— Страшнавата, Міша...— азірнулася, прамовіла Соня.
— Не бойся. Гаспадары — добрыя людзі,— заспакоіў, несучы ўслед важкі чамадан.
У першай палавіне хаты было светла — ад падвешанай да столі лямпы з шырокім ружовым абажурам, што быў абклеены махровымі палоскамі белай, чырвонай, зялёнай i жоўтай паперы. Тут жа, пры стале, былі i гаспадары, Хількевічы: гаспадыня ў доўгай цёмнай спадніцы, белым фартуху, у шэрай блузцы i белай хусцінцы, а гаспадар у валенках, салдацкім галіфэ i ў белай вышыванай кашулі.
Соня, як бачыў, з цікавасцю агледжвала ix, іхняе жыллё — абмазаныя глінай i пабеленыя мелам сцены, дашчаную столь, дзе пад бэлькамі тырчэлі кучкі зёлак, нечым падобную на рускую, але з тутэйшымі пераробкамі печ,— i ўсё гэта, мусіць, выклікала ў яе пачуццё навізны. Нібы трапіла ў іншую краіну.
— Вось гэта — Соня, Соф'я Аляксееўна, альбо, па-вашаму, Зося...— усміхнуўся Міхайлаў.— А гэта — цётка Алена i дзядзька Хведар,— ён наўмысна назваў гаспадароў па сялянскаму звычаю, каб зблізіць ix са сваёю нявестай.
Гаспадары падняліся з-за стала, пакланіліся, запрасілі «заходзіць i садзіцца», «быць як дома».
Калі павячэралі (гаспадары падалі на стол вараную бульбу, патэльню сала з яйкамі, міску квашанай капусты, а Соня выклала маскоўскую кілбасу, хлеб, а напаследак, пасля гарбаты, пачаставала кедравымі арэхамі), пагаварылі пра сібірскае i тутэйшае жыццё.
Гаспадары засталіся начаваць тут (гаспадыня — на печы, а гаспадар — на тапчане пры ёй), a Соні i Міхайлаву паслалі ў другой, белай, хаце: ёй — на ложку, на пярыне, а яму — на канапе.
Першая ўладкавалася нанач Соня. Калі неўзабаве зайшоў у спальню i Міхайлаў, яна ляжала ўжо ў цемені на белай падушцы i пад пухавіком.
— Як усё дзіўна i неверагодна, Міша! — прамовіла яго госця, калі нырнуў пад коўдру, пачаў саграваць пасцель i ён.
— Што, Соня?
— Мая паездка, лічы, праз усю Расію, Масква, гэты далёкі, прыфрантавы, а цяпер такі блізкі Мінск, гаспадары... Як дзіўна, да слова, яны гавораць! Я то штосьці разумела, то амаль нічога...
— Яны размаўляюць па-мясцоваму, па-беларуску.
— Ты, бачу, добра ix разумееш.
— Прывык ужо. I ты прывыкнеш хутка, бо тут чыноўнікі размаўляюць па-руску, інтэлігенцыя — яшчэ i па-польску альбо па-беларуску, а просты люд — лічы, толькі па-свойму. A вёскі, апроч жменькі верхняга слою, суцэльна беларускія... Некалі гэтыя беларусы былі адукаваны i культурны народ, займалі пачэснае месца ў супольнай з літоўцамі дзяржаве, але пазней польскія каралі ды нашы цары адзічылі ix... Але i цяпер гэта не суцэльна цёмны, дзікі натоўп, як пра ix часта пішуць. Яны — адмысловыя гаспадары, ад прыроды спакойныя, паважныя i гасцінныя людзі. Цяпер трымаюць на сваіх плячах цэлы фронт...
— Ты i на фронце бываеш? — запытала Соня. Высунула з-пад коўдры галаву i пазірала на яго.
— Па абавязках земскага службоўца...
— Ясна...— усміхнулася. А пасля, пасунуўшыся на край ложка i падклаўшы пад шчаку далонь, папрасіла: — Раскажы, Міша, як ты тут жывеш. Ты так мала пра сябе мне раней расказваў. А тое, што расказваў, відаць, найбольш легенда, усё для канспірацыі.
— Дык з чаго пачаць? Са сваёй калыскі?
— Давай са сваёй калыскі.
— Я, Соня, з Пішпека, з далёкага Туркестана. Маці мая — руская сялянка, а бацька — малдаванін, «яўрэй», як многія лічылі ў Пішпеку, Фрунзэ, альбо Фрунзе...
— Пачакай! — яна ўсхапілася, села, бялеючыся ў цемені белай кашуляй,— Дык ты, можа, той Фрунзе, якога ў свой час прыгаворвалі да пакарання смерцю i якога ратавалі вядомыя людзі?
— Можа, i той...
— Дык колькі ж табе было тады гадоў?! — здзівілася.
— Яшчэ не шмат, Соня. Быў тады зусім малады, прыгожы, дзёрзкі — не тое што цяпер...— пажартаваў.
— Вунь яно што! Дык ты — Фрунзе! Пакутнік-герой, пра якога так з павагай гаварылі ссыльныя i ў нашай далёкай Чыце!
— Які я герой?! Я — летуценнік, які ў юнацтве марыў стаць генералам, ды яшчэ свавольнік. Хоць, як гаварыў адзін мой знаёмы, лепш свавольнік, чым дурань альбо прыстасаванец... Там, у Туркестане, я скончыў гімназію, «обжег» розум марксізмам, адчуў «неосознанное буйство молодой крови», там, як i кожнае новае пакаленне, рана задумауся: як жыць? Што рабіць? Якія мае ідэалы, мэты? Але ясны адказ на гэта знайшоў у 1904-м у Пецярбургу, у політэхнічным інстытуце...
— Сустрэўся, пагаварыў з прафесійнымі рэвалюцыянерамі i пайшоў з імі...— здагадалася, падказала Соня. Легла, паклала шчаку на складзеныя рукі.— Так?