— Ну, які настрой, Васіль Іванавіч?
— Вясновы, Аляксей Міканоравіч,— ухіліста адказаў Муха. Дастаў з кішэні паліто загадзя падрыхтаваны канверт з трыма густа спісанымі лістамі паперы, а таксама з распіскаю, што атрымаў грошы. Ліст i распіска былі падпісаныя яго тайным псеўданімам — Слуцкі.— Вось падрабязнае апісанне вечара ў «Беларускай хатцы», калі праводзілі Багдановіча. Хто быў i што гаварыў.
Сінілаў узяў і, нават не зірнуўшы на лісткі, на распіску, схаваў канверт у кішэню паліто, а яму падаў свой канверцік — з грашыма.
— Мы ўважліва вывучылі вашую апошнюю інфармацыю,— прамовіў, пакуль Муха засоўваў у кішэню пінжака канверцік (раней ён браў грошы са збянтэжаннем, нават з сорамам, a апошні час — спакойна, як належную плату).— Вы пішаце, што цяпер тут беларускасць «амаль вымерла», «не ўяўляе сур'ёзнай пагрозы». Але, скажыце, чаму яна ўсё ж дыхае, бруіцца? Адкуль, з якіх-такіх глыбінь жывучасць, упартасць? Чаму такая ў таго-сяго любоў да мясцовага, хоць бы на вашых звычайных вечарынках у гэтай «Беларускай хатцы»?
«Быдла! — вылаяў у думках Муха Сінілава.— А па-другое, i дурань! Хіба цяпер, у такі час, самае страшнае гэтая кволенькая жывучасць? Хіба вы, у сваёй прыкрай ахранцы, не бачыце большых у сто, у тысячу разоў пагроз i небяспек?»
— Я добра ведаю, Аляксей Міканоравіч, чаму я магу жыць без усяго гэтага,— сказаў уголас.— Але паверце, сам не зусім разумею, чаму іншыя гэтак, як вы кажаце, упарта чапляюцца за сваё! Тут, як мне здаецца, вялікая загадка чалавечай псіхікі, душы. У тым ліку i тутэйшага люду.
— Мы ведаем: цяпер тут толькі жменечка гэтых упартых. Але ж ёсць i гэтая жменька! Чаму? Адкуль? Не разумею: няўжо так цяжка адмовіцца i прывыкнуць да іншага?
Сінілаў зноў нібы ўсміхнуўся, а на самай справе скрывіўся.
— Што ведаю, тое ведаю, Аляксей Міканоравіч. Чаго не знаю, таго не знаю,— жвава прамовіў Муха.
— А ведаеце: у Петраградзе полк за палком пераходзяць ужо да бунтаўшчыкоў? — зусім пра іншае запытаў Сінілаў.
— Адкуль я магу такое ведаць? — наўмысна прыбядніўся Муха.
— I не ведаеце, што сёння будзе спроба перахапіць уладу?
— Не. Калі штосьці i чую, дык найбольш плёткі, домыслы.
— Дык скажу вам тое, пра што ў Мінску ведае толькі некалькі чалавек. Сёння да нас прыйшла тэлеграма: у Петраградзе дзяржаўны пераварот,— сказаў Сінілаў,— Калі пра гэта далажылі генералу Эверту, дык той загадаў маўчаць, а тэлеграму знішчыць. Сёння ж па горадзе будзе расклеены спецыяльны загад начальніка Мінскай ваеннай акругі барона Раўш фон Траўбенберга, дзе будзе прыкладна такая версія: у Петраградзе ўзбунтавалася чэрнь, але сіламі верных войск i паліцыі бунт задушаны i лад у сталіцы адноўлены...
— He зусім разумею, Аляксей Міканоравіч,— прамовіў Муха, хоць імгненна адчуў усё.
— Плётак, панікі, ажыятажу не павінна быць — вось i ўвесь сакрэт...— адказаў той.— Хоць вашы некаторыя патроны, Васіль Іванавіч, будуць паводзіцца іначай... Скажам, Дзядзя...
Муха аталапеў, адчуў: млеюць, нават мярцвеюць рукі. Што — ахранка вынюхала i ix звышсакрэтны гурток?
— О, як вы пабялелі, Васіль Іванавіч! — ухмыльнуўся Сінілаў.
Муха не адказаў — ад разгубленасці. Ліхаманкава ўзнікала то адна, то другая думка: што будзе? Не арыштуюць, змусяць даносіць i пра гэтых калег — гурткоўцаў? Альбо бывай, пасада, Мінск, утульнае i багатае жыццё, i добры дзень, Сібір-матухна?!
Фу ты, чорт! Няможна ніяк супакоіцца, займець развагу.
— Ворагі самадзяржаўя, бяздумныя, а то падманутыя ці не сур'ёзныя інтэлігенты зневажаюць, апашляюць наш Дэпартамент i нас, яго супрацоўнікаў,— цяпер усцешана сказаў Сінілаў.— Для многіх мы — псы-дварнякі, брудных спраў майстры, каты... Але паверце, не ўсе мы — нягоднікі, губіцелі светлага i сумленнага. Той-сёй i з нас хлеб есць недарма. Дзе самі, а дзе разам з калегамі з іншых дзяржаў мы тое-сёе ўведалі i робім важнае. Здолелі пранікнуць i за вашы зачыненыя дзверы, увазнаць некаторыя тайны...
«Што ён цягне ката за хвост? Што будзе рабіць? Арыштуе?»
— Як казаў ужо, Васіль Іванавіч, сёння ў Петраградзе замышляецца альбо ўжо i адбыўся пераварот,— забубніў Сінілаў i на нейкую хвіліну перастаў перасмыкаць ротам.— Гэта — не жарты ўжо,
але яшчэ i не канец... Сёння наш цар, як нам сказалі, спакойна прагуляўся па шашы на Оршу, папалуднаваў, a ўвечар загадае генералу Іванову накіравацца ў Петраград i сілай «водворить порядок», а заўтра, у пяць гадзін раніцы, падасца ў Царскае Сяло сам. Я так шчыра расказваю вам пра ўсё, бо веру: бунтаўшчыкоў супакояць, самазванцаў разгоняць. Але...