Выбрать главу

Прайшоў крыху моўчкі ды зноў, як убачыў Муха, засмыкаў. Мусіць, хваляваўся.

— У тым, што цяпер адбываецца,— пачаў гаварыць далей,— вінаваты i наш урад. Сам гасудар таксама. Бо не трэба было ў 1905-м паддавацца на страх i хітрыя ўгаворы, ісці на небяспечныя ўступкі i даваць «міласцівыя маніфесты» пра «дэмакратызацыю», «абнаўленне». Што з гэтага выйшла? Аздараўленне, супакой, лад? Наадварот, гэта павярнулася бядой, няшчасцем. Па-першае, напладзілася шмат пустых балбатуноў, па-другое, ад ix пайшло вялікае браджэнне, a па-трэцяе, ажывілася д'ябальская сіла... Яна пачала лавіць рыбу ў мутнай вадзе...

Муха, як пад канвоем, ішоў па сонечнай алеі, дзе ў выбоінах збіралася талая вільгаць, намагаўся быць разважлівы, слухаў, штосьці цяміў, але думкі па-ранейшаму былі пра адно — пра сябе.

— Пра мясцовую беларускасць памаўчым, Васіль Іванавіч. Рана-позна мы яе дадушым...— Ухмыльнуўся. Хітра, яхідна.— А вось пра іншыя вашы каншахцікі пагаворым... Звычайныя сумленныя альбо заблуджаныя языкачосы — вялікая пагроза. Яны могуць доўгімі языкамі многае размыць. Ды яны ўсё ж прасцякі, дэмагогі. А вось вы...— Павярнуўся, надзвычай нервова ашчэрыўся.— Вы — асаблівыя. Люба-дорага, Васіль Іванавіч, паслухаць, як здаўна ўжо іменна вашы вяшчаюць! Ды што дакляруеце! Не людзі, а анёлы! А як усё робіце! Філігранна!

«А ў вас, злыдняў, не яд з салодкіх вуснаў капае?»

— Скажу шчыра: раней мяне заварожвалі вашы ідэі, размовы, нават мэты. У вас жа «клопат» пра ўвесь свет! Пра ўсеагульны мір, еднасць, лад, шчасце! Дзе ні захопішся: па-першае, ідэя яднання карысная, а па-другое, якая высакароднасць! Не пра сябе, нават не пра сваю краіну, а пра ўвесь чалавечы род дбаеце!!! Цяпер жа, калі я тое-сёе ўведаў з-за зачыненых дзвярэй, у мяне валасы дыбам устаюць: якое фарысейства, які падман! Мяне ўжо трасе ад вашых любімых слоўцаў «мы», «новае мысленне», «новы лад», «наша вялікая ідэя i мэта», «наша перамога», «наша слаўная будучыня», «агульначалавечае...». Цяпер я хачу ведаць ясна, панове, хто гэта в ы, якое такое н о в а е м ы с л е н н е, якая в а ш а в я л і к а я і д э я, м э т а, якая сл а ў н а я б у д у ч ы н я??? Чаму вам так хочацца а г у л ь н а с т а т к а в а с ц i???

«Ад вялікага розуму i цік нервовы адхапіў...»

— Давайце паразважаем, Васіль Іванавіч. Каму-каму, а нашай імперыі хопіць i нашага. Паветра, зямлі, багаццяў, люду, а таксама i сваёй гісторыі, культуры. Звышшырока разяўляць рот не варта. Небяспечна для свайго ж здароўя, ды ўсяго i не праглынеш... Ды нас настойліва, хітра спакушаюць на глабальны апетыт, на нашу сусветную місію... Дык ці не час задумацца: хто нас штурхае на гэта? Дзеля чаго? Ці не рыхтуе нам пагібель, а сабе перамогу? Ці не матэрыял, зброя мы ў нечыіх хіжых руках, Васіль Іванавіч? Як вы думаеце? Вы ж нямала ўжо ведаеце...

— Я знаю нашмат менш, чым вы, Аляксей Міканоравіч,— пасля зацяглай паўзы прамовіў Муха, наўмысна прыніжаючы сябе.

— Думайце, Васіль Іванавіч. Ваша клятва клятваю, але ж вы — рускі...— Паправіўся: — Ну, славянін ва ўсякім разе... А нам, славянам, трэба найперш утрымаць славянскі свет. Канечне, пад нашым расійскім сцягам... Нам жыццёва неабходна вялікая наша імперыя, моцная манархія. А хто ўсё гэта ўтрымае? Цар i, яшчэ раз паўтару, толькі цар! Значыць, калі мы любім сваю Айчыну, хочам бачыць яе здаровай i магутнай, мы, патрыёты, павінны аб'яднацца i памагчы застацца на троне апекуну i абаронцу...

«Гарлапаніць цяпер за цара — значыць, свядома дабівацца, каб цябе ненавідзелі...»

— Хітрыя i хіжыя цёмныя сілы цяпер скіравалі свой позірк на нашу Расію...— гаворачы, Сінілаў ужо раз за разам пачаў перасмыкацца i ад узбуджанасці аслабеў, пакрыўся потам.— Яны спрытна спажываюць стому ад вайны, голад, людскія пакуты i злосць, нацкоўваюць чэрнь на цара i ўрад... I чэрнь слухае, вывальвае на вуліцы, галёкае, памагае некаму ісці па яе спінах да руля... Намагнічаная, раз'ятраная, яна не задумваецца: а хто той іншы, што рвецца да ўлады, што ён замышляе?!

«Ясна, чаго ты баішся! Народнага гневу!..»

— Мы, некалькі энтузіястаў з Мінска, Кіева i Петраграда, кажу, здолелі заслаць сваіх людзей за зачыненыя вашыя дзверы. Праўда, не на высокія паверхі трапілі там нашыя агенты, але яны абсачылі: ёсць у нас тайны ўрад, у якім людзі з уплывовых партый, буйныя прамыслоўцы, фінансісты, вайскоўцы, вучоныя, творчыя асобы. Гэты ценевы орган ужо не першы год назапашвае сілы, выхоўвае ўсіх у сваім духу, часта збіраецца на свае кангрэсы, дзе вызначае, падпраўляе сваю стратэгію i тактыку, стварае ў краіне патрэбны сабе дух... Мы, сабраўшы такое-сякое дасье пра гэтых адмысловых падпольшчыкаў, падалі яго на наш верх, але там доўга маўчалі, а пасля цыкнулі... Карацей, далі па носе ды сказалі, каб мы дбайней вышуквалі сапраўдных ворагаў веры, цара i Айчыны, а не шукалі лаўраў Шэрлака Холмса... Дык учора на сваю рызыку я i мае калегі прарваліся ў Магілёве да яго вялікасці i ўручылі яму тое, што, можа, да яго i не трапляла ніколі...