Нявесткі яму нічога не адказалі; выціраючы краем цёмнага фартушка слёзы, пачырванелая Ганя падалася засцілаць пасцелі i палкі, а ссутуленая Аўдоля пачала даставаць з печы чыгунок з бульбаю.
Кірыла маўчаў, зацята курыў; Сцяпан, каб парушыць гнятлівую цішыню, паклікаў да сябе самага меншага ўнука, з-за якога нядаўна загарэўся сыр-бор:
— Хадзі сюды, Васілёк.
Той, у кашульцы, босы, танкаваты для свайго ўзросту, з адвіслым жывоцікам, крывавата затупаў да яго, не па-дзяцінаму сумна на яго пазіраючы. У вялікіх яго чорных вачанятах нібы засела цяжкая гаркота.
— Ha, пі,— Сцяпан падаў яму невялікую, з-пад лякарства, рудую бутэлечку.
Той каўтнуў сліну, але бутэлечку з малаком не браў. Апусціў галоўку i ўнурыўся долу.
— Выпі, Васілёк,— папрасіў, пагладзіў шурпатай далонню па яго чорных, віхрастых валасах.— Сырадой — тое ж лякарства...
Хлапчаня спадылба зірнула на Аўдолю (тая нібы не бачыла нічога i не чула, моўчкі ўжо адцэджвала бульбу), а пасля ўзяло i, задзіраючы галоўку, пачало піць. Глынула больш, чым трэба, запырхалася, аж па падбародку пацёк белы струёк.
— Не спяшайся, памаленьку пі,—усміхнуўся Сцяпан, тулячы хлопчыка да сябе. Байстручок, але ж усё роўна дзіця. Не чужое, a іхняя кроў!
Неўзабаве Аўдоля проста на стол высыпала гарачую, парыстую неабіраную бульбу, а пасля наліла з дзежачкі, што стаяла ў кутку на печы, вялікую місу кіслай, ноздрыстай саладухі. Сама, як i Ганя, за стол не села; Сцяпан з Кірылам, а таксама i дзеці моўчкі, стараючыся не пазіраць адно аднаму ў вочы, пачалі абдзіраць хто нажом, а хто пазногцем бульбу, сёрбаць саладуху.
4.
Чужы барадаты мужчына павёз іхняе сена, накіроўваючыся на Глінішча, можа, i да найбліжэйшага суседа — Мішука. Сцяпан зачыніў цяпер ужо зусім апусцелае, толькі з адным пахам сена i саломы, гумно, абяссілена прытуліўся да старых цёмных дзвярэй, што трымаліся на адным, верхнім, завесе. Ніжэйшы завес быў без толку: ніжні канец вушака састарэў, згніў, i з яго даўно ўжо выпаў крук. Шмат гадоў ужо гэтаму гумну — яго яшчэ ставіў, як казалі, вельмі дужы i працавіты прадзед, перабраўшыся з-за Нёмна ў гэтыя чужыя, але яго сыну, унуку i праўнуку Сцяпану ўжо родныя i мілыя Янкавіны.
Божа, адчаіўся Сцяпан, што гэта робіцца? Падгрэблі ўсё, што было ў гумне, павезлі, а ты... Як хочаш жыві! Чым хочаш ужо ўвечар кармі карову! Бадай, як ніколі разгубіўся. Напраўду, дзе якое выйсце? Жыццё так звузілася, загнала ў кут, што хоць вешайся! Калі пачаў аціхаць шум у вушах, пачуў: па ўсёй вёсцы крыкі, енкі, плач. Божа, што ўлада, армія вытвараюць з людзьмі? Ці не жывымі са свету зводзяць?!
Пачуў тупат па двары. Прыкладаючы руку да грудзіны, нібы гэтым мог супакоіць узбуджанае сэрца, павярнуў галаву: сюды, да яго, шнураваў подбегай старэйшы ўнук Пятра Вайткевіча, Андрэй. Выцыглясты, з пачарнелымі вусікамі пад носам дзяцюк.
— Дзед Сцяпан, хадзеце да нас...— паклікаў яшчэ за некалькі крокаў.
Ён няўцямна пазіраў на стрыечнага ўнука, не разумеючы, чаго той хоча.
— Наша баба кліча. Вас i дзеда Міхайлу.
Сцяпан урэшце ачомаўся:
— Што там у вас?
— Бойка...
— Якая бойка?
— Дзед б'ецца з салдатамі...
Сцяпана нібы хто штурхнуў у спіну. Ён шпарка пашыбаваў туды, да Пятра, з кім сёння, калі хадзіў па ваду, бачыўся, жартаваў. Ён, Сцяпан, моўчкі i пакорліва, a Кірыла са сціснутымі зубамі аддалі вайскоўцам сена, а вось пыхкі, нецярплівы i бунтоўны Пятро, мусіць, рашыў пабрыкацца, не аддаць, паспрабаваць абараніць сваё дабро сілаю.
Калі Сцяпан прыбег да Пятровага гумна, дык убачыў: бойка, здаецца, ужо заканчваецца. На двары, каля расчыненых дзвярэй.
Воддаль, паблізу каня i саней-развалаў, стоўпіўся гурт чужых цывільных людзей, быццам авечак у летнюю спёку,— відаць, ix сагналі сюды з усіх бліжэйшых двароў, каб уціхамірыць Чорных; галасілі, ломячы рукі, мітусіліся кабеты — Міхайлава Настуля i Пятрова Франя; да ix ціснуліся шматлікія ўнукі; мужчыны, гаспадар Пятро i Міхайла, ляжалі ніцма долу. На іхнія спіны ўсселася па тры-чатыры салдаты. Яны ціснулі каленьмі свае ахвяры, заломлівалі ім рукі i звязвалі ix пастронкамі.
Непадалёку, ля вушака, проста на зямлі сядзеў малады збялелы салдат (Пятро спароў яго віламі i балюча ўдарыў пад жывот нагою), a другі, старэйшы, прысеў на коленцы i прыкладае яму да скроняў снег; у кутку двара, дзе ляжаў пласт белага снегу, сядзеў на дыбках афіцэр — расхлістаны, без фуражкі. Ён гроб далонню снег і прыкладаў яго да акрываўленай шчакі (Пятро тыцнуў яму сюды чаранком вілак). Побач каля яго ляжалі ўжо грудкі набрынялага крывёю снегу.