аспакайнееш, калі да вясны, да травы, яшчэ далека, а сена вунь у загарадцы копка, не болей. Як датрымаць карову да цяпла, не даць ёй пасці? Як датрымаць Пётрыкавага каня, аднаго на ўсю іхнюю вялікую радню? На новы тыдзень трэба ж даваць сена каню ўжо яму — паколькі конь быў адзін на чатыры гаспадаркі, дык кармілі яго па чарзе.
Сумны, змрочны, выйшаў з халоднага i амаль пустога гумна на ўднелы, светлы ўжо, марозны двор.
Пасярод двара сустрэў малодшую нявестку Ганю з даёнкай. Невысокая, шустрая, шыбавала ўгнуўшыся да хлява, перад ім збочыла i прашмыгнула міма. Здаецца, заплаканая. Як нарадзіла байстручка, дык нібы адмянілася — была кругленькая, вясёлая, ахвотная да смеху, да песень маладзіца, а цяпер стала худая, косці ды скура, маўклівая, запятая i сярдзітая, як ваўчыца.
Зайшоў у хату.
Ці наўмысна, ці незнарок яму ў грудзіну тыцнула канцом вілак старэйшая нявестка — толькі што паставіла ў палаючую печ вялікі свіны саган з вадою (мелі адну свінку, карову, цялё i паўдзесятак курэй. Каня так i не набылі, a авечкі забралі летась вайскоўцы).
— Таўчэцеся вот пад рукамі...— забурчэла Аўдоля, даючы яму дарогу. Як i ўсе яны, Чорныя, пацямнела з узростам, стала маршчыністая, бяззубая, зусім ужо старая ў свае сорак гадоў.
Непадалёку, ля стала сядзеў таксама пастарэлы, злосны i маршчыністы Кірыла i смаліў згорнутую з газеты i тытуню-самасаду піпку. Дарывае во ўжо яго запас «Нашай нівы», якую ён выпісваў, пакуль яна выходзіла. Каб i хацеў у вольную хвіліну пачытаць тое, што чытаў ужо ды забыўся ці прапусціў у свой час (а чытаць ён i цяпер любіў), дык дарма, не ўхаваеш нічога. Волькі другі ўжо год дома не было — служыла ў дзераўнянскага ксяндза.
— Прынясеце вады,— закамандавала нявестка. А пасля, калі завалтузіліся пад дзяругамі на двухпавярховых палках дзеці, закрычала на ix: — Ціха вы, чэрці! Не дзярыце бялізны.
— Цёця,— запішчэў Ганін байстручок (яму сёння было два з паловаю гады),— а ваш Косцік мяне шчыпае...
— А чорт цябе не возьме,— са злосцю адказала.
Яе дзеці, учуўшы, што маці ix не ўшчувае, яшчэ смялей узяліся крыўдзіць малога. Той заенчыў, паскардзіўся скрозь слёзы:
— Пачакайце, я маме скажу...
Сцяпан узяў драўлянае, акаванае бляхаю, з абручамі-дротам вядро i паспешна падаўся да студні — у двор стрыечнага брата, Пятра Вайтковіча.
На халоднай яшчэ вуліцы смачна пахла дымам— дружна дыміліся коміны па ўсёй вёсцы, дык i стаяў усюды водарны пах хваёвых, альховых, а таксама бярозавых дроў, вадзяной пары ці ўжо i падгарэлай бульбы. У суседзяў, роднага брата Miхайлы i стрыечніка Юзіка Вайтковіча (іхнія хаты стаялі насупраць, у Юзіка гэтую зіму збіралася моладзь на вячоркі) рыпелі дзверы то сенцаў, то хлява, чуўся гоман у двары. Вось з Міхайлавага двара панёсся рэзкі енк — ясна, недзе за хлявом сядзеў i дзеля пацехі нема выў-роў на ўсю вёску Міхайла. Састарэў, але прыкрых сваіх выхілак не кідае.