Выбрать главу

«Хацеў адзін балота запаліць i чорта выкурыць, але яно гарэць не хоча...» — пачуўшы апошняе, Муха трохі акрыяў. Адчуў: не, не ўсемагутная ахранка, ёсць тое-сёе, што i ёй не пад сілу. А заадно з ёю не такі ўжо страшны i гэты перасмыканец, чыё сапенне ён адчувае за сваім вухам які ўжо месяц.

— Мы ведаем: вы, Васіль Іванавіч, шышка ў ix яшчэ невялікая. Адпаведна, i грахі вашы яшчэ малыя. Вы i для вашых робіце тое, што i для нас,— «апякуеце» мясцовую творчую інтэлігенцыю. Мы даём вам субсідыі за кожную важную звестку, а яны падшукалі вам добрую работу, стварылі вам аўтарытэт вучонага i сумленнага чалавека... Мы не зачэпім вас. Але мы павінны болей ведаць i пра самога Дзядзю, i пра яго каншахцікі...

Акрыялы ўжо Муха раптоўна ледзь не страціў дар мовы: што — здрадзіць Дзядзю?! Ды гэта ж самому сунуць сваю галаву ў пятлю!

— Мы ведаем пра ваш абет маўчання, пра вашу суровую клятву... Мы будзем плаціць вам за кожную звестку ў тры разы больш, чым плацілі дагэтуль...

— А вы гарантуеце, што яны не ўведаюць, што я... ну, буду вам усё расказваць? Вы гарантуеце, што сярод вас саміх няма Дзядзевых пасланцоў?

— Пра вас i вашы звесткі будуць ведаць толькі два чалавекі. Мой начальнік i я. Адмаўляцца вам не раю... У крайнім выпадку Дзядзя «выпадкова» ўвазнае, што вы самі нам пра ўсё расказалі...

«Абклалі, як воўка!»

— Хочаш ці не хочаш, а выхаду няма...— прызнауся шчыра Муха.— Давайце супрацоўнічаць i далей...

— Дзякуй. Мы i верылі, што вы — сапраўдны патрыёт. А цяпер яшчэ хачу ў вас тое-сёе запытаць. Вы знаеце земскага служачага Міхайлава?

— Знаю, але мала.

— Хто з вашых блізкіх сяброў ведае яго лепш?

— Васілевіч.

— Гэты баламут нам не падыходзіць, бо наадрэз адмовіўся супрацоўнічаць з намі.

— Я, на жаль, тут нічым памагчы не магу...

— Міхайлаў — хітры i высокапастаўлены падпольшчык,— ашчэрыўся Сінілаў.— Мы маглі б ужо яго i хаўруснікаў арыштаваць. Але мы не ўведалі яшчэ, хто тут галоўны бальшавіцкі завадатар. Ён альбо нехта іншы, скажам, Фрунзе? Не чулі пра такога?

— Не.

— Гэты Фрунзе збег з сібірскай катаргі i, як настойваюць нашы маскоўскія i петраградскія калегі, цяпер зашыўся тут,— патлумачыў Сінілаў.— Нам вельмі трэба натрапіць на яго логава. Мы, кажу, тое-сёе абмацалі, але ніяк не выйдзем іменна на след гэтага Фрунзе. Вельмі ж хітрая i скрытная бальшавіцкая канспірацыя. Іхнія верхаводы зверху ўсё бачаць, усё ведаюць пра сваіх падначаленых, кіруюць імі праз старшых ячэек, а падначаленыя мала што знаюць пра ix, робяць тое, што ім загадаюць. Карацей, жалезная дысцыпліна. Як i ў кагале. А кагал, як сказаў некалі Напалеон, моцны якраз сваёй арганізацыяй i дысцыплінай...

Сінілаў запыніўся, падаў на развітанне руку.

— Не засмучайцеся, Васіль Іванавіч,— нібы ўсміхнуўся, але няшчыра i крыва.— Думаю, у цара i ўрада хопіць сіл, каб уціхамірыць стыхію, а заадно i хітрых падбухторшчыкаў. Лічу, рана яшчэ цёмнай сіле спадзявацца на свой поспех, на нейкае бесаўскае эксперыментаванне на расійскай глебе... Але не будзем i неабачлівыя, Васіль Іванавіч. Рэвалюцыйны, гвалтоўны вецер вельмі п'янкі, заразлівы, дык зараза можа перакінуцца ca сталіцы i сюды, да нас. Будзьма пільныя. Калі дзе што якое, калі, да слова, выплыве на паверхню які агітатар альбо распаўсюджвальнік чутак, то адразу давайце знак нам... Дамовіліся?

— Ёсць,— прамовіў Муха i нібы вайсковец казырнуў.

3.

Хоць не варта было лішні раз вытыркацца, трапляць у горадзе ненадзейным людзям на вочы, але Міхайлаў усё ж не паасцярогся, не нырнуў на дно, a сабраў увечар сходку з чалавек пятнаццаці.

Амаль усіх ён добра ведаў, а па-другое, натхнялі петраградскія падзеі, дык на гэты раз быў гаваркі, расказаў амаль усё, што пачуў ад сувязной, а пад канец сваёй прамовы папрасіў усіх быць напагатове, мець пад заўсёдным назіркам свае ячэйкі i чакаць самай неспадзяванай i рашучай каманды — як кажуць, загаду № 1. Што азначае гэты загад, яшчэ не тлумачыў, i тыя, хто быў на сходцы, не пыталіся, ведаючы, што пра ўсё скажуць тады, калі трэба будзе.

Заадно Міхайлаву хацелася самому зірнуць кожнаму ў вочы: які ў каго настрой, ці гатовыя ўсе да рашаючай сутычкі ca старым ладам i апаратам?

Пасля сходкі ён выйшаў з канспіратыўнай кватэры першы. Разам з загадчыкам аддзела Земсаюза Любімавым, якога ведаў яшчэ па 1905-м, i з Мясніковым — прапаршчыкам 121 -га стралковага палка, раскватараванага ў Барысаве, з якім пазнаёміўся летась i бачыўся рэдка, калі таму ўдавалася вырвацца з правінцыі ў Мінск.