У Чыце ён доўга не затрымаўся, нават па-талковаму не развітаўся з Соняй. Ужо тут, у Івянцы, а пазней i ў Мінску, служачы ў Земсаюзе, а таксама летась у шпіталі, пасля ў Маскве, а сёлета, на пачатку года, у разанскай глушы на лячэнні шмат думаў пра свой лёс, пра Соню. Разважаў-гадаў: даваць пра сябе знак ці не? Здаецца, неабыякавы ёй, нават захапілася ім, але што ён, бяздомнік, дасць ёй, дзяўчыне? Адны трывогі, нястачы, пакуты. Хоць яна i дачка ссыльнага рэвалюцыянера, ведае, што такое рэвалюцыянерыць, але ці варта яе, маладую, прысуджаць да суровых выпрабаванняў? Яны — мужчынскі лёс, а вось жаночы лёс іншы: жанчына павінна кахаць, глядзець сям'ю, гадаваць дзяцей i быць шчаслівая i ашчасліўліваць дарагіх ёй людзей.
Думаў-гадаў i не вытрываў — даў тэлеграму: Соня, я вось тут. Неўзабаве атрымаў кароценькі адказ: еду. I вось сёння ўвечар прыязджае. У суровы час I ў трывожны край, ён радаваўся і не радаваўся, што паклікаў, а заадно пабойваўся сваіх таварышаў. Многія ж з ix дзеля ідэі рашуча адмовіліся ад кахання, ад сям'і, строга асуджаюць тых, хто не можа перамагчы свае «чалавечыя слабасці». І няма чым яму апраўдацца: вы, падначаленыя мне па партыйнай дысцыпліне, будзьце пурытане i аскеты, а мне, воляй партыі пастаўленаму над вамі, усё i чалавечае не чужое...
З такімі думкамі, з такім супярэчлівым пачуццём вымкнуўся ўполудзень з будынка Земсаюза i па Петрапаўлаўскай вуліцы падаўся да Захараўскай. Праўда, на дварэ схамянуўся, прыкінуўся: ідзе задумаўшыся. Але па шматгадовай ужо звычцы ні на хвіліну не страчваў пільнасці, адразу ж асцярожна, нібы выпадкова паварочаў туды-сюды галавой: упляцецца за ім хто ці не? Так i ёсць, з лаўкі з недалёкага скверыка падхапіўся мужчына ў чорным паліто i капелюшы i, на хаду згортваючы газету, прычапіўся ўслед. Бач, ужо i тут, у Мінску, «селі на хвост», а сёння «выдзелілі» яму не пажылога, як раней, a даўгалыгага маладога «апекуна». Паспрабуй дай драла ад такога вёрткага i шустрага ганчака, калі яшчэ не зусім аправіўся ад аперацыі i калі які ўжо год не здаравее развярэджаная нага!
Калі так чуйна вынюхалі сляды, дык значыць, што ўжо зрабілі сваё чорнае засланыя ў іхнюю трупу правакатары, а заадно i рассакрэцілі яго частыя паездкі на фронт i апошнія адкрытыя прамовы перад салдатамі. Цікава, што рошыць ахранка: папляцецца наўздагон альбо забяжыць наперад, каб схапіць ці аднаго, ці разам з усімі? Хоць бы дні тры-чатыры пабыць на волі! Пасля... Пасля, можа, усё зменіцца, i ў турму пойдуць іншыя — тыя, хто цяпер туды пасылае... Ці ўсё ж паслухаць таварышаў — залегчы цяпер, у самы гарачы час, на дно, кіраваць з глыбокага падполля? Не, трэба рызыкаваць. Рызыка — небяспечная рэч, але яна ж часамі i выратавальніца.
«Што іменна цяпер адбываецца ў Петраградзе? — перасіліўшы клопат пра сваю асобу, падумаў Міхайлаў, спакойна ідучы па асфальтаваным тратуары.— Рух набраў моц ці захліпнуўся?»
Пра тое, што ў Петраградзе бунт можа выплеснуць у штосьці большае, сказаў яшчэ пазаўчора сувязны, пасланец з Петраграда. Учора, вярнуўшыся з баранавіцкай паездкі, ён не вытрываў i звязаўся з Масквой, з Кацеліным, дык той на яго намёкі пра петраградскія падзеі адказаў: «Сапраўды, там сёння— дождж. Чакаем заўтра-паслязаўтра новага прагнозу». Значыць, узброеная ўспышка пачалася, але наперадзе невядомасць. Вось бы цяпер туды ды з баявой дружынаю! Не на жыццё, а на смерць біўся б! Але няможна ні на дзень пакінуць край, бо даручылі быць i рабіць усё, што трэба, якраз тут.
Нібы выпадкова, на Захараўскай вуліцы, паблізу польскага банка, ён раптоўна павярнуўся i пайшоў насустрач шпіку. Той, сутыкнуўшыся позіркам з яго, мусіць, у гэтую хвіліну пранізлівымі вачыма разгубіўся: запыніў крок, вырачыў вялікія зрэнкі, зашморгаў невялікімі рыжаватымі вусікамі, што Міхайлаву аж закарцела ўсміхнуцца: «Эх ты, ахоўнічак! A самавалоданне-то нікчэмнае!»,— але не стаў спрыяць таму апамятвацца, хутка закрочыў, мінуў, бачачы, што неўзабаве паверне на вузкую i кароткую Багадзельную вуліцу i на ёй альбо на блізкай Прэабражэнскай юркне ў які-небудзь двор. Хацеў ці не хацеў, але, не раз ужо ўцякаючы ад вось такіх спадарожнікаў, азнаёміўся з характарам мінскіх, прылеглых да цэнтральнай Захараўскай, вуліц, многія з якіх былі прыдатныя для падпольшчыкаў — нядоўгія, выгінастыя, з цёмнымі пад'ездамі, з дварамі i рознымі пабудовамі.