Выбрать главу

Не, Янка не адвернецца. Як адыходзіў, дык сказаў: «Выбачай...» — i вельмі ж узрушана замыліў вуснамі.

Віця — а ён ляжаў побач, каля сцяны,— спрасоння паклаў на яе калена нагу. Гэты яго несвядомы рух так узбурыў, даў прыліў такой нядобрай злосці, што яна тут жа адштурхнула яго да сцяны.

Ад удару галавою ў край падаконніка Віця прачнуўся. Некалькі хвілін, апамятваючыся, праляжаў ціха, а потым, мірачыся, шукаючы згоды, падлашчыўся:

— Я штурхнуў цябе? Прыціснуў?

Тут жа i адхлынуў ад яе пыхкі гнеў. Стала аж няёмка, што гэтакая нястрыманая.

— Спі,— ціха прамовіла.

— А ты чаму не спіш?

— Я спала. Ды ты пабудзіў.

— Зося... Ты скажы мне...

— Ну, што? — нецярпліва запытала.

— Што ён табе сёння сказаў?

— Што ён мне можа сказаць? Павіталіся, папыталіся адно ў аднаго пра здароўе — i ўсё...

— А ён не хоча цябе забраць?

— З дзіцем? Такую? — хмыкнула.— Ды цяпер, калі навокала гэтулькі дзяўчат?!

— Але ж ты...

— Ну, што я?

— Ты не адвыкла ад яго. Ты ўсё яшчэ пра яго думаеш.

— От cпi, кажу. Не прыставай i не руш душы.

— Ты ж злуеш на мяне...

— А яшчэ што?

— Ты нават не злуеш — ненавідзіш... Як я не муж, не чалавек.

Змаўчала. Ды што магла адказаць на яго праўду?!

— Ён, ён ва ўсім вінаваты! — паскардзіўся.— Калі яго не было тут, дык ты была не злая. Вярнуўся — зноў узбунтаваў табе душу.

— Ды cпi ты, мармытун! — сыкнула. Тут жа пачула, што зноў застагнала на печы свякроў — відаць, i чула, i здагадвалася, з-за чаго яны бурчаць сярод ночы.

— Няхай бы яго не параніла, няхай бы ён злажыў там галаву!!! — сцішыў голас, але злосна засіпеў Віця. Яна аж не паверыла сама сабе, што ён, цяльпук, можа мець столькі нянавісці.

— Як табе паварочваецца язык такое гаварыць! — прысароміла.— Жадаць чалавеку смерці!

— А непрыяцелю можна i пажадаць...

— Ён ваяваў, кроў праліў, а ты...— не дагаварыла, у час стрымалася, бо хацела пакрыўдзіць: «А ты — хліпак! Hi арміі, ні мне не трэба!»

— ...а ты ўсё яшчэ, кажу, яго любіш. Як сама не свая ўсе гэтыя дні. Каб прымела, дык сама ў іхнюю хату пабегла б. Не рада, што дзіця ад мяне носіш.

— Рада...— буркнула, з горасцю ды з іроніяй. I зноў замаўчала. Ведала: скажы цяпер пяшчотнае слова, прылашчы, дык усё павернецца іначай. Ён супакоіцца, прытуліцца, будзе прасіць дараваць, прызнавацца, як кахае яе i жыць без яе не зможа. Для спакайнейшага жыцця, а то каб i схіліць яго на свой бок, варта было б схітрыць, прыкінуцца, што якраз ён ёй дарагі, але цяпер не магла ды i не хацела яшчэ гэтак па-жаночаму адмыслова мудрыць...

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

1.

Сёння i раніцай, калі прачнуўся, снедаў з гаспадарамі, i пазней, на службе, Міхайлаў увесь час адчуваў душэўны неспакой, нават нервовую, да дрыготкі, трывогу.

Спачатку не мог сцяміць, ад чаго вярнулася гэтае маладое пачуццё — яго перажываў раней i яго, як лічыў, ужо даўно перасіліў сваёй воляй. Няўжо разышліся, папсаваліся нервы ад зацяглых, заўсёды неспакойных падпольных гадоў жыцця? Ад пастаяннай скрытнасці i балансавання на вастрыі брытвы? Ад небяспекі ў любую хвіліну зноў трапіць у лапы паліцыі, у турму? Ці ад адчування рашаючых заўтрашніх-паслязаўтрашніх падзей, дзеля якіх білася, гінула за апошняе стагоддзе не адно пакаленне рэвалюцыянераў?

Хваляваўся, трывожыўся, канечне, i з-за гэтага. Але была i яшчэ адна прычына нечаканага ўзбуджэння — Соня... Ён, як і кожны жывы чалавек, меў у грудзях не камень, а чалавечае сэрца, адчуваў зачараванне ад дзявочых вачэй, успламяненне душы, але заўсёды, у гімназіі, у пецярбургскім інстытуце, у Маскве, у Іванава-Вазнясенску — перамагаў пачуцці, лічыў: яны, а таксама жонка, сям'я, гаспадарскія клопаты i асцярогі — будуць замінаць барацьбе. Але вось летась у Чыце, дзе запыніўся на невялікі час, сустрэў яе, Папову Соню і... парушыў свой зарок.

Сустрэча з Соняю, мала сказаць, змяніла яго думкі, пачуцці, больш — зусім зыначыла для яго свет, хоць, здавалася, чаго-чаго, а гэтых галавакружных змен у яго лёсе было ўжо ўдосталь. Каханне высвеціла яму шмат таго, чаго ён дагэтуль, бадай, не бачыў, не адчуваў, тым самым, канечне, сябе абкрадаючы. Каханне разам з тым задало яму i новае пытанне: а як усё ж жыць далей? Заглушыць сваё пачуццё? Даць яму волю, быць зямным чалавекам з усім зямным? Аж здзівіўся: мае ўжо за трыццаць, многае ўбачыў, пазнаў, перамог, многае страціў, але ўсё роўна, выходзіць, усё яшчэ сталее, а душа прагне свайго — душэўнага жаночага цяпла. Што ні кажы, мужчына не можа быць шчаслівы без жанчыны.