Цяпер вось крочылі цёмнаю вуліцаю міма цагляных аканіц з зашторанымі вокнамі, слухалі, як рыпіць пад нагамі хрумсткі, трошкі адталы за дзень снег, а то i ломіцца тоненькі лядок на лужынках.
Міхайлаў ішоў пасярод; нізкі, таўсматы, па ўсім бачна, дужы Мяснікоў крочыў справа, а худаваты i гонкі Любімаў — злева. Яны, трое, былі розныя не толькі па росце, але i па характарах. Калі Любімаў быў разважлівы, стрыманы, то ён, Міхайлаў, любіў рухавасць, імгненную кемлівасць, рашучасць i да ўсяго гэтага іронію ды жарт, а вось Мяснікоў удаўся зусім іншы — разумны, страсны, але часамі завельмі рэзкі i нецярпімы. А можа, ён, гэты армянін, меў i іншыя, лепшыя чалавечыя рысы, якія яны яшчэ не паспелі ўбачыць i адчуць. Адно — сустракацца па паролях, i зусім іншае — знацца часта, з'есці разам пуд солі.
— Слухай,— павярнуўся да Міхайлава Любімаў,— я ўважліва лавіў, што ты гаварыў. Скажу шчыра, асабіста я не зусім ведаю: дзе лепш пусціць у ход рэвалюцыйныя сілы? Там, у Петраградзе, сярод рабочых, ці тут, на фронце, сярод салдат?
— У мяне пыталіся пра гэта з ЦК,— адказаў Міхайлаў.— Я адказаў, што наш фронт яшчэ не цалкам саспеў для рэвалюцыйнай вайны супраць свайго ўрада.
— Салдацкія натоўпы гудуць, супраць вайны, але не ўсе гатовыя падняць зброю на цара,— сказаў Мяснікоў.— А сярод афіцэраў i генералаў процьма вернападданых i рэтраградаў!
— Арміі яшчэ трэба ды трэба прамываць мазгі,— прамовіў Міхайлаў.— А па-другое, вельмі важна, калі i як трапіць у акопы вестка пра петраградскія падзеі. Пападзе адразу, у поўным аб'ёме, без маны i перакручванняў — ускінецца па пазіцыях полымем, будзе замоўчвацца альбо даходзіць скажоная — спачатку ўзбудзіць такую-сякую цікавасць, а пасля пасее звычайныя гавэнды, скепсіс i апатыю...
— У нашым палку страшэнна замоўчваюць петраградскія падзеі,— сказаў Мяснікоў.— A калі хто ўведае што-небудзь, то тут як тут афіцэры прыніжаюць рэвалюцыйны дух, аб'яўляюць усё гармідарам, хуліганскімі выхадкамі...
— Думаю, нам цяпер прыйдзецца яшчэ болей агітаваць i на пазіцыях, i ў тыле,— сказаў Міхайлаў.— Рана-позна арміі прыйдзецца ясна выказацца: яна за рэвалюцыю альбо супраць? Дык будзе жыццёвая патрэба, каб яна не падняла зброі на народ... На днях я выступаў у адной з часцей пад Баранавічамі, сказаў пра гэта, дык рэакцыя была спачувальная, але не вельмі ўжо адкрытая, супольніцкая...
Прайшлі крыху моўчкі.
— А цяпер, хлопцы, пяройдзем ад высокай палітыкі на маю персону...— улучыўшы спрыяльную хвіліну, прамовіў Міхайлаў.— Мушу аддаць сябе на ваш суровы суд...
— Ты — правакатар? — пацвеліўся Мяснікоў.
— Дзякуй богу, даўно ўжо выратаваны ад такой ганебнай місіі. Але вінаваты перад вамі ўсімі сур'ёзна,— прызнаўся.— Я зашмат думаю пра сябе i сваё... Карацей, яшчэ ў Чыце пазнаёміўся з дзяўчынай. Яна сёння прыязджае сюды. Дык што вы мне скажаце на гэта? Даруеце ці не даруеце, што парушаю дысцыпліну?
— А! — усклікнуў Мяснікоў,— Вунь яно што! Я за тое, каб пакараць! Найстражэй!
— Прысудзіць да... шлюбу! — усміхнуўся Любімаў.
— Вы што — не асуджаеце? — Міхайлаў аж не паверыў, што строгія партыйцы не папікаюць.
— Прызнайся: маладая? Прыгожая? Блізкая па духу? — пачаў дапытвацца Мяснікоў.— Калі якраз так — даруем. Калі не так — дык на плаху...
— Хадзем разам на вакзал, зірніце на месцы...— нечакана нават для самога сябе запрасіў ён.
— Не, Міша,— прамовіў Любімаў. I нават пажартаваў: — Хопіць табе таго, што адразу не клічам на суд...
— Сапраўды, хлопцы, хадзем разам,— папрасіў зноў.— Паверце, баюся. I вас, i яе...
— Вось гэта дык герой! З царызмам, з такім лютым тыграм змагацца не баіцца, а жанчыны, бач, баіцца...— хітнуў галавою Мяснікоў. Здаецца, i ў цемені бліснулі агеньчыкам яго вочы, ды было відаць, як раздзьмуўся шырокі ў ноздрынах нос.— Без нас закахаўся — без нас i разбірайся ca сваім каханнем... Хадзем, Ісідар,— падхапіў Любімава пад локаць.— Нам з ім не па дарозе!
Напраўду крануліся, пайшлі.
— Хлопцы, пачакайце,— усклікнуў Міхайлаў.— Я сапраўды запрашаю пайсці разам.
— Не, не! — загуў Мяснікоў, адыходзячыся ў цемень.
Міхайлаў спачатку крануўся даганяць, угаворваць, але потым адстаў, адчуваючы, што не пойдуць разам — каб ён змог пабыць з нявестай сам-насам.
Перасекшы Нова-Маскоўскую вуліцу, заспяшаўся на вакзал.
4.
Цягнік затрымліваўся.
Міхайлаў паходжваў па асфальтаваным пероне пад скупым святлом прывакзальных ліхтароў i ўжо не столькі хваляваўся, як насцярожваўся: a ці пазнае Соню? Дагэтуль, здаецца, добра помніў яе высакаватую для жанчыны постаць, прадаўгаваты твар, яркі позірк, а вось цяпер здавалася: не, забыў яе! Выйдзе з вагона, трапіць у людскі гурт, пройдзе, міне, і, можа, яны адно аднаго i не пазнаюць.